Выбрать главу

— Ты не глытай, як акула. Жуй доўга-доўга, а потым смакчы, як цукерку, і зноў жуй, — павучаў Абдула. Але вучыцца есці так, як Абдула, не было ўжо на чым, мяса скончылася.

— Ты звечара і сядзеў у скверыку?

— Ну! Я цябе чакаў, чакаў у «Трыдакне», бачу ў акно — пайшоў ты на Партовую. «Што такое?» — думаю. Мы ж дамовіліся паабедаць. Я яшчэ не сустракаў чалавека, які б ад гэтага адмовіўся. Я хуценька праглынуў сваё і з тваёй талеркі соус вылізаў. Ага… А тут бачу: нейкія тыпы адарваліся ад акна і на вуліцу, за табою. Я тваё мяса ў паперку загарнуў і таксама выскачыў. Прайшоў трохі і бачу: цябе цап-царап, гоп у машыну, фыр-р-р… Ну, куды ж, думаю, калі не ў паліцыю? І бягом следам.

— І ўсю ноч сядзеў?! — не перастае дзівіцца Янг.

— Я і ляжаў, не толькі сядзеў. Задрамаў быў і спужаўся: а раптам цябе ў гэты час выпусцілі?

— А калі б мяне ўвогуле не выпусцілі — колькі б ты сядзеў?

— Гэтую ноч да канца і яшчэ дзень. Я так рашыў. Я ўсё за вокнамі сачыў, якія свецяцца, хацеў угадаць, у якім ты. Прыкідваў, ці можна залезці, каб выручыць цябе.

— Але, залезеш! Там жа краты на ўсіх вокнах, а знутры пры дзвярах вартавы з пісталетам.

— Во як… А я чакаю і чакаю… Не можа такога быць, думаю, каб дзяцей доўга трымалі… невінаватых. А ты ж бяскрыўдны, як чарапаха. На табе ездзіць можна! Цябе хто захоча, той і абдурыць!

— Не вельмі…— сказаў Янг і пакашляў. Праўду кажа сябар, чыстую праўду. Не прыстасаваны ён да гарадскога жыцця зусім.

— Слухай, а куды гэта мы разагналіся? Я жыву не ў тым баку! — спахапіўся Абдула. — Давай во сюды… — звярнуў у нейкую папярэчную вуліцу. — У мяне ж, я табе казаў, тапчан — во які! — зрабіў тры вялікія крокі.— А ўшырыню — во! — развёў рукі.

Жытло Абдулы было блізка ад праспекта. Зайшлі ў вестыбюль высознага дома, падаліся ў закутак каля лесвіцы. Янг убачыў, што схованка пад першым маршам лесвіцы адгароджана ад вестыбюля сценкаю, устаўлены дзверцы, у іх можна зайсці сагнуўшыся. У верхняй частцы дзвярэй чатырохкутная дзірка — як пацуку пралезці. Стукалі доўга і за ручку тузалі — ніхто не адчыняў.

— Дрыхне, наркаман няшчасны… — уздыхнуў Абдула.

Узяў у кутку мятлу, выламаў цурачку і прасунуў у шчыліну паміж дзвярыма і вушаком, хоць таго вушака і звання не было, падчапіў кручок. Ён упаў, бразнуўшы аб дзверы.

Адчынілі, у твар дыхнула цяжкае, сырое паветра. Абдула працягнуў руку недзе ўправа, пстрыкнуў выключальнікам. Янг убачыў каморку, зробленую некалі для таго. каб хаваць мётлы і вёдры прыбіральшчыцам. Канапа стаяла злева, дзе навісала лесвіца. Побач з канапаю можна было нават стаяць, на гэтым месцы спаў, падкінуўшы цыноўку, худы, як шкілет, стары.

— Завальвайся… — паказаў Абдула на тапчан. — Ага, а ты ўсё зрабіў на дварэ, што трэба? Бо ў нас тут ніякіх туалетаў няма.

Янг на гэта нічога не сказаў.

— А чаму ён спіць доле, а не на тапчане? Вы маглі б і ўдвух памесціцца.

— Маглі б. Але там ён лепш упадабаў: няма куды падаць. Ты лёг? Выключаю… — Абдула ўзяў дзверы на кручок, а тады ўжо выключыў святло. Прабраўся да Янга навобмацак.

— Шкада… Стары ён усё-такі.

— Ды які ён стары? Трыццаць пяць — сорак гадоў. Гэта ён з-за наркотыкаў стаў, як дзед. Усе свае грошы пускае на гераін. Не дзядзька мяне, а я яго ўтрымліваю. Шкада — хворы, няшчасны чалавек… І тапчана шкада, нічога больш у нас няма. Тут хоць над галавою не капае… А так хочацца збегчы куды вочы глядзяць!

— Ты пра мяне ўсё ведаеш, а я пра цябе — не. Дзе твае бацькі падзеліся?

— Бацька рыбаком быў, загінуў у шторм. Нечакана тады шторм наляцеў, многа лодак не вярнулася. А маці ўмудрылася другі раз замуж выйсці, за нейкага гандляра. З'ехала ажно ў Інданезію.

— Ты хто па веры? — пацікавіўся Янг.

