Выбрать главу

— Я коратка, асноўнае, — Радж не адступаўся ад сваіх правілаў.

Завёў Янг тых, што адплаваліся, у душ, прапаласкаў іх касцюмы, старанна выцер знутры губкаю і ручніком — хутчэй прасохнуць, вынес ускінуць на лаўку. І тут пачуў за шлюзам стук вёслаў. «Абрахамс вярнуўся!» — пабег дарожкаю туды.

Абрахамс ужо выцягваў ялік на пясок, і гэта ў яго ніяк не атрымлівалася. Нібы разгубіў ён сёння ўсе сілы. Падбег Янг, учапіўся за трос, памог.

— Нічога амаль не прадаў. Раздаў так — не выкідваць жа ў мора рыбу… — нібы паскардзіўся ён. — Хай людзі спажывуць.

А Янг ужо не чуў яго, ва ўсе вочы глядзеў на ялік, мацаў барты, абышоў кругом, памяў у руках нейлонавы трос. Тое, што трэба! Лёгкі ялік, зручны, і двум не цесна. На ім і ў мора можна ісці.

— Дзядзька, я яго вымыю, добра?

— Зрабі ласку, сынок… А ў мяне сёння ні да чаго рукі не горнуцца. — Абрахамс не забіраў вёслаў, пайшоў да галоўнай арэны, стомлена перастаўляючы ногі.— Паліцэйскіх няма ўжо? — азірнуўся, як спахапіўшыся.

— Не!

Ах, з якою ласкаю Янг яшчэ і яшчэ раз аглядаў ялік! Нават дыханне стрымліваў, заміраў на месцы ды адно галавою круціў, як певень, прыглядваючыся. Пад нагамі пякло, і не таму, што сонца распаліла пясок: час, пра які марылі з Абдулою, настае! Не трэба прыдумляць, як і ад работы вызваліцца — дэльфінаў няма! Не трэба бедаваць, на чым дабірацца — на яліку, толькі на яліку! Не было шчасця — няшчасце памагло…

Бягом да каморы, схапіў вядро і вехаць, бягом назад. Ялік на бераг цягнулі ўдвух з Абрахамсам, а назад на мелкаводдзе сцягнуў адзін. Паставіў на бок, падпёр вяслом… І на ялік нібы абрушыўся вялізны вадаспад — гэтак запрацаваў вядром.

Тут і знайшоў яго Абдула. Ён ужо ведаў пра дэльфінаў і хацеў пагараваць разам з Янгам. Але ўбачыў ялік, і рукі самі расслабіліся, Тота саскаўзнуў на зямлю. Вочы загарэліся — зразумеў усё без тлумачэння!

— Калі?! — кінуў горача толькі адно слова.

— Не ве-да-ю… — расцягнуў адказ Янг, ды так шматзначна, што Абдула скеміў: гэтымі днямі, а мо і раней.

— А гэтыя латкі не паадклейваюцца? — Абдула, стрымліваючы радасць, паказаў на былыя прабоіны ў днішчы.

— Не, — адказаў Янг, хоць у самога такой упэўненасці не было.

— Слухай! Мы і сабаку з сабою возьмем… Я папрашуся ў Тэрэзы паначаваць у цябе ў дэльфінарыі. І выпрашу ў яе трайны сухі паёк! Спатрэбіцца, праўда?

— Яшчэ ж як!

— А я за гэтыя дні такога наеўся! Ажно жывот сапсаваўся… Донна-мадонна паперку бліскучую з рэстарана запрасіла, меню называецца. Там усякіх страў панапісвана — за год не запомніш! Ха-ха, не я ёй слугую, а яна каля мяне выкручваецца: «Выбірай, міленькі! Ну што б ты хацеў з'есці, міленькі?» А я, як паніч, заплюшчу вочы, тыцну пальцам: «Падаць гэта і гэта!» Ха-ха, а рэстараншчыкі і пруць-валакуць. У гэтай Тэрэзы, мабыць, грошай — куры не клююць… Ага, ты еў такое? Малюскі ў какосавым малацэ… Адбіўная з акулы, запечаная ў сярэдзіне плоду хлебнага дрэва… Вараныя біргусы з салатай і гароднінай… Смажаныя бананы ў цёртым какосе з цукрам і разынкамі.

— Хопіць! У мяне ўжо спазмы ў жываце, — не вытрываў Янг.

— Хо, не трэба было кідаць такое месца! Ды я табе назваў толькі тое, што Тота не хацеў есці. А колькі было такога, што і сабаку да смаку, і для маёй утробы даспадобы.

— А ты ж не хацеў ісці ў сабакаводы.

— Клёпкі не хапала. Дай бог здароўя і Тота і італьянцы.

Па дарожцы між кустоў і газонаў шпарка крочыў да іх Абрахамс.

— Радж пад вадою яшчэ? — здалёк спытаў у хлопцаў.— Святы Езус, там Крафт з'явіўся. З галавою ў яго нешта… Сядзіць, як кітайскі бажок, нічога не гаворыць. Бледны як смерць.

4

Раджа вадзіла трохі ў бакі, хоць стараўся ставіць ногі як найшырэй. Здавалася, што калышацца зямля, а цяжар акваланга за спінаю аж гнуў да зямлі. Нават ласты і маска ў левай руцэ здаваліся свінцовымі, як і грузілы на поясе. Думаў, што будзе мець хоць кароткую перадышку перад прагулкай на «Нептуне» (каму прагулка, а каму і работа), а тут Абрахамс прыстаў: схадзі ды схадзі ў дзяжурку, Алі не ведае, што рабіць з Крафтам.

