Выбрать главу

— А што — спадабалася? — зрабіў нявінны твар Радж. Глядзеў на пераноссе Пуола, а бакавым зрокам бачыў, што за суседнім сталом таўстун з жонкаю зноў шэпчуцца. Жанчына ўстала, хутка пакрочыла да выхаду.

«Аг-га… Пуол зараз пажне тое, што пасеяў… Бумажнік апазналі…» — Радж трохі нават усцешыўся: дурная галава сама шукае гуза.

«Што рабіць! Могуць палічыць за саўдзельніка крадзяжу… Чакаць развязкі ці прыдумаць якую прычыну пакінуць Пуола? Але тады можа падумаць, што я збаяўся яго».

Устаў, накіраваўся да акна, сам адшчапіў, таўхануў на двор створкі. Вяртаючыся, падумаў: «Мо пашукаць Амару ці запрасіць каго на танец?» Ні размаўляць, ні сядзець з Пуолам за сталом не хацелася. Але аркестр змоўк.

Пуолу таксама не сядзелася.

— Кінь забаўку з «Марціні». Хоць разок во гэтага… — пацягнуўся са штофам да келіха Раджа. Лінуў, Радж не паспеў адхапіць чарку. — Хо-хо! Кактэйль «Белы мядзведзь»… Я і сабе такі зраблю… — Пуол узяў у абедзве рукі па штофу, лінуў у свой келіх з аднаго і з другога. І не паспеў паставіць штофы на абрус, як за яго спінаю выраслі двое паліцэйскіх — незаўважна зайшлі паўз сцяну ад акна. Пуол убачыў, як чужая рука пацягнулася да бумажніка, — і сам цапнуў за кашалёк. — Вы што?! — падхапіўся. Але другі паліцэйскі націснуў рукою на плячо:

— Сядзі, малады чалавек!

— Гэты кашалёк — ваш? — спытаў першы паліцэйскі, адтапырваючы тоўстую губу.

— А чый жа яшчэ! — зноў хацеў усхапіцца Пуол, і другі паліцэйскі зноў ціскануў яму на плячо.

А да стала падсунуліся ўжо ўшчыльную, ледзь жыватамі не ўзлеглі тоўстыя мужчына і жанчына.

— Хлус ён! Гэта злодзей!

— Ага! У мужа майго кашалёк выцягнуў!

— Пералічыце, што было ў кашальку, — звярнуўся да таўстуна паліцэйскі.

Той назваў спачатку, колькі было грошай. «Але іх столькі можа ўжо і не быць!» — дабавіў, спахапіўшыся. Назваў, якія дакументы прапалі разам з кашальком, на чыё імя выпісаны. «Іх таксама можа не быць, мо выкінуў дзе ў сметніцу!» — пакуль гэта таўстун дабаўляў, жанчына працягнула рукі да Пуолавай чупрыны, учаперылася за валасы: «Зладзюган! Мафіёзі!» Паліцэйскаму, што стаяў ззаду Пуола, давялося ўжо абараняць яго, рашчэпліваць пальцы жанчыны: «Ма-да-а-ам! Мадам!» Таўстагубы паліцэйскі між тым патрашыў кашалёк над сталом і раскладваў тое, што было ў ім. Таўстун ускрыкваў: «Пашпарт цэлы! І вадзіцельскія правы!.. І білеты на авіён… І страхавы поліс! І чэкавая кніжка!» Ён і рукі працягваў да таго, што раскладвалася, але адхопліваў, нібы апякаўся ці баяўся пакінуць адбіткі пальцаў, і ўсё выціраў мокры лоб і залысіны вялікаю клятчатаю насоўкаю.

— Ну во… І чорт з ім! Адпусціце! — гаварыў паліцэйскаму.

— Не пускайце! — ледзь не вішчала жонка. — Гэта адна шайка! Заадно яны! — паказвала і на Раджа.

— Пройдземце, панове, у паліцэйскі ўчастак. І вы таксама з намі! — загадаў Раджу першы паліцэйскі.

Радж устаў, прыкідваючы, колькі каштуе зроблены ім заказ, выняў грошы. Паліцэйскі паспешліва сабраў са стала ўсё, што нараскладваў з кашалька. І тут ад акна пачуўся звонкі хлапчукоўскі голас:

— Раджа не чапайце! Радж ні ў чым не вінаваты! — Янг скокнуў з падаконніка, падбег да стала.

— Ты?! — ажно сумеўся Радж.

— Дзядзечкі, ён невінаваты! — затузаў паліцэйскіх за рукавы. — Пуола бярыце! Ён — гад!

Вакол іх ужо сабраўся натоўп. Нерваваўся, тупаў адміністратар, парываючыся нешта сказаць.

Пуол затраўлена азіраўся, уцінаў галаву ў плечы:

— Сам ты гадзяня… Папомніш ты яшчэ мяне!

— Янг, ты — ідзі! Без цябе разбяруцца… У дэльфінарыі мяне будзеш шукаць… Ідзі! — Радж паспеў абняць Янга і адштурхнуць ад стала.

Таўстагубы паліцэйскі, аднак, разважыў інакш:

— Хлопчык, і ты з намі пойдзеш. Да выяснення ўсіх акалічнасцей.

— Правільна! — лезла пад рукі таўстуха. — Усіх! Пад корань! Выпусціце, а яны нас укакошаць!

Пакуль выходзілі, Радж супакойліва пагладжваў па Янгавых плячах. Калі спрабаваў штосьці сказаць, таўстагубы загадваў маўчаць.

Услед ім грымела вясёлая музыка.

