Выбрать главу

— Сюды нельга. Што вы хацелі? — хлопец, падышоўшы, зачыніў варотцы, узяў на зашчапку.

— Як цябе завуць?

— А вас?

— Ты мне яшчэ свайго імя не сказаў, а ўжо…

— Гуга. А што?

— Вельмі прыгожае імя. Раджа мне трэба пабачыць. Землякі мы, сябры.

— Ён яшчэ не хутка будзе. Палез пад ваду з турыстамі.

— Як гэта… пад ваду?

— Ну як — з аквалангам.

— Шкада… А ты што тут парабляеш?

— Хапае чаго, — Гуга памкнуўся ісці.

— Пачакай! Дзе можна дастаць такую тэніску з эмблемаю, як у цябе?

— Анідзе. Гэта нам містэр Крафт выдае як фірменнае адзенне. Будзеце тут працаваць, дасць і вам.

— Ды не выкай ты! Мы ж амаль аднагодкі… А што, тут ёсць месца свабоднае?

— Каб жа было!

— А многа тут людзей працуе?

— Колькі трэба.

— А ці ёсць у каго па дзве, па тры такія тэніскі?

— Можа, і ёсць, калі не знасіў.

— А ў цябе? Ты не прадасі мне?

— Няма ў мяне. От прыстаў! Ідзі, прадстаўленне закончылася!

— Я не прыстаў. Ты можаш мне нараіць, да каго звярнуцца? Каб тэніску купіць… Ну, аднаго я ўжо ведаю — Радж Сінх. Нават двух — і цябе…

— Ну — Судзір яшчэ. Судзір Рам. Потым…

— Гу-га-а! — пачуўся з-пад вышкі зычны, бы металёвы голас. — Мярзотнік, дзе ты прапаў?

— Судзір заве… — прашаптаў збялелымі губамі Гуга.

Пабег ён на голас, а Пуол пастаяў, адчуваючы слабасць у руках і нагах. «Судзір Рам… Рам Судзір… Гэта ж такія самыя ініцыялы — «Р.С.», «R.S». Вось табе і знайшоў… А што, калі гэты «R.S.» не Радж, а Судзір? Ці, можа, нават хто трэці-чацвёрты ёсць?» І зноў пахаладала пад лыжачкай, успомніўся яго змяіны погляд. Не, з ім не хацеў бы мець справу.

«Сволачы! Усе сволачы! Даяце заданне, то давалі б і чым яго выконваць! Далі б пісталет, то я з-за вугла тут усіх бы перастраляў… Быць не можа, папаўся б і той, хто трэба! І, галоўнае, здалёк забіваць не страшна — усё роўна, як і не ты…»

Пайшоў пабадзяцца па горадзе, каб вярнуцца гадзіны праз дзве.

Рай яму падабаўся больш, чым Свійттаўн. Столькі люду бесклапотнага, з разяўленымі ратамі! Не будзеш сам разявакам, то можна і добра пажывіцца. І ён зазірнуў у бумажнік, які паспеў выцягнуць з задняй кішэні шортаў аднаго турыста. Ого! Пад сотню долараў… І нейкія дакументы ў другой кішэньцы.

Падыходзіў зноў да дэльфінарыя і адчуваў не шчасце ўдачы, а знаёмы халадок пад грудзьмі. «На чорта ён зачапіў таго Гугу, палез з роспытамі пра тэніскі. Мо збегаў да Раджа… Ці да той змяі… Распляскаў усё. Радж будзе ўжо насцярожаны. Як з ім павесці сябе спачатку, пра што гаварыць?»

2

Першы, каго ўбачыў Радж, выдыбаўшы з вады на мыс Кіпцюра, быў Гуга. Хлапчына, мабыць, разгубіўся, убачыўшы тры аднолькава адзетыя фігуры ў чорных, з жоўтымі палосамі па баках гідракасцюмах, з аранжавымі балонамі за плячыма. Усе амаль адначасова паўсталі з вады. Завагаўся, да каторага кінуцца? І толькі як Радж сцягнуў з твару маску, падаўся да яго, ухапіўся за акваланг — памагчы зняць, данесці да дэльфінарыя.

— Ты не мне… Во ёй памажы, калі хочацца, — Радж кіўнуў на трэцяга, самага меншага па росту падводнага падарожніка — дзяўчыну. Рукі ў тае былі занятыя, у кожнай трымала па адломку карала, белага і ружовага. Касцюм ёй быў вялікі, і на нагах разбухлі, абвіслі складкі — набрала вады.

Гуга памог дзяўчыне зняць з сябе акваланг, уздзеў рамянямі сабе на левую руку, пачакаў, пакуль Радж адшпіліць і здзярэ з ног ласты. А ў гэты час трэці спадарожнік памог сваёй напарніцы вызваліцца ад ластаў, і ўсе пайшлі да галоўнай арэны. Маладая пара ішла да будынка паперадзе, ногі яны ставілі яшчэ няўпэўнена. Малады чалавек ішоў угнута, не здымаючы акваланга, у руках нёс свае і дзяўчыніны маскі і ласты, палкі з завостранымі металічнымі шпянямі — штокі ад акул. Ішлі ўсе і стоена маўчалі. Раджу была не ў навіну ашаломленасць падводных падарожнікаў. Яны ўсё яшчэ былі думкамі там, у глыбінях мора, не маглі ніяк ачомацца ад таго неверагоднага, што ўбачылі і адчулі пад вадою.

