Выбрать главу

Радж зразумеў Мансур: трэба хутчэй ахапіць чараду, скучыць дэльфінаў, закружыць на месцы. А што будзе далей? Упершыню ўдзельнічаў Радж у адлове дэльфінаў, усё было ў навіну. Гэты раз, як прывёў Судзір у порт армаду суднаў (а некаторых наняў на месцы) і паставіў Крафта перад фактам, містэр Джэры ажно зніякавеў. Усё! Няма адступлення назад! Новыя вар'яцкія выдаткі, якіх ён смяртэльна баяўся, — рэальнасць. Нават не суцешыла Крафта тое, што зараней плаціць не трэба. Усё роўна ж давядзецца раскашэльвацца. А на колькі? Нібы само ліха пацягнула тады за язык, падтакнуў Судзіру, згадзіўся на лоўлю новых дэльфінаў (як топішся, то і за пену схопішся), а цяпер ужо ўсё, адступлення не можа быць. Усё робіць Судзір сам: і флатылію прывёў, і распараджаецца, як гаспадар становішча, аддае загады. Па загаду Судзіра і Радж узяў з сабою ўсе даспехі аквалангіста, а цяпер прэе ў чорным гідракасцюме, чакае сігналу, каб скокнуць за борт. А скакаць давядзецца, бо дэльфіны заблытваюцца ў сетках. Пад вадою яны могуць прабыць дзесяць — пятнаццаць мінут, а звычайна ўсплываюць праз тры-пяць мінут. Уражлівыя дэльфіны страшэнна: калі не ўтопіцца, дык можа быць з перапуду інфаркт ці інсульт. Як у людзей!

Чарада дэльфінаў не здагадвалася, што будзе рабіцца далей. Яны дазволілі, каб іх абагналі, закружылі на месцы. Некаторыя весела выскоквалі з вады, шумна плюхаліся назад, зусім блізка падплывалі да глісераў, пускаліся з імі навыперадкі па крузе, і каб захацелі, то лёгка абагналі б, уцяклі. Адзін вялізны дэльфін, мо важак чарады, то заплываў наперарэз сярэдняму катэру, то ляцеў да крайніх, уздыбліваўся на хвост, баламуцячы ваду, нібы хацеў заглянуць, што робіцца на борце, чым займаюцца людзі.

— Ну, зрабі сальта! Ну — оп-ля! — махаў яму рукою Радж.

Але дэльфін і не думаў слухацца. Раптам ён працягла і рэзка свіснуў, знік пад вадою. І адразу занепакоена завірылі дэльфіны.

На катэрах спешна рыхтавалі сеткі. Вялікаю кучаю ляжала сетка і на Раджавым катэры, тырчалі з яе сям-там ружовыя прадаўгаватыя паплаўкі з пенапласту, іржавыя вялізныя шрубы грузілаў. Ад сеткі і да левага борта пасталі наводдалек адзін ад аднаго трое напаўголых, з выдубленай скурай лаўцоў, самы крайні, што каля борта, трымаў у руках канат і край сеткі, яшчэ двое распіналі яе крыло. Чацвёрты лавец стаяў каля правага борта, паглядаў на сярэдні катэр.

Тым часам Судзір зноў паднёс да губ рацыю з антэнаю-штыром, і глісеры хуценька падляцелі з бакоў да «маткі», якая замарудзіла ход. З аднаго і з другога борта ім пакідалі канцы сетак, і глісеры адплылі ў бакі, расцягваючы іх, злучаючы сеткамі сярэдні катэр і крайнія. Да катэра, на якім смажыўся на сонцы Радж, сетка не даставала, і з глісера пракрычалі:

— Тысяча д'яблаў! Правей давай!

Катэр падвярнуў правей і прыцішыў ход, на борт паляцеў канат. Чацвёрты лавец спрытна падхапіў яго, пацягнуў і завязаў за борт. «Хар-рош, давай да левага борта!» — крыкнуў ён людзям на глісеры, хаця яны і без таго ведалі, што рабіць, — падхапілі канец сеткі з левага борта і паляцелі з ёю наперарэз чарадзе дэльфінаў, закрываючы шлях адступлення. Гэтакі ж Мансур рабіў і глісер каля правага катэра.

О, каб можна было заскочыць наперад дэльфінам імгненна! Глісер цягнуў сетку як мага, а яна шархацела, грукала аб борт паплаўкамі і грузіламі, папраўляць і разблытваць яе не паспявалі. Аднак і дэльфіны не марудзілі. На імгненне стоўпіліся пасярод загона. — і раптам рынуліся за важаком у апошнія «вароты».

— Хутчэй, марскога вожыка вам у глотку! — надрываўся ў мегафон Судзір, трос кулаком, але глісеры не маглі паскорыць ход, не рызыкуючы парваць сетку. «Вароты» звузіліся ўжо да шырыні 10–15 метраў, а дэльфіны шугалі праз іх імкліва, ажно пырскі разляталіся. Сышліся глісеры, а ад велізарнай чарады засталося ў загародцы толькі дэльфінаў дзесяць — пятнаццаць.

Радж прымацаваў пояс з грузіламі, «абуў» і зашпіліў ласты, надзеў маску, — чакаў каманды. І каманда паступіла:

— Аквалангіст! За борт! Праплысці са знешняга боку сетак, разблытаць, дзе зблыталіся! А потым усярэдзіну, к дэльфінам!

Судзір, пракрычаўшы гэта яму ў мегафон, паднёс да губ рацыю. Усім рулявым была пададзена каманда зводзіць судны разам, а лябёдчыкам — «Вір-ра памалу-у!»

