Выбрать главу

— Цішэй гарцуй… А то раней часу разваліш, — сказала маці кволым голасам. Яна і бацька яшчэ не ўставалі, нібы ўраз і назаўсёды страцілі цікавасць да жыцця. — Насячы арэхаў, кінь свінцы, а тады ўжо ляці. Курэй выпусці.

Іх хаціна, як і ўсе ў вёсцы, збудавана на высокіх палях. Пад бамбукавай падлогай-насцілам можна хадзіць угнуўшыся. Тут і загародка для свінкі, і клетка для курэй. Тут і камора, дзе яшчэ ёсць крыха какосавых арэхаў папярэдняга ўраджаю.

Янг працаваў і прыслухоўваўся да таго, пра што перагаворваюцца Ганеш з бацькам. Адзін стаіць каля парога, другі — у дзвярах.

— …дык толку ж няма з зялёных. Сок, малачко… Хіба што бражку рабіць. Дык на бражку ж можна і з самой пальмы соку наспускаць! — гаварыў бацька. — Але ж на ліха яна, і без яе горка!

— А я раю пассякаць арэхі, хоць зялёныя. Усё ж нейкая карысць будзе, — гаварыў Ганеш. — А то можа стацца — не паспеем і такія спажыць. Спляжаць усё бульдозерамі… Я чуў, што сюды, на Біргус, будуць вялікія самалёты садзіцца, караблі ваенныя прыплывуць.

— Божа міласэрны! Такую навалу паслаць…

— Трэба нам усім трымацца разам. Мо прыйдуць амерыканцы ўшчуваць, то будзем у адно гаварыць: мы толькі маліліся, гналі злых духаў. І што Раджа не было з намі, паехаў на Рай. Я ўсім так скажу, папярэджу… (Янг падумаў: «Ну і добра, што сам стараста скажа»)…А салдат першы напаў на нас… І трэба рыхтавацца да пахавання Япа і Раты… — Ганеш пайшоў, пастукваючы кіем.

— Вялікі Вішну! — усхліпнула маці.— Яны ж цэлую ноч ляжалі на беразе. Крабы вочы павыядалі… Як я цяпер буду раджаць? Бома няма, не будзе каму адганяць злых духаў.

— Ты не перажывай… Дасць бог, усё будзе добра, — уздыхнуў бацька.

— А Лі Сунь і сёння пайшоў да амерыканцаў. Павалок мех большы за сябе — ледзь носам зямлю не рыў.

— Гандаль мо наладжвае, чуе — пажывіцца можна, — адказаў бацька.

Янг выбраўся з-пад хаціны.

— Я ўсё зрабіў. Наце вам па яечку… — паклаў у шурпатую бацькаву руку яйкі, знойдзеныя ў курыным гняздзе. — Я пабег!

Галапузікаў, што бегаюць без штонікаў ці трусікаў, Янг не будзе браць у памочнікі. І дзяўчынак не возьме… Хаця адну то і можна было б — Натачу. Яе назвалі так у гонар савецкай дакторкі. Добра, што якраз у той час, як нараджалася Натача, стаяла непадалёку савецкае даследчае судна. І цяпер людзі памятаюць, што над ім развяваліся два сцягі — чырвоны і сіне-белы. Каб не прыехала з судна дакторка, то магло б не быць ні Натачы, ні яе маці, людзі ўжо маліліся Вішну, каб забраў сабе іх душы. Баявітаю расла Натача, спрытнаю. Але Янг не будзе клікаць сёння і яе, у яго чыста мужчынскае заданне.

Перш за ўсё Туна пакліча. Звычайна, калі спадала дзённая спякота і ў вёсцы пачынаўся хоць нейкі рух, Янг будзіў Туна так: падлазіў пад памост яго хаціны і востраю тонкаю патырчакаю соўгаў спадыспаду паміж бамбукавых жэрдак. Янг ведаў, у якім кутку спіць Тун, і звычайна пацэльваў калі не з першага, то з другога разу. А сёння прабраўся Янг… Раз кальнуў, другі…

— Ой, што гэта?! — пачуўся спалоханы мужчынскі ўскрык. Хтосьці падскочыў, хаціна затрэслася, як ад землетрасення: — Нячысты дух! Нячысты дух!

Янг даў лататы з-пад хаты. У тую ж хвіліну пачуўся Тунаў смех:

— Янг, гэта ты? Ха-ха, чуць жывот бацьку не прапароў!

— Я-а… Выходзь хутчэй!

— Чаго ты падхапіўся так рана?

— Даручэнне нам ёсць! Баявое! — І Янг расказаў, што да чаго. Ужо ўдвух памчаліся да Мансура.

Мансурава хаціна стаяла ў той палавіне вёскі, што была бліжэй да лагуны. Знайшлі яго на пальме — ссякаў арэхі. Увесь дол ужо быў укрыты імі, зялёнымі, шурпатымі. Мансур і слухаць не хацеў, што яму выкрыкваюць знізу хлопцы, пакуль не сталі цаляць у яго палкамі, а Янг прыгразіў, што залезе да яго і сцягне за нагу. Памаглі Мансуру сабраць арэхі ў мяшок, завалаклі дахаты. Памаглі і ўгаворваць яго суровага бацьку, бо таму не падабалася, што сын не выканаў яго распараджэння, а ўжо зрываецца недзе бегчы. «Пакупайцеся і бягом назад. Калі праз паўгадзіны не прыйдзеш, можаш увогуле не вяртацца!» — прыгразіў Мансуру бацька.

