Выбрать главу

І тут зноў прагучаў стрэл — пальнуў той, што стаяў каля машыннага аддзялення. Адна жанчына, што пачала загадзя здымаць з вуха залатую завушніцу, войкнула і схапілася за руку — з-пад пальцаў забруілася кроў.

— Сядзець смірна! Не варушыцца, пакуль не дойдзе да вас чарга! — пракрычаў вартавы.

Піраты завіхаліся спрытна. У каго не здымаўся пярсцёнак, здзіралі сілком ледзь не са скураю. У аднае цёткі так ірванулі завушніцу, што пацякла па шыі кроў. У мяшкі ляцелі пярсцёнкі, кулоны, калье, крыжыкі з ланцужкамі, браслеты, жамчужныя пацеркі, грошы. Выварочваліся сумкі, нават некаторыя чамаданы, баулы і каробкі, але ў «анучах» доўга не корпаліся, саміх «ануч» не забіралі. І без іх мяшкі напаўняліся хутка. Янг з жахам чакаў набліжэння піратаў, кашалёк ажно пёк у руку.

— Ікск-'юз мі! Міль пардон, мадам! — ад пачцівасці і далікатнасці піратаў беглі па спіне мурашкі.

Янг бачыў толькі вочы, вочы, вочы… Вырачаныя, поўныя страху вочы пасажыраў. Нават усхліпаў больш не чулася, а нейкае паўзадушанае «гмг… гумг…» — баяліся разявіць рот. У многіх былі залатыя зубы ці каронкі — каб хоць не вырвалі!

Сіньёра Тэрэза паздымала з сябе ўпрыгожанні хутка, за што заслужыла здзеклівую падзяку-паклон: «Мерсі баку! Сэнк'ю вэры мач!» Янга пірат сагнаў з месца, думаў што-небудзь схавана пад ім. А пад сабаку паглядзець не здагадаўся!

Яшчэ мінут праз дзесяць патрашыць скончылі, і адусюль пачуліся выкрыкі піратаў: «Усё! Закругляйцеся, чарапахі! Адчальваем!» Потым тупат ног, скрыгат адчэпліваемых крукоў… Густы роў матора чорнага катэра…

Хтосьці запознена закрычаў-залямантаваў:

— Радыё! Хутчэй па радыё перадаць, паліцыю выклікаць!

— Разбіта ўокі-токі, прастрэлена! — адказаў яму другі голас.

З машыннага аддзялення вылез перапалоханы матрос з засохлымі пацёкамі крыві на лбе. Адчыніў капітанскую рубку… Капітана каля штурвала ўжо не было, абсунуўся ўніз.

— Урача трэба! Ці няма сярод вас урача?! — крычаў матрос, вывалакваючы з рубкі цела капітана. «Урача! Урача!» — паўтарылі яго просьбу многія галасы, нават наверсе, на пярэдняй пляцоўцы.

Урач знайшлася — жанчына. Яна хутка спускалася па сходцах з пярэдняй палубы, а за ёю тупацеў тоўсценькі чалавечак, мабыць, муж: «Элен, не трэба! Не хадзі, якая табе справа да ўсяго гэтага? Мо яны яшчэ вернуцца!» Але ўрач ішла ў кармавы салон за матросам, куды той увалок капітана і паклаў на лаўку. Потым жанчына-ўрач, кінуўшы сумку на рукі таўсцяку, моўчкі вытрэсвала на свае далоні духі ці адэкалон, мыла імі рукі. «Раздзеньце яго!» Перад ёю расступіліся, прапускаючы да капітана, і зноў саступіліся людзі. Паглядзець, што яна будзе рабіць параненаму, Янг не змог. Каб хоць сабакі не было на руках!

Матрос выбраўся з натоўпу, стаў да штурвала. Цеплаход набраў хуткасць, лёг на патрэбны курс.

— Янг! Дзе ты, Янг? — спуджана крычала сіньёра Тэрэза, і яму давялося выйсці з-за людзей. — Сядай, міленькі, во сюды! І не хадзі нікуды, а то я звар'яцею! — прыўзняла за шкірку Тота, дастала з-пад яго кашалёк: — Мае дзіямантэ… брылянтэ… залатыя рэчы… Каб крыха, то гэтыя бандзіто зрабілі б мяне жабрачкаю. Вы ўратавалі мяне ад разарэння! — і яна пацалавала Тота ў нос, а Янга ў шчаку… — Нават не верыцца, што ўратаваліся ад смерці…— і яна са спазненнем заплакала-зарыдала.

3

— Ты ж, глядзі, прыходзь назад! Праведай брата, перадай яму маё прывітанне — і вяртайся. Колькі брату гадоў — усяго дваццаць? Як шкада, а мне за трыццаць… Толькі ты пра гэта нікому не гавары, добра? Запомні нумар апартамента — трыста семнаццаць… Гатэль «Марская лілія»… На вось табе на марожанае… — сіньёра Тэрэза дала яму тры долары. — Потым я з табою разлічуся лепш… О, я цябе не пакрыўджу! Я табе зраблю такі падарунак — ты не сніў такога! — мадам Ой спакушала, яна не вельмі верыла, што Янг вернецца да яе. — А рыведэрчы, міленькі!

Першыя, самім заробленыя грошы… Янг адчуў сябе зусім дарослым і самастойным.