— Браточкі, памажыце… — падышоў да лаўцоў Радж. І тыя, як толькі ён мінуў сетку, не вельмі далікатна падхапілі яго пад ногі, пад локці, пасадзілі на борт.

Раджу даводзілася ныраць з лодкі: садзіўся спінаю да вады і куляўся дагары ўніз галавою. Такая поза была самая лепшая, хутчэй пагружаўся на патрэбную глыбіню. А тут гэтага нельга было зрабіць, катэр гайдала, і Радж проста адштурхнуўся, паляцеў нагамі ўніз.

2

Пагрузіўся метры на два. Плывучасць была дадатнаю, мабыць, малавата начапіў грузілаў. Запацела і шкло маскі, імгненна ўтварылася шэрая плёнка, нічога не было відаць. Крутнуўся — дзе сетка? Гэтак лёгка і самому ўблытацца.

Ударыў ластамі, выскачыў наверх. Садраў маску, акунуў яе ў ваду. Агледзеўся — ага, вунь дзе глісер, значыць, і сетка прыкладна туды вядзе. Зноў нацягнуў маску, распрастаў добра гумавыя закрайкі і нырнуў галавою старчма, запрацаваў ластамі.

Сетка бачылася яму справа, ячэі буйныя, руку можна прасунуць. Такімі рыбу не ловяць. Дык скуль жа гэтыя лаўцы дэльфінаў, што і сеткі дзіўныя маюць, і вопыт лоўлі?

Радж плыў уздоўж знадворнага боку сеткі. Яна зусім не падобная на аламан, гіганцкі мяшок з закрылкамі. Гэта проста ячэістая загародка. Зверху, каля каната, сетка нацягнута туга, нейлон, здавалася, ажно звініць ад напругі. Мабыць, на крайніх катэрах таксама працуюць ужо лябёдкі, падцягваюць сеткі разам з глісерамі, змяншаюць кола ахопу. Чым глыбей ішла сетка, тым меншала нацяжэнне. Цікава, якая ў яе шырыня? Ніжні край растае, губляецца ў сінечы.

Пачаў яшчэ больш заглыбляцца, чапляючыся за ячэі праваю рукою, сяды-тады патузваючы, распраўляючы. Тут сетка была яшчэ больш свабодная, выпучылася ў знадворны бок, як ветразь.

Не даводзілася Раджу плаваць з аквалангам у адкрытым моры. Якая празрыстая сіняя вада тут! Якая пустэча!.. Дна не відаць, там, дзе павінна быць дно, сінее змрок, за якім угадваецца фіялетавая чарната бездані. Зябка патыхае адтуль холадам і жудою.

Сіняя вада, бо няма планктону. А няма планктону, няма і рыбы. Дык чаго таўкліся тут, калі няма рыбы, дэльфіны? Яны ж не дурні, каб проста так прыплысці сюды пазабаўляцца, пакуляцца. Мо які свой сход праводзілі ў нейтральных водах?

Радж убачыў заблытаны кавалак сеткі і спусціўся да самага нізу. Ад ціску парабіліся на касцюме жорсткія складкі, нібы металічныя рэбры, цяжка згінаць-разгінаць ногі. Здалося, што і думкі тут, на глыбіні, больш марудна варушацца. Як можа заблытацца ніжні край? Там жа свой канат, там жа грузілы. А вось як: адна шруба трапіла ў ячэю ды яшчэ перакінулася разы два, закруцілася. Наверсе — то і прыгледзеўся б лепш, і хутчэй уцяміў бы, як выбавіць тую шрубу. А тут пакуль зразумеў, у які бок адкручваецца, а ў які закручваецца, прайшлі доўгія мінуты. Хацеў ужо даставаць крыс, каб шарахнуць па ўпартай пятлі. А тут яшчэ гума маскі так уліпла ў твар, так прысмакталася, нібы якія прысоскі васьмінога. З сілаю некалькі разоў выдыхнуў носам пад маску, каб выраўняць ціск.

Усплываў да верхняга краю сеткі і бачыў за ёю высока-высока ўгары сілуэты дэльфінаў — то цямнейшым бокам павернуцца, то бліснуць жыватом. Нібы дзіўныя бяскрылыя птахі кружацца ў небе, сплываюцца разам, кіруюць да сетак, зноў рэзка адварочваюць. Рухавікі суднаў маўчалі, і паміж выдыхамі-булькатаннем пухіроў чуў шчэбет, вельмі падобны на лямант вераб'ёў, калі збярэцца іх цэлая плойма і штосьці не падзеляць між сабою. Птушыны гармідар прарэзвалі рэзкія трывожныя свісткі.

Цямнеюць дзве нерухомыя плямы — амаль упрытык адна да адной. «Глісеры», — здагадаўся Радж. Счапіліся, каб не засталося ніякіх «варот» паміж сеткамі. Хацеў спачатку ўсплыць каля іх, памахаць рукою — «З адною ўсё ў парадку!», ды перадумаў. Бог з імі, не выклікаюць Судзіравы людзі сімпатый. Пакуль быў на катэры, не пачуў ад іх ніводнага слова. Абменьваліся яны толькі нейкімі аднаскладовымі выгукамі-сігналамі і, відаць добра разумелі адзін аднаго. Стоячы на носе катэра, Радж часам адварочваўся да іх, аглядаў лаўцоў. Загарэлыя, мускулістыя мацакі, па выгляду не то кітайцы, не то малайцы.