Выбрать главу

— Гэта для нас дробязь. Якое заданне — не пытаю. Потым, калі захочаш, раскажаш, — афіцэр схіліўся над сталом, яшчэ бліжэй пасунуў да яго паперку для подпісу.

Пуол дрыжачаю рукою ўзяў ручку… «А хай бы ж папытаў, якое заданне! Хай бы ж!.. Мне ж чалавека трэба забіць… Можа, самому сказаць? Мо яны што прыдумаюць, каб як адкруціцца ад гэтага? Але што яны могуць прыдумаць? І для «Белай змяі» ніякага апраўдання не існуе. Не зраблю — самому смерць…»

Быў момант, калі ўставаў з крэсла, хацеў заенчыць: «Мама-мамачка! Нашто ты мяне нарадзіла на свет?!»

Частка другая

Калі плачуць дэльфіны…

Раздзел першы

1

— Я ёсць італьяно… Ты мяне разумееш? Ты мяне заві сіньёра Тэрэза. Добра? Або донна Тэрэза.

Італьянка не магла памаўчаць і хвіліны. Сыпала і сыпала словамі і ўсё дабівалася ўвагі ад Янга: «Ты мяне разумееш?»

— Ты ніколі не быў у Рома? Не? О, повэра бамбіно, беднае дзіця… Гэта лепшы горад у свеце! Якія там палаццо! Такіх прыгожых дамоў ты не ўбачыш больш нідзе! Ну, чаму ты ўсё маўчыш? Ты такі малінконіко, сумны… Трэба быць оццімісто! У вас тут такая прырода, такі акіян!

Сіньёра Тэрэза на кожным кроку ўсклікала «Ой!» ды «Ой!» — усё з нечага дзівілася. Янг у думках так і празваў яе: «мадам Ой».

— Ой, мамма мія! Дзе ў вас поўдзень? Там?! Ой, дык у вас сонца не туды ідзе! Не злева направа, а справа налева! І яно ў вас… Ну але, трошкі на поўнач, не над самаю галавою!

Янг ішоў уперадзе сіньёры Тэрэзы, нёс на руках яе Тота, чорнага смешнага і калматага сабачку. З-пад доўгіх кудлаў Тота выглядвалі рахманыя і вясёлыя вочкі. За пярэднія лапаткі і грудзі сабачка быў адмыслова забэрсаны раменьчыкам.

Калі Тота адпачыў, Янг накруціў канец раменьчыка на кулак і пусціў сабачку на дол. Пабег Тота, старанна целяпаючы ружовым язычком, дыхаў цяжка: душна! Кожны рог дома, кожны слуп ці пальму ён абнюхваў, задзіраў ножку. Мадам Ой папераджальна ўзнімала палец: не перашкаджай, а то будзе нервовы.

Янг ведаў толькі такіх сабак, якія вадзіліся на Біргусе, і тых валацуг, што бачыў каля храма. А такое дзіва, як Тота, бачыў упершыню. Дый жанчыны такой не бачыў: сукенка белая, празрыстая, плечы зусім голыя, на галаве велізарны белы капялюш, а над капелюшом нібы яшчэ адзін капялюш, толькі ў два разы большы — японскі парасон ад сонца. Парасон сіньёра трымала ў левай руцэ, а ў правай пусты калматы мяшок і вялізную сумку, падобную на кашалёк. А паколькі ў італьянкі не было трэцяй рукі, каб весці Тота, дык яна і наняла Янга адразу, як выйшла з гатэля «Белая архідэя» пагуляць, пазнаёміцца са Свійттаўнам. Янг якраз тады спяшаўся з Абдулою ў порт, сябар абяцаў павучыць яго камерцыі — гандлёвай справе.

«Вызвалішся — прыходзь туды!» — пракрычаў на развітанне Абдула і падміргнуў Янгу: маўляў, не губляйся, ад гэтай цётачкі можна дабіцца неблагога прыварку.

— Янг, чаго ты маўчыш? — перапыніла донна Тэрэза яго ўспаміны. — У цябе ёсць мама?

— Няма.

— Мадонна мія… А падрэ, папа?

— Таксама няма… — уздыхнуў Янг. «Малахольная нейкая… Чаго яна лезе ў душу? Хоча, каб я разроўся на ўсю вуліцу?»

— Ой, ой!.. Я адразу адчула інтуіто, што ў цябе штосьці не так. Бэль бамбіно — прыгожы хлопчык, і такая трагедыя. Дык што, ты так і жывеш адзін?

— Так і жыву. Брат у мяне ёсць, на Раі працуе.

— О, Рай! Вечарам я таксама еду на Рай. Цэлы месяц пабуду ў Раі!

Заходзілі ў чарговы магазін, і сіньёра Тэрэза шырока расплюшчанымі вачыма разглядвала чорныя драўляныя маскі з вышчаранымі зубамі і лупатымі вачыма, прымервала пацеркі: «Караллё! Караллё!», капелюшы з пальмавага лісця. Розных пацерак, у тым ліку з чорнага карала, яна ўжо купіла некалькі. Соўгала ў сумку і бамбукавыя сурвэткі, бліскучыя ракавіны, тырчалі з сумкі і дзве маскі. Прадавец, бачачы, што яна не купіць у яго пацерак, пасунуў да яе цацачны чаравічак. Ціскануў штосьці ў ім, і з чаравічка порстка вытыркнуўся чорцік, дзіка, нібы ў яго балеў ад смеху жывот, зарагатаў, чаравічак задрыгаў, засоўгаўся па прылаўку.