«А што гаварыць таму Крафту, як суцяшаць? Як сябе трымаць?» — даймалі думкі.

Хоць і Янг памог, прыняў амуніцыю ў падводнікаў, прывёў яе ў парадак, прайшло мінут пятнаццаць. А трэба ж было і самому спаласнуцца.

Калі ўрэшце з'явіўся каля прахадной, Крафта ў дзяжурцы не было. З кустоў выйшаў на алею Алі, у руках трымаў шклянку.

— Я ў цянёк яго перавёў,— загаварыў Алі гучным шэптам. — Беча прывёз, ледзь з каляскі выбавілі… Сунецца, як зачумлены, вочы невідушчыя, рукі расставіў… Беча з яго грошы патрабуе, а ён быццам і не чуе, не разумее. Мне давялося разлічыцца… Падсоўваю табурэтку, а ён і сесці не ўмее — топчацца, хістаецца… Саджу яго, і тое і гэта гавару — маўчыць. Падобна, што паліцэйскія перастрэлі яго з цеплахода, нагаварылі ўсякага.

Радж моўчкі пайшоў да Крафта. Той сядзеў, прыхіліўшыся спінаю да валасатай пальмы, рукі на сцёгнах, вочы — перад сабою. Твар бледны, шчокі адвіслі, як пустыя торбачкі. Нагнуўся Радж, пакратаў за плячо:

— Містэр Джэры, вы мяне чуеце? Гэта я — Радж!

Ніякай рэакцыі. Тады ён варухнуў за плячо мацней, і Крафт перавёў на яго вочы. Позірк быў яшчэ няўцямны.

— Я Сіту, касірку, у аптэку па нашатыр паслаў,— падступіў бліжэй і Алі.— Дамо панюхаць.

Радж слухаў у Крафта пульс. Сэрца білася запаволена, нерытмічна, а тады, у кабінеце, як пісьмо ад трыяды атрымаў, грукала, нібы ў барабан.

— Радж… пабудзь… — раптам падаў голас Крафт. — Бліжэй стань… Скажы, усё гэта — праўда?

— На жаль, так.

Крафт працягла, сіпата ўздыхнуў.

— Ты працуеш — маладзец… А Судзір — тут?

— Паехаў недзе на катэры. З аквалангам.

— Вазьмі мяне пад руку… Памажы да кабінета дайсці.

Радж вёў Крафта па алеі і маўчаў.

— Гэта канец, Радж… Я ж дасюль яшчэ не выплаціў працэнты пад крэдыты. Дваццаць гадоў сам крэдыт выплачваў, напазычаўся, як будавалі дэльфінарый… І ніхто адтэрміноўкі не дасць… Думаў, пад канец года разлічуся, хоць трохі скаплю грошай на старасць. А тут трыяда нож у бок… Зноў залез у даўгі, ездзіў адкупляцца ад гэтых бандытаў. А цяпер… з дэльфінамі такое… А дочкі-перастаркі ў Лондане прыданага патрабуюць, пра замужжа мараць… — Крафт горка, праз усхліп хіхікнуў. Спыніўся, дастаў хусцінку, пачаў выціраць вочы, лоб. — Ты прабач старому. Адзін я тут, ні сваякоў, ні сяброў… Нават пагаварыць шчыра няма з кім.

— Вам Судзір гаварыў, для чаго ён вучыў дэльфінаў?

— Учора толькі, перад маім ад'ездам… Так і так, канцэсіянеры са Штатаў хочуць наняць дэльфінаў для даследчых работ пад вадою… І быццам выгадна гэта, у паўтара раза больш заробяць дэльфіны, чым у дэльфінарыі за той жа час… Кажу: падумаць трэба… А цяпер што хочаш думай.

— Паліцэйскія кажуць — у яго алібі, не мае Судзір адносін да крадзяжу.

— Дай бог чутае бачыць.

— Не трэба забываць прынцып кошкі, містэр Крафт. Яна як ні падае, усё на лапы прызямляецца.

— Радж, мяне паклалі ўжо на лапаткі, мне няма далей куды падаць.

— Вы сказалі, што зноў узялі пазыку.

— Узяў. Кароткатэрміновую, на тры гады… Пад дваццаць працэнтаў гадавых! Звар'яцець можна… А чым аддаваць буду?

— Вазьміце яшчэ. Усё роўна дэльфінаў трэба купляць.

— Думаеце, тых не знойдуць?

— А што — абяцалі знайсці?

— Пастараемся, сказалі…

— Стараюцца… Магнітафон таксама абяцалі знайсці. Дзе ён?

Крафт горка ўздыхнуў. Яны прыпыніліся каля вялікага басейна. Крафт зняў капялюш, як перад нябожчыкам, згорбіўся.

— Людзі ўжо ідуць з білетамі… На прагулку трэба весці.

— Ага… Ты ідзі. Мне ўжо лепш… З'явіцца Судзір — зойдзеце разам.

5

Вечарам у кабінеце Крафта былі не толькі Радж і Судзір. Запрасіў ён і Абрахамса і Алі. А Янг сам прыйшоў, хоць і не запрашалі. Усе паселі на крэслах каля сцен, толькі Судзір разваліўся ў мяккім крэсле перад сталом Крафта. Сядзелі і моўчкі глядзелі на Крафта.