Выбрать главу

— Бобі, Бобі, малышок ты мой… — ласкава шаптаў Янг, хацеў, каб дэльфіня глядзела на яго.

Бобі нібы паслухаўся, наблізіўся да самага борта, усклаў галаву падбародкам на кант. «Скір-р-р, трын-н-н, трын-н», — паглядзеў у самыя вочы Янга, штосьці папытаў. І быццам зразумеў, што кантакту не адбудзецца, зноў утаропіўся ў Тота, заўсміхаўся на ўвесь рот. Тое калматае і чорнае, што борсалася ў Янгавых руках, цікавіла больш — нібы дзіця новая цацка. Вочы дэльфіняці, здавалася, ажно ўмольвалі: пусці, дай гэтае калматае стварэнне, пагуляць, пазабаўляцца з ім у вадзе.

Янг упёрся каленямі ў бетонны борт, прысеў. Сабачку падсунуў пад чырвона-жоўтую парэнчу — нюхайцеся, знаёмцеся. Бобі шырока разявіў рот, поўны вады. Доўгія рады белых і вострых зубоў здаліся Тота вельмі страшнымі. Завішчаў, задрыгаў лапамі і хвастом: падумаў, што Янг хоча сунуць яго ў гэтыя страшныя зубы. І тады Бобі лінуў вадою з рота на сабачку — як з конаўкі! Ад такое нечаканасці спужаўся не толькі Тота, але і Янг — адхапіў сабачку, адскочыў сам.

— Ха-га-га! — выбухнуў рогат на лаўках. З трыбун даўно ўжо сачылі за Янгам і сабачкам.

Гледачы, якія ўладкаваліся раней, нецярпліва разглядвалі басейн і тое, што ў ім робіцца. «Вунь адзін! А вунь яшчэ два!» — захоплена выгуквалі то там, то тут, заўважаючы дэльфінаў. Дзеці пляскалі ў ладкі ад радасці.

Вось ужо трыбуны запоўніліся цалкам. Недзе на вышцы азваўся невідочны рэпрадуктар, палілася чароўная музыка. З-за дома выйшаў з тазікам нарэзанай рыбы Гуга, паставіў яго каля ніжняга памоста. Мужчынскі голас па-англійску, а потым па-французску і па-іспанску штосьці расказаў пра дэльфінаў. Пасля ў рэпрадуктары шчоўкнула, і зноў палілася ціхая музыка. Пад вышкаю — насцеж, рэзка — расчыніліся дзверы. Паўстаў чалавек, захутаны ў шырачэзны чорны плашч па самы нос. Зрабіў некалькі крокаў да басейна і зноў велічна замёр. Замаруджаным жэстам, нібы які факір, скінуў плашч з плячэй. Не азіраючыся назад, шпурнуў яго. На той момант ззаду апынуўся Гуга, злавіў плашч на ляту і тут жа знік з ім у дзвярах. Чалавек застаўся ў чорным і гладкім, ажно блішчаў, гідракасцюме, без шлема. «Той самы Судзір, дрэсіроўшчык! Туману напускае, каб больш уразіць публіку…» — падумаў Янг. Пакуль лілася музыка, дэльфіны таксама, відаць, рыхтаваліся да прадстаўлення, бо рухі іх усё больш спакайнелі.

Раптам Судзір рэзка падняў руку, нібы вышморгваў з вады рыбу, і адзін дэльфін высока сігануў угору, тузануў зубамі за вяровачку звона, які звісаў з другога памоста вышкі. Гухнуў назад з такім плёскатам, што вада кінулася з басейна на берагі, адкацілася, зноў плёхнула, а каля мосціка глуха застукала ў бераг лёгкая, з пенапласту лодачка. І толькі цяпер заўважыў Янг, што там вядуць у ваду трубчата-металічныя лескі.

Гледачы заапладзіравалі, запляскаў і Янг, заціснуўшы Тота пад левым локцем. А Судзір узяў з тазіка кавалак рыбы, кінуў выканаўцу нумара. Каторы з дэльфінаў быў той, што скакаў, Янг не пазнаў: яны ўсе павысоўвалі з вады разяўленыя раты.

Упоперак басейна на тросе віселі тры абручы, сярэдні быў трошкі ніжэй за два крайнія. Судзір зрабіў знак рукою, і Гуга, які апынуўся каля вышкі, штосьці адвязаў ці пакруціў, і абручы апусціліся, да вады засталося з метр.

Янга дзівіла, што голасу Судзіра не было чуваць, камандаваў дэльфінам, мабыць, толькі жэстамі. Узмах рукі — і тры дэльфіны вынырнулі адначасова каля абручоў, паглядзелі на іх, нібы прымерыліся, на якую вышыню скакаць, і тут жа зніклі пад вадою, каб разагнацца. Зноў узмах рукі, і тры бліскучыя шэра-сінія целы выгнуліся бакамі, сіганулі праз абручы, разам плаўна шчабоўкнулі ў ваду. «Ай-яй-яй, — зноў задзівіўся Янг. — Які дакладны разлік! Ні хвастамі, ні плаўнікамі ніводзін не зачапіўся!» На гэты раз ён заціснуў Тота між каленяў і пляскаў так, што далоні ажно гарэлі.

Потым дэльфіны скакалі цераз вяровачку з надзетымі на яе каляровымі трубкамі з каленцаў бамбуку. Першы раз Гуга замацаваў вяровачку на метр ад вады, другі раз — метры на тры. Скакалі цераз бар'ер не трое, а двое дэльфінаў, але не пазнаць было, ці гэта другія, ці з тых трох. У разяўленыя раты паляцелі кавалкі рыбы, і гэта чамусьці Янгу не падабалася, нібы Судзір прыніжаў дэльфінаў да ўзроўню сабак. Маленькі Бобі таксама разяўляў каля Судзіра рот, але яму не папала ніводнага кавалачка. «У-у, скупеча!» — занелюбіў Судзіра Янг.

