4
Натача і Абдула, прывязаўшы Тота да дрэўца, шукалі золата. Не на беразе возера, а ў ручаі, высока, яшчэ перад вадаспадам. І трэба ж было такому здарыцца! Кружылі сёмы тазік — каменьчыкі, галька, гравій, пясок. Збіралі, разглядаючы, зверху большыя камяні, адкідвалі, ссыпалі, грэбліся. Зачэрпвалі ваду і зноў кружылі, перамацвалі асадак. Знайшлася чачавіцінка-гарошына, трошкі пляскатая, у ноздрачкі, з ямкай на баку. Па звычцы паклалі на камень, трэснулі другім зверху. І во дзіва, яна не рассыпалася, а спляскалася. Свежыя драпіны ад каменя зырка-вогненна бліснулі. Яшчэ не верачы сам сабе, Абдула па інерцыі гахнуў другі раз, з усёй моцы, а трэцяга ўдару не зрабіў: рука завісла з каменем каля вуха.
— А дзе… тое? — ледзь прагаварыў, бо ў роце раптам стала суха. — Золата дзе?!
Камень-кавадла быў пусты.
— А во! Прыліпла… — Натача ўзяла з яго рукі камень, адкалупіла жоўта-аранжавы струпок. — Золата! Чэснае слова — золата!
Пакруціла ў пальцах, абгледзела з усіх бакоў, цісканула нават клыкамі: паддаецца на зуб, мяккае! Метал, значыць.
— Дай сюды! — ледзь не вырваў той струпок-аладачку Абдула. І ён абгледзеў струпок з усіх бакоў, і ён пацапаў яго зубамі. — Ух ты-ы… — усхапіўся на ногі, закруціў галавою ў бакі.
— Супакойся, — астудзіла яго Натача, сама з каленяў не ўставала. — Колькі ўжо часу прайшло? Нешта Янга доўга няма.
— З гадзіну… А мо і больш. Зірнула Натача на сонца.
— Больш! А ён жа казаў, што паветра ў аквалангу на паўгадзіны! Я-янг!!!
Ускочылі на ногі, крыкнулі разам.
Рэха адбілася ад паўднёвага берага, прыляцела назад: «…а-а-ах!» Нібы хтосьці пацвяліўся і змоўк.
Ледзь голаў не скручваючы, хапаючыся за выступы, за галіны кустоў, Натача зляцела па строме на нізкі бераг, да вады.
— Я-янг! — Прабегла туды-сюды і зноў: — Я-янг! Адгукніся-я-я!
— Схаваўся недзе, пажартаваць хоча… — спусціўся ўніз і Абдула. — Я сам люблю такія штукі. Пачакаем крыху.
— Пачакаем? А акваланг дзе? Калі б хацеў пажартаваць, не цягаў бы з сабою такі цяжар.
— І на востраве ніякага руху… Птушкі спакойныя.
— Пабеглі на той бок возера! Шукаць трэба! — гарачылася Натача.
— Давай тазікаў тры перабяром, прамыем, і калі не прыйдзе за гэты час, то пойдзем шукаць. — Абдула стараўся быць спакойным. Не верылася, што з Янгам можа што-небудзь здарыцца. Чалавек жа і без акваланга добра плавае, і з аквалангам навучаны.
— Золата жоўтае, а сэрца ад яго чарнее. Хапуга! Бляшкі даражэй табе за чалавека! — кінула гнеўна Натача і пабегла паўз ваду па нізкім беразе ўлева.
Але доўга тут не набяжыш, водмель хутка скончылася, і трэба было лезці наверх.
Абдула прабіраўся за ёю назіркам, не раз гукаў: «Пачакай, не пры на скрут галавы!» А потым і гукаць перастаў. Натача скакала цераз ямы, агінала скалы, паднырвала пад кусты, спускалася ў равы, чапляючыся за галіны і карані — спрытна, лёгка, як малпа.
Калі ўзабраліся на самую кручу паўднёвага берага, былі мокрыя ад поту, мурзатыя. Трымаючыся за кусты, звіслі над абрывам, абшнарылі вачыма і востраў, і ваду да самай кручы. Нідзе нікога!
— Я-я-янг!!! — загалёкалі ўдваіх, без усякай асцярогі.
З вострава з крыкамі ўзнялася хмарка белых птушак, а з-пад ног, з-пад абрыву яшчэ большая хмарка чорных. Але нават рэха не пачулі тут.
— А што там жаўцее на вадзе? — паказаў Абдула ледзь не пад самы бераг.
Жоўтая, нібы здвоеная пляма паволі апісвала па вадзе круг.
— Акваланг! — выдыхнула са страхам Натача. — А дзе ж сам?
Абдула не паспеў нічога сказаць, Натача адступіла ад кручы на некалькі крокаў і рванула з месца, разганяючыся. На самым беражку адштурхнулася нагамі і, апісваючы вялікую дугу, паляцела ўніз. Рукі трымала перад галавою клінам, увайшла ў ваду амаль праменька, нават пырскаў было мала — шчабоўк! Не бачыў Абдула такога прыгожага скачка нават у хлопцаў, а не тое што ў дзяўчынак. Звесіўся, шукаючы яе вачыма на вадзе… Колькі тут вышыні — пятнаццаць метраў, дваццаць? Ад аднаго позірку дух займае!
