Над ім забурлілі, вырываючыся, паветраныя пухіры — раз, другі, трэці… Раўнамерна, як трэба, дыхае Радж. Янг і Абдула падбеглі да прыбою, потым зайшлі ў ваду да каленяў, глядзелі, забыўшыся на ўсё. Вывяржэнні пухіроў рабіліся і там, дзе пагрузіліся пад ваду Грэхем з Пуолам. Белыя грабяні на хвалях накату імкнуліся сцерці іх, атушыць, а яны вывяргаліся зноў і зноў, нібы невялічкія падводныя вулканы.
Неўсвядомленая яшчэ да канца трывога ціснула Янгава сэрца.
— Абдула… Нідзе не дзенецца мадам Ой… Будзем чакаць Раджа. — Янг загарадзіў нагою шлях адступлення крабу-сігналыпчыку, схапіў яго за панцыр і вынес на сухое, сеў у пясок. Абдула сумна апусціўся побач. Янгава трывога пачала перадавацца і яму.
Забаўляліся з крабам без асаблівай цікавасці, думкі іх былі там, пад вадою. Крыху развесяліў быў Тота: хацеў абнюхаць краба, а той імгненна выставіў і тут жа схаваў вочкі-тэлескопікі, цапнуў клюшняю сабачку за нос. Тою, што вялізная і фіялетавая, якою ён любіць ківаць, нібы падманьваць каго да сябе.
3
Уперад, уперад… Вось тут яшчэ раз азірнуцца на аднаго і на другога: як дыхаюць, як плывуць? Грэхем амаль нармальна, мабыць, мае вопыт. А Пуол адстае, нязграбна перагрэбвае нагамі — у ластах не плаваў, выдыхае часцей, чым магло быць… Пастаяў перад імі амаль вертыкальна, перабіраючы ластамі,— і галавою ўглыб, нагамі ўгору. Трэба спачатку ўразіць падводных падарожнікаў глыбінёй, паказаць прорву-цясніну, змрочную і жудасную. Яна злева ад прыстані. Вада ў ёй туманна сінее, а потым чарнее. Хай заглянуць туды, адчуюць, чым дыхае бездань… Маршрут так і разлічаны, каб уражанні напластоўваліся па кантрасту.
Цела ўраўнаважылася ўжо, нібы зусім страціла вагу, кожная клетачка адчувае асалоду… Колькі разоў такое было, і ўсё да драбніц знаёма на маршруце, а раўнадушна-абыякавым не ўдаецца быць. Радж нібы птушка-велікан над лесам, а пад ім безліч рознакаляровых дробных птушак, нават стракоз і матылькоў, і гэтыя птушкі-рыбкі, стракозы і матылькі амаль не зважаюць на людзей, займаюцца сваімі справамі. Праўда, калі цень ад чалавека падступае да рыб, тыя рэзка адварочваюць убок. І рук баяцца: здаецца, вельмі проста пагладзіць каторую, узяць за хвост. Дзіва што! За кожным тваім рухам падводныя насельнікі сочаць пільна.
Пра зарасці таксама не заўсёды скажаш, расліна гэта ці жывёла. Кусты, дрэўцы, букеты, нарасці… Сцерліся ўсе пераходныя прыкметы, абрысы і формы вычварна-фантастычныя, у глыбіні — расплываюцца ў мяккім зеленавата-сінім святле. Аранжавыя ліліі плаўна варушаць карункавымі пёрцамі-шчупальцамі то кожнай паасобку, то выгінаюцца ўсе разам, нібы паддаючыся падводнаму цячэнню. А вунь рытмічна дыхае-пульсуе штосьці блакітнае, падобнае на грыб з венчыкам шчупальцаў. Актынія… Каля яе раскінулася нібы ўсохлае дрэва з тонкімі галінкамі — чорны карал… Дарагая штука…
Кожны выступчык, кожная ямка, камень-рыф чымсьці ці кімсьці заняты, заселены, і кожную асобіну можна разглядаць бясконца. Выбірае Радж раўнейшую пляцоўку, апускаецца на дно, прымае вертыкальнае становішча. Хай і спадарожнікі спусцяцца, палюбуюцца ўдосталь… На краі гэтай пляцовачкі паміж двух выступаў скалы ракавіна трыдакны — уся ў каралавых наростах, нейкіх раслінах, зморшчаная і непрыгожая. Берагі ракавіны ў брыжах-складках, малюск увесь час то сціскае створкі, то адпускае, і тады паміж іх высоўваецца штосьці студзяністае, ружова-сіняе… Ганяюцца за такімі ракавінамі турысты, гэта трыдакна амаль адзіная, што засталася ў ваколіцы, і яе Радж ахоўвае. Ёй яшчэ расці ды расці, зараз яна, як невялічкія начоўкі-апалушкі, а можа вырасці да двух-трох метраў.
Палюбаваліся? Заклік-узмах рукою, і Радж кіруе да скалы-рыфа. Па дарозе завісае яшчэ над «усходнім базарам». Тут нібы выстаўка рознакаляровых бочак, мяшкоў з копрай, торбачак і кішэнек, глякоў, гладышоў, кубкаў, груш, свечак… У кожнага «вырабу» рознай таўшчыні сценкі, розныя памеры адтулін зверху. Усё гэта — губкі. Паміж «гандлёвымі радамі» губак марудна, выпучваючыся і падцягваючы калюча-кастравыя шчупальцы, паўзуць зоркі.
