ўжо не ўдасца яе пабачыць!
— Во, глядзі!.. Гэта трыбуны, чалавек дзвесце пяцьдзесят — трыста змяшчаецца… А гэта сам басейн… А во і дэльфіны плывуць, убачылі нас…
Янг не верыў сваім вачам: во гэтыя шэра-сінія сыценькія целы і ёсць самыя сапраўдныя дэльфіны?! І гэтак блізка?!
— Дзюбы павысоўвалі з вады, разглядаюць нас! Ха-ха, на борцік галовы кладуць! А яны выскачыць не могуць? — прысеў каля бетоннага бар'ера Янг, працягнуў пад чырвона-жоўтыя парэнчы руку, каб дастаць да дэльфіна.
— Яны толькі вунь на той памост выскокваюць, пад вышкай. Гэта ўваходзіць у праграму прадстаўлення. Загадае Судзір, пакажа рукою — выскокваюць, кладуцца, як дровы.
— А яны не кусаюцца? Столькі зубоў вострых, і ўсе аднолькавыя, жавальных няма.
— Не кусаюцца, можаш пачапаць за рострум, пагладзіць.
— У іх дзюбы таксама скураю абцягнуты, не голыя! А цела якое гладзенькае, як шліфаванае! І халоднае, а не цёплае! А Радж казаў — цеплакроўныя жывёліны.
— Цёплыя. Але дамацайся паспрабуй да цяпла, на іх тлушчу, як на свінні.
— Вой, і маленькі ёсць! Во, во, смяецца нам! Як дзіця скрозь сон смяецца. А з вачэй вада цурчыць… Можа, ён гэтак плача?
— Ніхто не ведае, калі яны смяюцца, калі плачуць. А гэтага малога Бобі зваць. Была яшчэ малышка, Джэйн, — загінула. Адыдзем, а то яшчэ заўважыць Судзір, звягі не абярэшся. Не любіць ён, калі хто пабочны забаўляецца з дэльфінамі. Тут ён яшчэ сёння… Во, чуеш? Гамана ў «рэзідэнцыі».
Абыходзілі паўз трыбуны басейн, а Янг разглядаў дом на тым беразе. Дзіўны дом, ёсць толькі тарцовая сцяна, а бакавых амаль няма, стромыя скаты страхі пад ружовым шыферам пачынаюцца зусім нізка ад зямлі. На скатах страхі на другім паверсе тырчаць, як сабачыя будкі, вокны.
— Вунь там Радж жыве, збоку, дзе сярэднія дзверы, — паказаў Малу. — Там такая камора-склад, у каморы ён і жыве. — Памаўчаў і дадаў: — Судзір нешта доўга сёння тут…
І толькі паспеў ён гэта прагаварыць, як расчыніліся дзверы пад вышкаю. Да ніжняга памоста, на які выскокваюць дэльфіны, выйшаў еўрапеец у сіняватай шапцы з доўгім казырком, следам — Судзір. Ён быў на галаву ніжэйшы за белага, смуглясты і кашчавы.
Штосьці ўздрыгнула ў грудзях Янга. У высокім мажным чалавеку ён пазнаў Піта. Таго самага Піта, што лазіў з напарнікам на возеры Горнага вострава, шукаў золата.
— Ты чаго сцяўся? Судзір не бачыў, як ты гладзіў дэльфінаў, не бойся.
— Я… так… А куды ў горад пайшоў Радж? Малу не паспеў нічога сказаць, бо ў гэты час яго голасна аклікнуў Судзір:
— Гэй, ты! Выпусці містэра Уілсана.
Малу не спадабалася гэта «Гэй, ты!», як быццам у яго не было імя. Уздыхнуў.
— Янг, ты гэта… Можаш пачакаць Раджа тут, а не, дык хадзі са мною. Чаем пачастую… Ты піў калі-небудзь сапраўдны чай? — гаварыў гэта і чакаў, пакуль містэр Піт Уілсан перадыбае сваімі доўгімі хадулямі мосцік.
— Радж не казаў, куды пойдзе? — нанава папытаў Янг, а на прапанову вартаўніка нічога не сказаў.
— Недзе ў рэстаране ці ў бары твой Радж. Да яго зямляк заходзіў. З земляком пайшлі.
— А хто… зямляк? Не называлі яго?
— Чаму ж не… Знаёміў мяне: Пуол ці як яго…
— Пуо-о-ол?! Сюды дапяў ужо? — Янга нібы па галаве чым стукнулі.
Ён кінуўся цераз кусты да плота. Пакарабкаўся на яго спрытна, як малпа. Міг — і быў ужо на тым баку.
Нешта крычаў наўздагон Малу, але Янгу было не да яго.
Пуол. Паскуднік і гад, ён жа не проста так перабраўся сюды. Штосьці ўжо надумаў, Янг нутром адчуў, што над братам навісла небяспека. Якая? Ды якая ні была, а Раджа трэба папярэдзіць. Толькі куды спачатку кінуцца?
Раздзел другі
1
Не кожны рыбак, хто ў мокрых штанах. Пуол пераконваўся ў гэтым чым далей, тым больш. Які ён дурны, які наіўны! Хацеў з тэніскаю заявіцца ў дэльфінарый, да Раджа, паказаць яму, ненарокам спытаць — ці не ведае чыя? Ён жа ўсіх супрацоўнікаў там ведае. Радж Сінх… Радж Сінх… «Р.С.», «R.S.». Магла і яму тэніска належаць. Не раз бачыў на ім такую — з эмблемаю дэльфінарыя… «Праклятая, праклятая, праклятая…» — ажно зубамі скрыгатаў. Тэніска ўжо так пякла ў жывот, што было не вытрымаць.
