Выбрать главу

— Па блату, па блату… Мне б такую работку! Ты б закінуў за мяне слоўца перад містэрам… містэрам… як яго…

— Крафтам… Няма чаго закідваць, бо браць ён нікога не збіраецца. Кажы адразу, што хацеў, бо ў мяне яшчэ многа работы.

— Перастань моршчыцца, як сушаная копра. А мо зубы баляць? Забыў хіба, што мы сябрамі былі?

— Не крывадушнічай. Ніколі мы сябрамі не былі.

— А я да цябе з усёй душою. Заўсёды! Нам і цяпер трэба трымацца адзін аднаго. Хоць і не на Біргусе мы, параскідала нас, як ветрам… Зойдзем давай куды, пасядзім, пагаворым пра жыццё-быццё.

— Разбагацеў?

— Г-гы… І кепскі каваль можа добрую рэч выкаваць, — ён разгарнуў газету і паляпаў бумажнікам па далоні.— Для сябра мне нічога не шкада.

— На крадзеныя я не прывык.

— Фу, якія ў цябе словы нейкія… Проста памог аднаму таўстасуму патраціць грошы. Тут у вас такія магчымасці — у-у-у!.. Дык і ты памажы мне ад гэтых грошай пазбавіцца, а то сілы ў аднаго не хопіць.

«Мяккая ў цябе цыноўка, а спаць — бакі намуляеш», — не верыў Радж у яго добрыя намеры.

— Сядай… — паказаў на лаўку, — і чакай. Мне трэба памыць касцюмы яшчэ, павесіць сушыць. — Радж пайшоў са сваім гідракасцюмам у душавую. Ужо з сярэдзіны праз акенца ў дзвярах убачыў, як Пуол тут жа кінуўся да ножнаў з крысам. «Аг-га…» — мармытнуў Радж. А Пуол выцягнуў кінжал, узважыў у руках, палюбаваўся лязом, з ляскам загнаў на месца, асцярожна паклаў, сеў на лаўку, закінуў нагу на нагу, а рукі ўроскід на спінцы, падбародак угору…

Радж адступіў, прапускаючы аўстралійцаў, якія ўжо і спаласнуліся, і пераадзеліся: «Калі ласка! Няма за што дзякаваць! Надумаецеся яшчэ — прыходзьце, будзем рады!» — нагаварыў на развітанне.

Пуол нецярпліва круціўся на лаўцы. Час ад часу Радж падыходзіў да дзвярэй, каб паглядзець, як ён сябе паводзіць. І бачыў, што нервы ў земляка на ўзводзе: то пстрыкае пальцамі па спінцы лаўкі, то дрыгае нагою, то пахаджвае каля лаўкі: тры крокі ў адзін бок, тры — у другі. Радж пракрычаў з-за дзвярэй: «Ну во, канчаю!»

Радж выйшаў, касцюмы паўскідаў на кусты. Часткі механізмаў і балоны папераносіў да сябе ў камору, параскладваў на паліцах сохнуць, памяняў плаўкі, надзеў святочныя штаны. Хацеў і рубашку надзець святочную, усё-такі давядзецца ісці ў рэстаран ці бар, але раптам усміхнуўся сам сабе і ўсцягнуў на плечы старую тэніску з эмблемаю дэльфінарыя. Тэніска засела крыху на плячах, закасалася, вывернуўся левы бок рубца з вылінялымі літарамі «R.S». Гэтак і пайшоў з сандалетамі ў руках да Пуола.

— Абцягні! — павярнуўся да яго спінаю.

— Ага… Зараз… — Пуол трымцячымі рукамі затузаў ніз тэніскі. Радж пасміхнуўся і пайшоў да душа, каб апаласнуць ад пяску ногі, абуцца. На Пуола нібыта не глядзеў, але краем вока бачыў, які выцягнуты ў яго і сшарэлы твар.

Праз шчыліну дзвярэй з душавой яшчэ раз глянуў на Пуола. Зямляк то садзіўся, то падхопліваўся на ногі, потым сеў, выцер рукою лоб, выдыхнуў паветра на ўсю моц — і раз, і другі, нібы задыхаўся.

«Вось ты і адкрыўся, галубок… Цяпер я ведаю, што ты за пташка…» Але выйшаў Радж з душавой спакойна, знарок яшчэ падышоў да лаўкі: «Ах, забыў!», забраў ножны з крысам, занёс у камору. Выйшаў, замкнуў дзверы.

— Я да вашых паслуг, сэр! — і кінуў у кішэню ключ.

3

Яны ішлі побач. На вуліцы таўклося многа народу, быў любімы курортнікамі час вячэрняга мацыёну, самы разгар работы начных гандляроў. Таму ісці побач было цяжка, часта прахожыя разводзілі іх, нібы клінамі, у бакі. Ні Раджу, ні Пуолу не хацелася апынуцца ззаду ці спераду адзін аднаго. Пуол ажыўлена размахваў рукамі. Абодва былі ненатуральна ўзбуджаныя, і ніхто не мог бы падумаць, што гэта ўжо ішлі два смяртэльныя ворагі. Двубой-паядынак, нібы выбух міны, мог успыхнуць паміж імі кожнае імгненне, і толькі ён мог пакласці канец напружанню.

Пуол гаварыў і гаварыў, а жэстыкуляваў так, нібы адмахваўся ад маскітаў або паказваў каму дарогу ці расштурхоўваў у бакі людзей. І ўсё для таго, каб прытупіць Раджаву пільнасць, каб той расслабіўся, адкінуў свае падазрэнні.