— І сам не ведаю. Мо мусульманін? Памятаю, што некалі дзядзька, пакуль не апусціўся, цягаў мяне ў мячэць. Тут, у Свійттаўне, і мячэці ёсць, і буддзійскія храмы, і цэрквы ўсякія.

— Мне ўсё роўна, якое ты веры. Я буду дружыць з табою ўсё жыццё!

— І я з табою, Янг… — Абдула абняў яго. — Я табе братам буду. Нас цяпер трое братоў — ты, я і Радж. От бы пабываць на Раі, з Раджам пазнаёміцца, у дэльфінарый заглянуць! Дэльфіна зблізку паглядзець, пагладзіць.

— Пабываеш! Я думаю перабірацца да Раджа, а калі-небудзь і ты перабярэшся. Я таксама яшчэ не бачыў зблізку дэльфінаў. Радж казаў, яны амаль ручныя, свойскія. А што пад вадою робіцца — як у чароўнай казцы! Я нічога так не хацеў бы, як паплаваць пад вадою. З аквалангам!

— Няма дзіцячых аквалангаў, не разганяйся.

— А не ўсё роўна, дзіцячы ці дарослы? Маску падагнаць можна, а балоны… Нам жа менш трэба паветра, чым даросламу, на тых самых балонах можна і даўжэй прабыць пад вадою, і заплысці глыбей. А ты ведаеш, як я плаваю? Адку-уль! Я лепш за ўсіх малых на Біргусе плаваў і пад вадою магу больш прабыць не дыхаючы.

— Не хваліся вельмі.

— Хочаш — на заклад? Я цябе абганю ўраз.

— Я слаба плаваю, не было калі бегаць на мора.

— А яшчэ ведаеш, пра што я мару? Пабываць з аквалангам на возеры… Ёсць на Горным возера, мы там з Амараю былі, хацелі зямлю знайсці, каб біргусаўцам пасяліцца. І мы такое там бачылі! Толькі ты дай слова, што нікому ні гу-гу!

— Каб мяне акула зжэрла! — пакляўся Абдула.

— Золата ў тым возеры ёсць. Там двое англічан ці амерыканцаў, аднаго Штам зваць, лазілі… Усе рэчачкі і ручаі перапаролі, зямлю настармачылі. Усё прамывалі пароду ў бляшаных рэшатах — кружаць, кружаць, кружаць. Потым тое, што зверху, лягчэйшае, выкідваюць, асадак глядзяць. Так золата шукаюць — Амара казаў.

— Вось гэта штука-а! — Абдула ажно сеў.

— Яны і з дна возера чэрпалі пясок, гравій, глядзелі. Каб нічога не знаходзілі, то столькі б не пароліся… Залаты пясок і самародкі вельмі цяжкія, яны на дно асядаюць. Тыя двое без акваланга плавалі, толькі з маскаю і трубкаю. А вось каб з аквалангам нырнуць!.. Мы пайшлі адтуль з Амараю, а тыя засталіся лазіць.

Абдула часта задыхаў.

— Вось бы нам знайсці па самародку! Абмянялі б на грошы… За золата многа грошай даюць.

— Золата — самыя лепшыя грошы. А што б ты зрабіў з самародкам, каб знайшлі?

— За золата можна знайсці ўрача, бальніцу, дзе наркаманаў вылечваюць. Дзядзьку б на ногі паставіць, тады б я ад яго паехаў… А так — не магу пакінуць старога… І яшчэ: я паступіў бы вучыцца ў коледж.

— І я! Перш за ўсё — вучыцца… Каб потым і на капітана вывучыцца, па ўсіх морах і акіянах плаваць. Увесь свет аб'ехаць! Можна плысці на захад, марак Дуку расказваў, а вярнуцца з усходу… Усё плысці і плысці, і прыплывеш з усходу.

— Я чуў пра гэта. Але не верыцца.

— Праўда-праўда, бо зямля круглая. От глядзі… Дай сюды галаву… От так: паплывём ад левага вока…

— Не выпары, капітан дальняга плавання.

— …ад левага вока паплылі…— Янг заперабіраў пальцамі па галаве Абдулы. — Кругом, кругом… Над адным вухам, над другім… А во ўжо і правае вока, і во — зноў левае. Прыплылі! З другога боку… Зразумеў?

— Ага… Мы будзем сёння спаць ці не?

— А мне і не хочацца. Чаго ты чухаешся, як свіння?

— Ды клапы, мабыць, папрачыналіся, палезлі.

— А што гэта такое? Маскіты?

— Не ве-едаеш клапоў?! Шчаслівы чалавек… Насякомыя такія, рыжыя, пляскаценькія, смярдзючыя. У шчылінах жывуць… А кусачыя — страх!

— Не было на Біргусе клапоў. Хіба што амерыканцы завязуць… Ой, і мяне куснуў! Давай пабяжым дзе-небудзь у сквер, на свежае паветра. На траўку ляжам… А то тут задыхнёмся ўтрох.

— Нічога, нічога… Ты яшчэ не ведаеш, не спазнаў добра, што такое не мець даху над галавою.

Чухаючыся, палеглі. Янг, змораны ўсімі прыгодамі, пачаў драмаць, як Абдула таўхануў пад бок:

— Чуеш? Мы ўсё-такі пабываем на возеры. Паклянёмся давай!

— Клянуся!

— І я клянуся!