Раздзел трэці

1

Ніхто не чакаў, што будзе ўраган, бо час зімовых цыклонаў і няспынных штормаў скончыўся ў лістападзе.

Янг, адпушчаны з паліцэйскага участка, ішоў да гатэля, а лісце пальмаў трывожна шаргацела, па вуліцах насіліся віхуры. Амаль не чуваць было начных птушак і цыкад. Дыхаць было цяжка, паветра згусцілася да таго, што яго, здавалася, можна было мацаць у пальцах. Шпіль на вежы аднаго дома блакітна свяціўся. У прамежках паміж дамамі на гарызонце няспынна ўспыхвалі зарніцы.

І ўсё-такі, нягледзячы на ўдушлівую атмасферу і ўсе перажыванні, Янг паспеў заснуць. Побач з яго канапаю ў гасцінай нумара сіньёры Тэрэзы ляжаў Тота. Сабачка доўга непакоіўся, і Янг усё пагладжваў яго ды так і заснуў, звесіўшы руку ў сабачыя лохмы. Прачнуўся ад моцнага ўдару грому, нават заплюшчаныя вочы слеплі ад маланак. Тота павіскваў і лізаў яго руку. Скрозь роў і выццё ветру, звон шыб у вокнах, плёскат і шум ліўня чуваць былі рокат вадзяных валаў на пляжы, гарматныя ўдары хваль у раёне прыстані, трэск дрэў у прысадах.

— Мадонна мія, матэр дэі…— гучна малілася ў спальні донна Тэрэза. — Янг, хлопчык мой, — ты тут? — выкрыквала яна паміж словамі малітвы.

— Тут, тут, — адгукнуўся Янг.

— Хадзі да мяне, а то я баюся.

«От яшчэ не хапала! Навязалася на маю галаву…» — Янг нехаця прайшоў у спальню.

— Уключы святло!

Янг пстрыкнуў уключальнікам — святло не загарэлася. Вярнуўся ў гасціную і там пстрыкнуў. Няма! Ці што сапсавалася, ці падстанцыя адключыла ток.

— Не гарыць, — зайшоў зноў, стаў каля дзвярэй.

— Божа, божа… Канец свету, няйначай. І часта ў вас такія страхі?

— Часта.

— Ляж са мною, а?

Добра, што не ўключылася святло. Але і пры маланках донна Тэрэза, каб не заплюшчвалася ад страху, магла б убачыць, як счырванеў Янг.

— Не-а! — крутнуў галавою. — Мо Тота вам пакласці?

— Пакладзі!

Янг адступіў яшчэ на крок, лёг на пласцікавую падлогу — яна здалася халоднаю.

— Ты тут, Янг?! — спалохана ўсклікнула сіньёра.

— Тут, не бойцеся.

Парывы ветру не змяншаліся, у акне спальні гуло і свістала, аж енчыла, у шыбы то хлісталі патокі вады, то барабанілі буйныя кроплі. Раўлі на пляжы ў рыфах вадзяныя валы. Але маланак і грому, здаецца, паменшала, навальнічны фронт адкаціўся далей, недзе пад Біргус.

Задрамаў яшчэ разоў два ці тры, і штосьці вярзлося ў сне пачварнае. На досвітку і добра заснуў, але яго разбудзіў Тота: пачаў скуголіць, лізаць рукі, прасіцца на двор. Сіньёра Тэрэза спала як забітая.

— Ну, хадзем, хадзем… — неахвотна ўстаў Янг, адамкнуў дзверы.

У калідоры пад шклянымі накрыўкамі гарэлі на столі смешныя, з трубак, лямпы, свяцілі блакітнаватым святлом. Каля кожных дзвярэй стаяў, як на парадзе, абутак — па некалькі пар. Усе туфлі зіхацелі і былі павернуты наскамі да сцяны. У нумарах хто спаў, а хто і не спаў, а невідочны чысцільшчык рабіў сваю справу ўсю ноч.

На дварэ было свежа, дыхалася лёгка. Асфальт каля «Марской ліліі» быў увесь наздраваты: курортніцы папратыкалі вострымі абцасамі туфляў. Вялізныя лужыны на асфальце курыліся, нібы хто паналіваў вару. Мірыяды сонейкаў успыхвалі ў лісці дрэў, гушчэча прысадаў была зацягнута туманам. У дворнікаў было клопату хоць адбаўляй: сцягвалі ў кучы галіны, зграбалі абламанае сучча, збітае лісце, загружалі ў тачкі.

Янг памчаў з сабакам навыперадкі, распырскваючы лужы, аж пакуль не забег на пляж. Мора яшчэ было неспакойнае: па той бок рыфаў валамі ўспухвалі мутна-зялёныя хвалі, грэбні іх дыбіліся ўсё вышэй, кучаравіліся пенай, абвальваліся, з грукатам разбіваліся аб рыфы. Па гэты бок рыфаў усё было белае ад пены, вірыла і клекатала.

Янг пабег к дэльфінарыю. Тота ўжо ачуняў ад ночы і зусім развесяліўся, з брэхам рабіў кругі вакол яго ці, дагнаўшы, стараўся цапнуць за лытку. Янг па звычцы глядзеў пад ногі — мо што трапіцца? І трапілася: з абшарпанымі шкельцамі дымчастыя акуляры, некалькі манет — цэленькіх, не сцёртых, іх можна будзе пусціць у абарот. Сунуў акуляры за пазуху, азірнуўся. Эх-ха, каб хоць паўдня пабегаць па пляжы, можна было б нашукаць грошай да халеры! Але, мабыць, прыбіральшчыкі самі ўжо аббегалі не раз.