А Радж нават супакоіўся, быў у сканцэнтраванай гатоўнасці нанесці маланкавы ўдар у адказ любым спосабам — нагою, кулаком, рабром далоні, локцем, галавою. Цікаваў краечкам вока за Пуолам: здаецца, у кішэнях у яго нічога няма, вялізны бумажнік нясе загорнутым у падраную газету. А хоць бы і было што, Радж быў упэўнены — з Пуолам справіцца. «Мо хіба толькі якога яду сыпне ў пітво… Давядзецца быць пільным, ад стала не адпускаць. Месца, дзе сесці, выберу сам. Можа, нават у «Лятучую рыбу» завяду… Будзем сядзець, а тут раптам Амара: «Здаровыя былі!» От Пуол закруціцца…»

Ззаду пачуліся свіст, гіканне. Азірнуліся разам: пасярэдзіне вуліцы імчалі два рыкшы, у аднаго каляска двухколавая з аглабелькамі, у другога трохколавая з педалямі. У адной і другой калясцы хісталіся, размахвалі бутэлькамі салдаты-янкі. Той рыкша, што бег пешкі, быў у доўгіх трусах і сандалетах, у другога замест трусоў былі белыя нагавіцы, ён круціў педалі стоячы, басанож, амаль узлёгшы на руль. Амерыканцы і падскоквалі, і гэпалі на сядзенні, задзіраючы ногі, зноў падхопліваліся, крыкам і свістам падбадзёрвалі сваіх «коней» і самі крычалі-гігаталі, як мустангі ў прэрыях. «Хутчэй! Дахляк, хутчэй! Прыз! Прэмія пераможцу!»

Па тратуарах узбоч і следам за каляскамі беглі людзі, цешыліся незвычайным відовішчам, чакалі, чым скончыцца гэтае спаборніцтва. Пуол і Радж, падхопленыя натоўпам, таксама пабеглі. Але ў кожнага былі розныя пачуцці. Пуол сам гатоў быў гікаць і ўлюлюкаць, а Раджа душыў гнеў: «Пацеху наладзілі… Яны ж проста здзекуюцца над намі!.. Няўжо ніхто не бачыць у гэтым знявагі?! О, бечы дурныя, і як яны згадзіліся на гэта?!»

Рыкшы ўляцелі на плошчу, народ сыпануўся ў бакі, каб не трапіць пад колы. Каляскі памчаліся па крузе вакол фантана. У нейкі момант і Радж, і Пуол апынуліся якраз насупраць іх. У таго, хто бег, шлэпаючы сандалетамі, цела блішчала, рукі з аглабелькамі былі падкурчаны і адцягнуты назад, нібы яго пачалі падымаць на дыбе. Вочы вырачаныя, рот разяўлены, ажно, здавалася, матляўся язык. У таго, што з усяе моцы націскаў на педалі, паспадалі да самых локцяў шлейкі бруднай, мокрай ад поту майкі, шчарбаты старэчы рот быў таксама выскалены. У педалях вішчала-енчыла, і здавалася, што каляска вось-вось рассыплецца на часткі, і побач з імі рухне гаспадар. Амаль два поўныя кругі зрабілі рыкшы вакол фантана. Той, што вёз каляску за аглабелькі, пачаў ужо выпярэджваць. І тут здарылася тое, што, мабыць, і павінна было здарыцца: хуткасць па крузе перайшла за крытычную, а мо янкі гайдануўся ўбок. Двухколка перакулілася, амерыканец выпаў, як мяшок з глінаю, дзярнуўшы па асфальце вухам. Рыкша выскачыў з аглабелек, нібы распрэжаны конь ці ішак, і глядзеў спалохана, як круціцца, ніяк не можа спыніцца верхняе кола таратайкі. А веларыкша, каб не натыкнуцца на аглабелькі, ламануў руль да фантана. Здавалася, ён тут жа і назад крутнуў, але было позна: наляцеў заднім колам на борт фантана. Пасажыр плюхнуўся ў ваду…

Хто рагатаў, хто памагаў «купальшчыку» выбрацца з басейна. Вакол абедзвюх калясак стоўпіліся людзі. Амерыканец з абадраным вухам біў свайго рыкшу, крывяніў яму твар. Людзі ўжо хапалі янкі за рукі, але амерыканец роў, як бізон, адмахваўся ад усіх: «Не падыхо-о-одзь!»

Радж расштурхаў людзей, прабіўся да амерыканца. Пуол не скмеціў з-за спін, якія маланкавыя рухі зрабіў ён, але янкі ўраз асеў пад ногі людзей.

— Вяжыце!.. Рукі вяжыце! — крычаў Радж.

І, мабыць, знайшлося чым вязаць, знайшлося каму. Бо калі падбеглі туды паліцэйскія, свішчучы ў свісткі, янкі ўжо ляжаў са звязанымі за спінаю рукамі разадраным вухам угору. Качаў галаву па асфальце, скрыгатаў зубамі:

— Пекла хачу-у! Пе-екла! К чорту ваш рай! Пе-е-екла!

Радж сам знайшоў Пуола, як толькі выбраўся з натоўпу.

— Хадзем… Зараз тут пачнуць распытваць, запісваць, хай разбіраюцца… Пасажыры, мабыць, з тых ваякаў, што высадзіліся на Біргусе… Думаюць, што ў нас скрозь джунглі і ўсё дазволена. У-ух! — Радж з сілаю сцяў зубы, тузануліся на шчоках жаўлакі.