Натача вынырнула не скора, мабыць, трохі аглушылася ад удару аб ваду. Страсянула галавою, фыркнула — і паплыла сажонкамі, як хлапчук, да жоўтай плямы.
Так, гэта быў акваланг. Натача рванула яго ўгору з сілаю, мо думала, што пад ім завіс Янг. Бліснулі сонечна балоны, зноў пляснуліся на ваду.
— Няма-а-а!.. — крыкнула з адчаем. Паклала рукі на балоны, моцна забарабаніла нагамі, кіруючы да берага.
— Туды!.. Туды!.. Тут не выберашся! — крычаў ёй зверху Абдула, паказваючы на ўсходні бераг. Потым кінуўся туды і сам: каля самай вады, у прыбоі была палоска пяску, на якую можна было выбрацца.
Падхапіў акваланг за рэмень, падаў і Натачы руку. А сам ужо абмацваў вачыма вентылі.
— Каторы з іх ад рэзервовай падачы паветра?
— Во гэты… — Натача хуценька пакруціла вентыль. — Ён адкручаны! — спалохана ўсклікнула яна.
Зразумелі: у Янга не хапіла на пад'ём паветра. Але чаму тады ён адшпіліў акваланг? Знарок, каб падаць ім нейкі сігнал? Пазначыць месца гібелі?
Зразумелі: дзе золата, там і бяда.
Раздзел другі
1
Не злавіць сеткаю вецер. Птушка ў небе, а дэльфін у вадзе не пакідае следу.
«Дзе ж тыя дэльфіны, куды пахаваліся?» Радж, дый не толькі Радж, — усе, хто быў на катэрах і глісерах, азіраліся ва ўсе бакі, мацалі вачыма па вадзе і блізка, і далёка, аж пад акаём, — няма дэльфінаў! І пагода стаіць як на заказ, звычайна ў такую пагоду чародкі дэльфінаў круцяцца каля Рая, найбольш смелыя набліжаюцца нават да купальшчыкаў.
Тры катэры і два глісеры ў іх групе. Сярэдні катэр нібы матка, ён і большы за іншыя разоў у пяць, не раўнуючы ўжо з глісерамі, і забяспечаны дзвюма лябёдкамі па бартах. У ім і бак — узвышаная пярэдняя частка судна — тырчыць намнога вышэй, чым у двух другіх: як другі паверх з каютамі і кубрыкамі. На баку, трымаючыся за радыёмачту, стаіць Судзір. Прыкладваючы да вачэй то далонь, то бінокль, ён углядаецца ў акіянскую далеч. Глісеры справа і злева ад катэраў, гойсаюць кругамі далёка, падскокваюць на вадзяных валах ад катэраў, паказваючы каршунаватыя «ногі», а часам і сам «абутак» — падводныя крылы.
Няма дэльфінаў, нібы хто папярэдзіў іх — ратуйцеся, браточкі, аблава!
Разгорнутым строем судны абышлі Рай па вялікай дузе. Гатэлі на востраве здаваліся меншымі за чвэрць запалкавага карабка. Дамы прыгожа бялелі, жаўцелі і ружавелі сярод зеляніны, а пляжы і белыя карункі прыбою вакол вострава надавалі асаблівае хараство — нібы з акіянскай сінечы паўстаў каштоўны, у візерунках аправы камень-самацвет.
Потым прайшлі трохі ў напрамку да Галоўнага вострава, але па дарозе траплялася шмат то рыбацкіх лодак, то суднаў, што спяшаліся на Рай, і Судзір падаў сігнал паварочваць на ўсход — у той бок, дзе праступаў з вады надламаны, але яшчэ востры рог гары вострава Блакітны.
Незаселеным лічыўся востраў Блакітны. Адзінымі бачнымі насельнікамі былі птушкі, ад іх скопішчаў ажно бялелі прыбярэжныя скалы. Раптам Судзір паказаў і рукою, і біноклем на паўночны захад ад Блакітнага. Усе пачалі ўглядацца ў той бок: ледзь прыкметныя цёмныя коскі выскоквалі з вады. Дэльфіны!
Судзір звесіўся з бака і штосьці пракрычаў уніз рулявому, а потым, нібы ўспомніўшы пра партатыўную рацыю, падхапіў яе, паднёс да рота. Такія ж рацыі былі ва ўсіх рулявых, усе прыслухоўваліся да яго каманд. Левы катэр, на носе якога стаяў Радж, павялічыў хуткасць. Прыбавіў хуткасці і правы, дзе быў містэр Крафт. (Судзір спачатку не хацеў браць яго ў мора — карысці ніякай, а замінаць, умешвацца непатрэбнымі распараджэннямі будзе. І Крафт вымушаны быў сказаць, што будзе толькі гледачом). Усе тры катэры павярнулі на паўрумба17 ўлева і трошкі больш разышліся. Цяпер паміж сярэднім і крайнімі было метраў па семдзесят, а мо і сто. Судзір яшчэ нешта камандаваў, бо глісеры перасталі гойсаць абы-дзе, а хутка памчаліся наперад, нібы ад крайніх катэраў раптам пацягнуліся, ахопліваючы нейкую прастору, рукі-клюшні.