Пабеглі да лагуны навыперадкі з худым Мансуравым сабакам, арыентаваліся на дзіўныя гукі: там нешта прарэзліва звінела, трашчала і выла.

Выбеглі — і вачам сваім не паверылі: такім незнаёмым стаў бераг! Голы, чужы: упярэкрыжку і ўмітусь, а то і покатам ляжалі ўсе прыбярэжныя пальмы, нібы пранёсся шалёны ўраган. Яшчэ каля двух дрэў завіхаліся двое белых дзядзькоў у шортах. У іх руках і вылі тыя штуковіны, увачавідкі падгрызалі дрэвы. Трэці дзядзька, такі ж незагарэлы і амаль голы, чыкрыжыў ствалы на кавалкі.

— Чаго раты паразяўлялі? Бензапіл не бачылі? Марш адсюль! — закрычаў на іх, нібы ён тут быў гаспадаром, кітаец Лі Сунь.

Хлопцы аглянуліся. Крамнік назносіў пад вялікі банан кучу арэхаў, расклаў там на рагожцы сякі-такі тавар і вёў гандаль. То пільшчыкі, то салдаты, што распакоўвалі скрыні і складалі з металічных частак нейкія механізмы, падыходзілі да Лі Суня, і ён ім ускрываў арэхі, даваў піць сок. Каму не падабалася, тым успорваў бляшанкі з кансерваваным сокам ці півам. Лі Сунь рабіў свой бізнес.

— Чужыя пальмы абабраў! Я пабягу раскажу Ганешу! — Тун гатовы быў сарвацца з месца.

— Чакай, а там што? — спыніў яго Янг.

Каля ўваходу ў лагуну, які вельмі звужвалі рыфы і атольчыкі, нерухома застыў той пантон, што перапраўляў з баржы на бераг машыны і грузы. На ім стаяла і дадахкала прамавугольная глыба на колах. На пантоне завіхалася некалькі чалавек. Штосьці рабілі, штосьці падавалі з пантона ўніз, да вады. Вось на пантон ускараскаўся амаль голы чалавек з ластамі на нагах і аранжавымі балонамі за плячыма. Твару чалавека не было відаць, бліскала толькі шкло маскі. Вось ён сцягнуў маску на лоб, пацерабіў пальцам у вушах…

Пантон сёння быў упрыгожаны рознакаляровымі сцяжкамі — і чорнымі, і чырвонымі, і жоўтымі, і сінімі. Казаў неяк Радж, што калі вядуцца падводныя работы, то выстаўляюць такія сцяжкі.

— Па астраўках падбяромся бліжэй да пантона, разведаем, што яны робяць! — Янг кінуўся ўніз.

Пясок каля вады быў стаптаны — засталіся ўчарашнія сляды людзей. Сям-там валяліся факелы. А дзе ж бома Яп? Дзе старая Рата? Колькі ні ўглядаліся ў той бок, дзе завіхаліся каля скрынь салдаты, трупаў не заўважылі. А мо іх не забілі? Мо яны ўсталі ноччу і цішком вярнуліся дадому?

Імчаліся паласой прыбою, а сабака весела брахаў і стараўся то аднаго, то другога цапнуць за пятку. Дабеглі да мыса і адразу плюхнулі ў ваду — белапеністую, бурлівую ў вузкай пратоцы. Сабака павішчаў, патупаў на беразе і палез асцярожна ў ваду, задзіраючы галаву, паплыў за імі.

Каля апошняга астраўка хвалі былі большыя, усе пенілася і бурліла. Прытаіліся за скаламі, панаглядалі… І зразумелі, што тут людзі сапраўды штосьці робяць пад вадою. Ад той чатырохкутнай машыны на колах клубамі валіў смярдзючы чорны дым. Ад яе ішлі пад ваду чорныя гумавыя шлангі. Раз-пораз да пантона падплываў чалавек з балонамі за плячыма і ў масцы, і яму падавалі зверху то нейкія цяжкія пакеты, то правады.

— Хлопцы! Штосьці так грукоча пад вадою! Так б'е па вушах — аж баліць! — паспеў нырнуць і тут жа выскачыць Мансур.

Спусціліся ў пратоку паміж трэцім і чацвёртым астраўкамі. Янг з Тунам нырнулі і тут жа вынырнулі. Праўда!

— Не вытрываць! Галава расколваецца!

І тут іх заўважылі з пантона: закрычалі, замахалі рукамі, каб выбіраліся з вады і ўвогуле вымяталіся прэч. Але хлопцы толькі заплылі за астравок і зноў пачалі цікаваць са схованак, глядзець, што робіцца на пантоне, каля пантона і рыфаў.

Вось з вады адзін за адным вынырнулі двое ў масках і з балонамі за плячыма. Ім памаглі ўзлезці на пантон, зняць балоны. А маскі пазрывалі яны самі і цяжка дыхалі, размашыста церлі па перакрыўленых, як ад болю, губах, церабілі пальцамі вушы. Сабака нецярпліва павіскваў, хочучы забрахаць на незнаёмых, і яму Мансур заціскаў пысу, прыгінаў да скалы. Рабочыя, што завіхаліся на пантоне, выцягвалі з вады чорныя шлангі, нарэшце завіслі на шлангах нейкія жалезныя штуковіны з вострымі наканечнікамі.

— Мо які клад схавалі, золата?! — у Мансура загарэліся вочы.