— Мадонна мія! Дзіяволо! Бяру. Колькі каштуе?

Плаціла сіньёра Тэрэза не таргуючыся, і яе, вядома ж, абдурвалі, беручы ўдвайне, а то і ўтрайне. Хутка сумка яе напоўнілася ўсякай непатрэбшчынай.

Дайшлі да базару, і донна Тэрэза стала, нібы аслупянеўшы. Столькі радоў гандлярак! І каля кожнай горы ўсялякай садавіны і дзівосных, нябачаных раней пладоў. Грэйпфруты — як дзіцячыя галовы, гронкі бананаў — як удвух панесці…

— Туцці-фруцці! Туцці-фруцці! — шаптала і ажно дрыжала. Раптам сарвалася з месца: — Коко! Коко! Які вялізазны! Янг, давай пап'ём соку з гэтага какоса, я чула, што гэта вельмі смачна!

Яна выбрала два самыя буйныя і спелыя какосы, падала прадаўцу, каб ускрыў. Але той сказаў, што ў такіх ужо не будзе соку, а цвёрдае ядро, і выбраў сам, спрытна ссек макаўкі, падаў.

А далей пайшло-паехала. Італьянка навальвалася на бананы, сырыя і смажаныя, прыплюшчвала ад смакаты вочы: «Грандзіёзо!» Частавала і Янга: «Прэміё! Прэміё!» Пару какосаў і фунтаў чатыры бананаў запхнула ў мяшок і дала яго несці Янгу. Каштавала яна і папайю, рамбутан, мангіс, дуку, зноў пхала сёе-тое ў мяшок, і той разбухаў і разбухаў. «Табе не цяжка, міленькі?» — пытала кожны раз і тут жа забывалася пра гэта. Спакусіў яе адзін прадавец і дурыянам. Донна Тэрэза, хоць і зморшчыла ад паху нос, адважна грызянула белую мякаць крышаня, смактанула костачку. І застыгла з гідліваю грымасаю, разявіўшы рот і як мага зажмурыўшыся. Сплюнула пад ногі, пачала кіпцямі драпаць язык, выціраць і яго і пальцы хусцінкай, потым шпурнула хусцінку ад сябе. «Ой, коко! Коко!» Янг дагадаўся, прынёс рассечаны малады какос, каб папаласкала ў роце. Вакол іх ужо стаяў рогат: «Сіньёра, трэба з'есці ўвесь плод, тады адчуеце сапраўдны смак!» — «У мяне смачнейшы, купіце яшчэ і ў мяне!» Назбіралася хлапчукоў, гладзілі Тота па галаве, патузвалі за хвосцік. А той хлопец, што даў ёй пакаштаваць дурыяна, разрэзаў яго на кавалкі і са смакам, з найвялікшай асалодай выскрэбваў іх нажом, запіхваў у рот, нібы рабіў жывую рэкламу фантастычнаму плоду.

— Гэта здзек над чалавекам! Нават мой Тота не будзе есці такое паскудства! Гэта маліна з часнаком, перцам і клапамі!

Чым мацней яна абуралася, тым больш рагаталі. Пад гэты рогат яны і адыходзілі.

Не прайшлі і палавіны базару, як у мяшок ужо нельга было нічога ўбіць, а сама сіньёра так накаштавалася ўсякіх «туцці-фруцці», што ёй зусім стала кепска. Аддала Янгу і сумку.

— Аванці, Янг! Уперад! У гатэль! — і часценька зацокала абцасамі.

2

— Ну во… Пока а пока7 і прыйшоў! — пачуў Янг за спінаю голас сіньёры Тэрэзы і ўздрыгнуў. Замлеў ужо, стоячы на санцапёку каля дзвярэй гатэля, а Тота лёг на бок і працягнуў усе чатыры лапы, нібы збіраўся здыхаць. Усярэдзіну, у вестыбюль зайсці з сабакам ён не асмельваўся. — Які ты браво, маладзец! Хадзі ж скоранька! — голас у сіньёры быў ужо весялейшы.

Зайшоў у вестыбюль і адразу працягнуў мадам Ой і сабачы павадок, і сумку, і мяшок.

— О, не, не! У нумар, калі ласка! Я цябе вельмі прашу!

А калі зайшлі ў нумар, дабавіла:

— Грацые, мілы! Вялікі дзякуй! Але ты не пакідай мяне. Мне так сумна адной, я ў вас адчуваю сябе сіратою, як і ты. Я прападу без цябе! І Тота прападзе! Ты толькі паглядзі, як ён сумуе, плача… А к шасці гадзінам мы павінны быць у порце, а палове сёмай цеплаход адпраўляецца на Рай. Я табе ўжо за ўсё разам заплачу. Слухай, а мо ты са мною і на Рай паедзеш? І мне, і Тота так трэба блізкая душа!

— У мяне няма грошай на білет, — адказаў Янг, ледзь прыхаваўшы радасць: няўжо так проста яму ўдасца трапіць на Рай? Ужо нават сёння?!

— Грацые а дзіё! Слава богу, я яшчэ маю чым заплаціць за прыемнасць. А ты для мяне робіш толькі адны прыемнасці. Пабудзеш маім пажам.

вернуться

7

Мала-памалу (італ.).