— Душ — першыя дзверы злева, не забылі? — напомніў Радж па-англійску. Маладыя людзі, не азіраючыся, паківалі галовамі ў знак згоды.

— Адкуль яны? — паціху спытаў Гуга, ідучы побач з Раджам.

— Аўстралійцы. Мядовы месяц у падарожжы праводзяць… — гэтак жа паціху адказаў Радж, а ўголас дабавіў па-англійску: — Акваланг пакіньце на лаўцы, касцюмы — у душавой.

— Гууд, — на гэты раз турыст коратка зірнуў на Раджа.

Прайшлі трохі моўчкі, голы пясок скончыўся, пачаліся кусты і дрэвы, ад дарожкі іх аддзялялі дугі з бамбукавых папруцін, уторкнутых у зямлю канцамі.

— Ты ўжо ўсё парабіў? — спытаў Радж, скідаючы акваланг на лаўку каля зеляніны. Такіх лавак стаяла тры, кожная хавалася пад навіссю магнолій, у санцапёк тут было ўтульна.

— Яшчэ дэльфінаў дакарміць трэба і «рэзідэнцыю» Судзіра прыбраць. Вялікім панам стаў, патрабуе, каб кожны дзень пыл выціраў, як і ў кабінеце Крафта… Зачыніўся з нейкім амерыканцам ці англічанінам. Чаркі звінелі…

— Ого! Гэта на яго не падобна.

— Я падмятаў пад вышкаю, дык праганяе. Ці каб не пыліў, ці каб не падслухаў нічога… Ага, ледзь не забыўся: пра цябе зямляк пытаўся. Злез з трыбун, мабыць, глядзеў прадстаўленне… Не спадабаўся ён мне: вочкі бегаюць, як у злодзея, галавою круціць.

— Пуол?!

— Не называўся, а маё імя выпытаў. Усё цікавіўся, хто тут працуе, як завуць. Пытаў, па колькі тэнісак мы маем з эмблемаю, ці можна іх дзе-небудзь купіць.

— Цікавіўся тэніскамі?! От яно што… І хто б мог падумаць!.. Няўжо ён… — здзівіўся ўголас.

— Ты пра што? — у вачах Гугі ўсё-такі адбілася непаразуменне, нават спалох.

— Нічога, нічога… Гэта я, мабыць, стаміўся сёння. Ледзь вытурыў турыстаў на бераг. Паветра канчаецца, а ім усё мала: яшчэ гэта, яшчэ тое, яшчэ сюды во… — Радж расшмаргнуў на грудзях «маланку», расхінуў камзол-рубашку, выставіў рукі: — Памажы зняць.

Гуга сцягваў камзол, і рукавы закасваліся, выварочваліся наверх жоўтым.

— Ніяк не ўяўляю, як касцюм памагае пад вадою. У яго ж усё роўна набіраецца вады.

— Трохі набіраецца. Але тая, што набіраецца, цяплее ад цела, а свежая амаль не паступае. Зусім без касцюма апруцянееш, — сказаў Радж.

— Чым ты мыеш знутры? Я дык парашком… Мо памагчы табе?

— Я сам… Ты аквалангі толькі паразбірай. Не казаў зямляк гэты… ці прыйдзе яшчэ?

— Не казаў. Мабыць, прыйдзе.

Гуга паразнімаў на лаўцы аквалангі, расклаў часткі.

— Ну — дзякую, браце, — Раджу хацелася пабыць аднаму, падумаць над усім. Але Гуга не адыходзіў.

— Ведаеш… — прыцішыў ён голас да шэпту. — Я трохі пачуў, пра што Судзір з тым гаворыць. Пра дэльфінаў гаварылі… Але па-англійску, то я мала зразумеў. Госць штосьці назаве, нейкую лічбу, а Судзір: «Ноў, ноў, ноў…» — і сваю лічбу. Таргуюцца пра нешта… А яшчэ ведаеш, адкуль добра чуваць, што ў «рэзідэнцыі» робіцца? З душавой, адтуль, дзе шафачкі стаяць.

Радж паспеў сказаць: «Ціка-ава!..» — і ўбачыў, што з таго боку да басейна падыходзяць Малу і Пуол, у земляка ў руках нейкі газетны загортак. Гуга прашаптаў: «Той самы…» — і пайшоў да дэльфінаў — дакармліваць.

Радж адшпіліў з правай лыткі ножны з крысам, пачаў хутка скатваць з сябе штаны, прысеў на лаўку. Пакуль Малу і Пуол перабіраліся цераз гарбаты мосцік, ён стаяў ужо ў адных плаўках. Малу падняў руку, вітаючы Раджа, і павярнуў да Гугі.

— Здароў, дружа мой! — нібыта ўзрадаваўся Раджу Пуол, працягнуў руку.

— Здароў,— стрымана падаў руку і Радж, пранікліва зірнуўшы яму ў вочы. Пуол адразу адвёў позірк, паглядзеў на Гугу. І зноў адвярнуўся да Раджа, зрабіў прыветлівы выраз твару.

— Харашыня ў цябе тут. Работка па блату!

— А што ты разумееш у маёй рабоце, што ведаеш пра яе? Нічога… Дык і з вывадамі не спяшайся.