Пакуль бег у дэльфінарый, марожанае купляў два разы. Ніколі ў жыцці яго не каштаваў — смаката!

Каго ні пытаў, усе ведалі, як прайсці да дэльфінарыя, усе правільна яму паказвалі. Але дайшоў да варот і ўбачыў, што яны звязаны ланцугом, вісіць замок.

Пастаяў, паглядзеў з сумам праз рашотку на тое, што было на тэрыторыі дэльфінарыя. А бачыў толькі гушчыню кустоў і дрэў — парк. Скрозь лістоту трохі праглядвала круглымі бакамі нейкая не вельмі высокая будыніна з акенцамі-ілюмінатарамі.

І ў гэты час зарыпелі дзверы прахадной, адтуль выйшаў чалавек са стрэльбай за плячыма, яшчэ не вельмі стары.

— Ты каго тут выглядаеш? Зачынена даўно ўсё… Прыходзь раніцаю, — сказаў чалавек.

— Брат тут недзе… Казаў — шукай мяне ў дэльфінарыі… Радж.

— Ах, Ра-адж?! Так бы і сказаў… Няма яго, у горад пайшоў. Ты можаш зайсці, пачакаць, калі хочаш. — Чалавек зайшоў у прахадную, пачаў адмыкаць знадворныя дзверы. — Ну, чаго пераступаеш з нагі на нагу? Баішся мяне?

— Я не баюся, — Янг зайшоў, і чалавек зноў прымкнуў дзверы.

— Я вартаўніком тут… Хочаш — ідзі са мною, я абход тэрыторыі пачынаю рабіць. Заадно і раскажу, што ведаю… Малу мяне зваць, дзядзька Малу. Радж у нас фігу-ура… Во! — паказаў ён вялікі палец. — Не тое што некаторыя… От я, скажам, хто? Просты вартаўнік. А Радж мяне за чалавека лічыць, не так, як некаторыя. Таму і я яго люблю… Ты надоўга да Раджа? Назусім?! А як ты сюды дабраўся? Адзін ці з бацькам?

Давялося збольшага расказаць Малу ўсю сваю гісторыю.

— Ай-яй… А Радж мне нічога ж не гаварыў. Бачу толькі — сумны, вельмі сумны, перажывае ўсё. А не гаворыць!

Хадзілі спачатку па зялёнай зоне, па алеях. То тут, то там трапляліся паўліны — расхаджвалі па дарожках ці лужайках, цягнучы даўжэзныя хвасты, спрабавалі ўзляцець на дрэва. Адзін распусціў хвост — і Янг застыў на месцы. Такога хараства зроду не бачыў.

— Райскія птушкі… Райскія на востраве Рай… — зашаптаў у захапленні.

— Не-е, райскія не такія. У тых пер'е ўсімі колерамі вясёлкі пераліваецца, а найбольш пёрак ружова-аранжава-залацістых. Райскія дзікаватыя, у гушчар шыюцца. Мо пашанцуе, то ўбачыш.

Падышлі да той паўкруглай будыніны, што заўважыў з-за варот. Смешныя, па сценах круглыя вокны, як ілюмінатары на караблі. Заглянуў у адно зблізку і ахнуў: у будынку было наліта да самага верху вады. І чаго там толькі не плавала! І рыбы ўсякіх колераў і памераў, невялікія чарапахі, поўзалі лангусты, пад каменем скурчыўся спрут.

— А чарапахі цінаю зараслі! Водарасці на сабе цягаюць, маскіроўку! — не вытрываў Янг.

— У нас і вялікая чарапаха ёсць, слановая называецца, — сказаў Малу. — Кажуць, ёй сто гадоў.

Бабулька-чарапаха жыла ў загончыку пад фікусам. Упоравень з зямлёю там была ўкапана і ванначка з вадою. Чарапаха сядзела зараз над ванначкай, шырока расставіўшы ногі, і стагнала. Каля яе слязлівых вачэй круціліся мухі. «Бедная!» — пашкадаваў яе Янг.

Цікава, ці такія прыплывалі на іх Біргус адкладваць яйкі? Не раз з другімі хлапчукамі і Натачаю хадзілі з кошыкамі збіраць іх. Месцы кладак лёгка можна было знайсці па няўклюднай маскіроўцы, па слядах, якія пакідаюць чарапахі, зноў карабкаючыся ў мора. Хлопцы ніколі не выграбалі кладкі дашчэнту, бралі толькі па пятнаццаць — дваццаць яек. А іх у кожнай, гаварылі, бывае да сотні штук. Астатнія загрэбвалі пяском, чарцілі крыж — знак, што тут ужо нельга браць. Якія багатыя яечні пяклі ў тыя дні маткі! І самі елі ад пуза, і нават свінням скормлівалі… Калі наставаў час вылуплівацца чарапашанятам, на бераг выходзілі і малыя і старыя, дзяжурылі амаль каля кожнага гнязда, адганялі фрэгатаў, кайраў, чаек, не давалі хапаць малых. Зялёныя, падобныя на жабак, яны выгрэбваліся з-пад пяску і — дай бог ногі! — як мага спяшаліся да прыбою. Нібы самі разумелі, што іх паратунак у вадзе…

— Вось і дайшлі,— перарваў яго ўспаміны Малу. Янгу ўздыхнулася: радзіма, мілая радзіма, ніколі