Потым дрэсіроўшчык кінуў у ваду падобны на какосавы арэх мячык. Дэльфіны ўзахапкі рынуліся да яго, адзін з іх схапіў мяч ротам і, падплыўшы, кінуў у рукі Судзіру. За другім разам дэльфін кінуў мяч не ў рукі, а ў баскетбольную сетку, прымацаваную таксама на сярэдняй пляцоўцы. І зноў усе задаволена заапладзіравалі, а Янг адчуў, што адразу ўлюбіўся ў дэльфінаў. Калі ж Судзір накідаў у ваду рознакаляровых кольцаў, дэльфіны пачалі лавіць іх, надзяваць на рострумы і несці Судзіру. Двойчы кідаў кольцы Судзір, і двойчы адзін самы вёрткі дэльфін лавіў па два кольцы і падаваў дрэсіроўшчыку. Бобі круціўся, незадаволена скрыпеў: яму таксама хацелася хоць раз злавіць кольца, але з-за дарослых не ўдавалася.

Янг забыўся, што ў яго пад рукою Тота. Стаў каля парэнчы і так заляпаў далонямі, што сабачка тузнуўся і… вылузаўся з-пад рукі. Упаў на трубу, скрабануўшы па ёй кіпцямі, потым на краёчак бетоннага бар'ера — боўць у ваду. Схаваўся з галавою, вынырнуў — галава зрабілася маленькая, валасы прылізаныя, замалаціў па вадзе пярэднімі лапамі, даплыў да сцяны. Драпае кіпцюрамі, а зачапіцца няма за што. Гледачы пляскаюць, крычаць, некаторыя паўставалі.

Янг нічога з сябе не здымаў, пераступіў парэнчу і боўтнуў уніз галавою.

Вынырнуў мо на сярэдзіне басейна, павярнуў назад, да сабачкі. Але хутчэй за яго каля Тота апынуўся Бобі. Выставіў галаву каля сабачкі, разявіў ва ўсмешцы рот — «Прывітанне, дарагі!». Тота віскнуў ад страху, яшчэ мацней замалаціў лапамі, задрапаў сцяну, каб узлезці,— і ападаў, ныраў з галавою. І тады Бобі таўхануў рострумам Тота ў жывот, прыўзняў яго над вадою. Сабачка завіс, завагаўся — пераважваў то хвост, то галава. Бобі апусціў яго ніжэй, потым зноў таўхануў угору, як мячык. А тут і Янг даплыў, схапіў леваю рукою Тота за шкірку. Некалькі ўзмахаў праваю, і Янг ужо каля лодачкі, што пагруквала бортам аб сцяну. Пасадзіў у яе сабачку, а сам — усё роўна ўжо мокры! — нырнуў спачатку пад Бобі, каўзануўшы спінаю яму па жываце. Вынырнуў, а гэтае самае тут жа зрабіў Бобі — паднырнуў пад Янга, правёўшы яму па жываце пругкім плаўнікам. Янг крутнуўся, ухапіўся леваю рукою за спінны плаўнік, і Бобі моцна запрацаваў хвастом. Абодва ўпобачкі хутка праплылі па басейне.

— Стой! Хто такі? — крычаў з берага Судзір. — Гуга, чаму ў басейне пабочныя асобы?!

Ніхто яму не адказваў.

Бобі ў гэты час павярнуўся плысці назад, і Янг захацеў паказаць яшчэ адзін фокус — сесці на Бобі верхам. Але пругкае, слізкае цела было не ўтрымаць нагамі, дый Бобі быў малаваты для гэтага. «А на дарослым якраз было б!» — паспеў падумаць Янг, паглядзеў у бок Судзіра. Той стаяў збялелы, губы шчыльна сціснуты і толькі гроб паветра праваю рукою, нібы вымятаў яго з басейна: «Вон! Прэч!»

Упобачкі з Бобі паплыў да лодкі. Яе якраз адвязваў Гуга, мо хацеў падцягнуць бліжэй і забраць сабачку. Тота ў гэты час так асцепваўся — ажно з ног падаў. І тут здарылася яшчэ нечаканасць: Бобі выхапіў зубамі павадок з рук Гугі і павалок лодку на сярэдзіну басейна. На трыбунах успыхнуў рогат і свіст: такога цікавага нумару яшчэ не даводзілася бачыць.

Янг, збянтэжаны, вылез па лесвіцы з басейна, пачаў здзіраць з сябе сандалеты і выліваць з іх ваду. І яму было смешна з усяго, і ён рагатаў. Але каб ведаў, што зблытаў усю праграму прадстаўлення і што Судзір ужо шалее ад злосці, то не смяяўся б.

У Бобі хапіла ахвоты зацягнуць лодачку толькі на сярэдзіну басейна. Далей не ведаў, што з ёю рабіць. А мо вырашыў, што пажартаваў, і хопіць. Выскачыў радасна з вады, плюхнуўся і паплыў да Янга, выставіўшы з вады разяўлены рот — прасіў на ўзнагароду рыбку. Не Янг, а Гуга падышоў да тазіка, узяў кавалак рыбіны, кінуў Бобі.

— Гуга! — голас у Судзіра сарваўся на нейкі рык. Вочы гарэлі ад ярасці.

Тым часам дарослыя дэльфіны абкружылі лодачку, штурхалі яе насамі. Тота, абапёршыся пярэднімі лапамі на борцік, баязліва паглядваў на іх, павіскваў. Дэльфіны таксама не ведалі, што рабіць з лодачкай, такога нумару не развучвалі, дый Судзір не падаваў ніякай каманды.