Ледзь паліцэйскія высадзілі яго ў порце Рая і нават памахалі здзекліва на развітанне, накіраваўся да перапоўненай смеццем бочкі з-пад бензіну, ад якое патыхала смуродам. Распужаў плойму катоў, азірнуўся па баках і сунуў тэніску пад смецце.
«Нельга Раджу паказваць. Адразу падазрэнне будзе, насцярожыцца: «Адкуль яна ў цябе? Хто перадаў?» Я ж не магу сказаць, што «Белая змяя» дала. А што сам знайшоў, не паверыць…»
«У дэльфінарыі не адзін Радж працуе. Ініцыялы могуць супасці поўнасцю. Скажам, які Сулейман Радха ці Радхакрышна. Ці яшчэ як… Укакошыш абы-каго, а заданне так і застанецца нявыкананым. Тады літасці ад Чжана не чакай…»
«Каб як пачаць гаворку на гэтую тэму… пра тэніску. Выпытаць, ці не губляў хто… І пры якіх абставінах здарылася…»
«Запрашу Раджа ў які рэстаран, напаю. У п'янага можна што хочаш выпытаць. Ну, а калі выявіцца, што яго тэніска? Як падняць руку… забіць? Разам раслі, хадзілі разам… Дый зброі ў мяне ніякай няма, нават нож-складанец адабралі… Каб дзе ісці па якім пустыры, цёмначы… І каменем — трах! Але ж не такі Радж прасцячок, каб завесці яго абы-куды… Напаіць, напаіць пад завязку! З п'яным лягчэй справіцца. Яго і ўтапіць можна. Скажу, хадзем купацца, астудзіцца трэба пасля рэстарана. І… Хто дакажа потым, памаглі ўтапіцца ці сам утапіўся. А можна і сварку ўсчаць, напіўшыся, прыдрацца да чаго, раззлаваць яго. І… бутэлькай па кумпале! П'яная бойка, з кім не бывае. Калі і схопіць паліцыя — выручаць… свайго. Той афіцэр выручыць… Скажу: пазваніце па тэлефоне 11-00-22, а то будзеце мець непрыемнасці… А як прозвішча афіцэра? Во боўдзіла, нават прозвішча не спытаў. Хаця ён мог і не сказаць яго».
Дапытаўся, дзе той дэльфінарый. Купіў білет на апошняе прадстаўленне. Перад пачаткам хадзіў па тэрыторыі, разглядаў малы басейн з рыбамі і чарапахамі — і не бачыў таго, што разглядаў.
Накіраваўся да трыбун галоўнай арэны. Хадзіў там, пазіраў у бакі, прыглядваўся да тых, хто падыходзіў і займаў сваё месца. Яму здавалася, што сярод гледачоў ёсць паліцэйскі агент, сочыць за ім. А што ёсць людзі ад «Белай змяі», то абавязкова. Бачыў худзенькага, нібы заморанага, хлопца па той бок басейна, прынёс латок з парэзанымі тунцамі, паставіў каля паласатага памоста на тым беразе. Дэльфіны адразу завірылі, заплюхалі каля таго месца, палезлі галовамі на борт басейна, чакаючы падачкі. «Як сабакі галодныя…» — падумаў Пуол. Наблізіўся да гарбатага мосціка з таўставатых бамбучын, перакінутага аркай цераз ваду. Уваход на яго быў загароджаны нізенькімі, у калена, на ўсю шырыню мосціка варотцамі. Міма прайшоў невысокі чалавек з «дыпламатам», пекануў па Пуолу чорнымі пранізлівымі вачыма, ажно захалодала пад лыжачкай. Адчыніў варотцы рыўком, як гаспадар, тут жа і зачыніў за сабою. Хутка схаваўся ў дзвярах пад вышкаю. За каналам у кустах прамільгнуў яшчэ адзін чалавек, але ён быў не падобны на Раджа.
Не з'явіўся Радж і ў час прадстаўлення з дэльфінамі. Прыслугоўваў чалавеку з пранізлівымі вачыма той хударлявы хлапчына.
Сядзеў Пуол і больш цікаваў за публікай, чым глядзеў на дэльфінаў. Зайздросціў ён гэтым багацеям-турыстам лютай зайздрасцю. Не мог Пуол гэтак бесклапотна, як яны, захапляцца ўсякімі «штучкамі» дэльфінаў, пляскаць у ладкі, нібы якім артыстам.
Было не ўседзець, быццам пад штанамі тырчалі вострыя ракушкі ці хто падтыкаў яго знізу ліянаваю калючкаю. Яму хацелася ўвесь час азірацца, улавіць знянацку хоць адзін з тых позіркаў, што калолі патыліцу. Але не ўлавіў ні разу. Гледачам было не да яго, гледачоў займалі толькі дэльфіны.
Ледзь толькі дрэсіроўшчык раздаў сувеніры, выкрыкваючы нумары раду і месцаў. Пуол ускочыў, заспяшаўся. Наступаючы людзям на пяткі, абышоў басейн.
— Эй, дружа! Падыдзі сюды! — паклікаў худога хлапчыну, а сам пачаў адчыняць чырвоныя варотцы на мосцік.