Рыф заўсёды агіналі з боку пляжа. Правільней, групку рыфаў, бо вакол таго, што тырчаў над вадою, прыляпілася яшчэ некалькі недаросткаў. Пад вадою яны падобныя на кітайскія ці японскія пагады-храмы са шматпавярховымі стрэхамі і пляцовачкамі пад імі, нішамі, запоўненымі ўсялякай жыўнасцю.
На зваротным шляху, зрабіўшы поўную пятлю вакол аблюбаванага рыфа, яшчэ раз спыняюцца каля «ўсходняга базару», нават апускаюцца на дно палюбавацца. Адтуль апошні паўкруг па мелкаводдзю — і на бераг. Усё падарожжа зойме каля гадзіны, гадзіны і пятнаццаці мінут.
Радж агінае рыфы паволі. Хай глядзяць, хай любуюцца. Паварочвае галаву сюды-туды ўвесь час, сочыць, каб турысты не расплываліся, не лезлі ў шчыліны паміж рыфаў. Можна засесці, учапіцца аквалангам, што-небудзь парваць-пашкодзіць ці самому параніцца, ушчаміць нагу з ластам. Ласт не здзярэцца, не згубіцца, ласты прышпілены раменьчыкамі. Але… чаго ні бывае! Яшчэ раз прытармазіў, азірнуўся… Вось Грэхем, а дзе Пуол? Грэхем падплывае да Раджа, таксама азіраецца. Радж робіць яму знак рукою: «Пачакай мяне на месцы!», а сам вяртаецца за рыф, нібы адкручвае віток назад. Так і ёсць, ушчаміў ласт у расколіне… Патузвае, потым згінаецца і нешта робіць, мо хоча адшпіліць. Ну, гэта дарэмна, не так лёгка потым яго пад вадою абуць. Выдыхі ў Пуола кароткія, частыя…
Радж планіруе ўніз, да самай Пуолавай нагі, каб добра разгледзець. Пуол разгінаецца, паказвае ўніз, на ласт. На кароткі час спіна Раджа апынулася ніжэй пояса Пуола. Радж нічога не паспявае разгледзець: мільганула па рыфе цень Пуолавай рукі, улавілася калыханне вады. Крутнуў галаву ўлева-ўгору — і тут жа выкінуў насустрач паўсагнутую левую руку. Пуолава рука з крысам каўзанула па ёй, адлятаючы ўбок. Крыс крамсануў крыху плячо, выпаў. Краечкам вока ўбачыў: скочваецца з прыступкі на прыступку рыфа, адпуджваючы рыбак і ўзбіваючы невялікую каламуту. Разагнуўся, а Пуолавы рукі са скурчанымі пальцамі ўжо каля шыі — цаляе, каб вырваць загубнік ці здушыць за горла… За шклом маскі — выпучаныя вар'яцкія вочы Пуола… Нырнуў пад яго рукі, а правая ўжо ў імклівым палёце: контрудар у сківіцу. Імклівасць руху адносная, пад вадою ўсё робіцца ў замаруджаным тэмпе, шчыльнасць вады не дазваляе. Пуолава галава тузанулася, адкідваючыся назад, з рота выпаў загубнік. А да паверхні ж пяць метраў!
Махае бязладна рукамі, адбіваецца — не падступіцца. Злаўчыўся ўхапіцца ззаду за яго балоны — хутчэй наверх! З-за рыфаў на вялікай хуткасці выплывае Грэхем, даганяе і чапляецца за локаць Пуола, памагае. Хутчэй, хутчэй… Пуол борсаецца, рукі дзяруць сябе за грудзі… Вось і зусім перастаў дрыгаць рукамі і нагамі, страціў прытомнасць.
Вынырнулі, павярнулі Пуола тварам дагары і пад рукі — на бераг.
Менш за ўсё хацелася Раджу яго ўтапіць. Праўда, як убачыў Пуола ў спісе, а потым і самога з крысам на поясе, зразумеў, што паядынка не мінаваць. Схваткі з ім пад вадою не баяўся, нават падумалася, што ў крытычны момант вырве ў яго загубнік — адразу ўціхамірыцца. А цяпер, калі нехаця зрабілася тое, што трэба, занепакоіўся: каб хаця дабром скончылася. Хай бы жыў, хай бы капціў неба, поскудзь…
Насустрач кінуліся Янг і Абдула, памаглі сцягнуць з Пуола акваланг і ласты.
— Радж, у цябе кроў капае з пляча! — спалохана ўсклікнуў Янг.
— Нічога, нічога… — Радж, паклаўшы Пуола грудзьмі на сваё калена, выдушваў з лёгкіх ваду.
Давялося і штучнае дыханне рабіць Пуолу, ажыўляць. Калі ўрэшце той ачомаўся, душачыся дзікім кашлем, яшчэ доўга быў бледны і сіні, як мярцвяк.
— Янг… Адсапецца — завядзеш землячка да душавой, — Радж змахваў з ілба пот і глядзеў на Пуола не толькі з агідай, але і са шкадобай. — Прымеш ад яго акваланг і гідракасцюм. І няхай коціцца на ўсе чатыры бакі. А вы, Грэхем, прабачце мне, што гэтак здарылася. Псіхоз… Пад вадою і не такое здараецца… Можам з вамі прадоўжыць прагулку… калі хочаце… — Мабыць, Радж чакаў, што той адмовіцца. Але дзіва што!