Выбрать главу

Плыў каля сеткі, расцягнутай паміж другім глісерам і правым катэрам, і дзівіўся някемлівасці дэльфінаў: для іх ніякай цяжкасці няма нырнуць на глыбіню, шмыгнуць пад сетку. А яны носяцца каля паверхні, ныраць баяцца — запанікавалі, мабыць.

Гэта сетка такая ж, як і першая. А трэба яшчэ трэцюю і чацвёртую агледзець, хоць зусім не хочацца гэта рабіць. Узяў бы ды крысам — р-раз, р-раз, каб ад гэтых загародак паплыло адно ашмоцце. Няхай бы плылі дэльфіны ва ўсе бакі — на волю, у сіні прастор.

Містэр Крафт, мабыць, таксама быў бы рады. Яму недзе не сядзіцца і не стаіцца. Дзівіцца чалавек і перажывае: з якім размахам усё арганізаваў Судзір! Вось, маўляў, як клапачуся я пра дэльфінарый, пра справу. А ці ад чыстага сэрца ўсё? Судзір такі чалавек, што ў яго і з курыных яек змеі выводзяцца.

А дзе цяпер і што парабляе Янг? Не апалонік ён ужо, але яшчэ і не дарослы, хоць хвосцік дзіцячы і адкінуў. Шмат глупства ў галаве, за ім трэба вока ды вока… Добра, што Янг не паехаў на лоўлю. Не спадабалася б і яму ўсё гэта. Асабліва як пачнуць падымаць сеткі з дэльфінамі ці саміх дэльфінаў у нейкіх гамаках ці фартухах. Непрыемнае відовішча. Яны не тузаюцца, не трапечуцца, як рыбы. Яны зразу спыняюць спробы ўцячы, нібы разумеюць, што гэта не хто іншы злавіў іх, а чалавек, дык хіба можна ад чалавека чакаць зла? Чалавек паможа ім у апошнюю мінуту, уратуе, палечыць. Так было ў вялікім басейне дэльфінарыя, калі вылоўлівалі раз Джэка, каб апрацаваць рану на баку, зашыць яе (недзе ж ушчаміўся — ці ў басейне ўжо, ці яшчэ як лавілі ў моры). Запынялі, лавілі сеткамі ў вадзе, тады яшчэ ні Джэк, ні іншыя дэльфіны не ўмелі выскокваць на памост. У вадзе і ўвільваў, і супраціўляўся, а сіла ў яго была нямераная, але як вынялі з вады на бераг — ні разу не страпянуўся, нават калі доктар калоў іголкаю скуру, зашываў рану. Ляжаў і сумна-даверліва паглядваў цёмнымі вочкамі на людзей. Ажно нядобра рабілася ад гэтага позірку, нібы дэльфін вельмі шмат ведаў пра людзей, значна больш, чым яны самі пра сябе.

Скончылася і другая сетка, нідзе блытаніны не знайшоў. Праплыў пад носам правага катэра, вынырнуў. Вунь містэр Крафт, перавесіўся цераз борт, журботна глядзіць на ваду, нібы вырашае праблему — боўтнуць зараз за борт, утапіцца ці яшчэ трохі пачакаць. Радж памахаў яму рукою, і Крафт квола ўсміхнуўся, спытаў:

— Усё ў парадку?

Радж выняў загубнік з рота.

— Ол райт! — і зноў сунуў у рот.

Перад тым як нырнуць углыб, прыкмеціў на грудзях у аднаго лаўца пачэпленую на шыю маску. У другога такая маска была пасунута на лоб. Лаўцы таксама зрыхтаваліся скакаць у ваду, калі ахопленая прастора зменшыцца да мінімуму, і трэба будзе ці выблытваць дэльфінаў з сетак, ці падводзіць пад іх гамакі-фартухі са стропамі.

У сетках паміж катэрамі і «маткаю» таксама былі блытаныя месцы. Разблытваў і чуў, як яны «жывуць» пад рукамі, напінаюцца або слабеюць, калі адна лябёдка адключыцца, чакае другую, каб даць магчымасць укарочвацца сеткам раўнамерна. Чым меншаю рабілася загародка, тым больш нервова гойсалі, кідаліся ў ёй дэльфіны. Колькі іх удалося запыніць? Радж усплываў у сярэдзіне круга і стараўся палічыць іх. Здаецца, адзінаццаць, ёсць два дзіцёнкі такога ўзросту, як Бобі. Адзін з маткаю, бо ўвесь час туліцца да яе, ажно плысці замінае. Другі, відаць, адзінокі — ці не апынулася маці за сеткаю, на волі? Ён то падплыве да дэльфінкі з дзіцем, нібы хоча прылашчыцца ды не адважваецца, то аддаліцца, робячы рыўкі ўправа-ўлева, нібы шукае кагосьці.

І раптам са знешняга боку сеткі, той, што была бліжэй да Блакітнага, з'явілася вялікая дэльфінка. Яна неспакойна прамчала ў адзін бок, у другі, шукаючы дзіру. І нешта мо скамандавала ці паклікала, бо малы, як з прывязі сарваўшыся, напрасткі кінуўся да яе. Радасць зусім замуціла яму розум — на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў сетку, завіс, затузаўся, запішчаў.

Вось ён, той выпадак, тое няшчасце, якога трэба баяцца…

Запалоненыя дэльфіны ўраз перасталі мітусіцца. Бяда, якую яны чакалі з усіх бакоў, увасобілася ў адной, канкрэтнай — і ўсе імкліва рынуліся да дэльфіняці. Паплыў і Радж — на ўсёй хуткасці, на якую хапала сілы. Але гэта была хуткасць чарапахі на сушы ў параўнанні з тою, якую маглі развіць дэльфіны.

Таўхатня — не прабіцца. Дэльфіны тузалі малога за хвост, за плаўнікі, некаторыя хапалі ротам за сетку і трэслі, нібы гэтак можна было вытрасці з яе дэльфіня. Да Раджа адразу скіравалася некалькі разяўленых пашчаў, утыканых зубамі-калочкамі. Але ніводзін дэльфін не ўдарыў рострумам, не схапіў зубамі, і Радж расштурхоўваў іх у бакі, даваў кухталёў то пад жывот, то ў галаву, адштурхоўваў ластамі… Вось ён, малыш, убіўся дзюбаю так глыбока, што пятля ўелася пад ілбом, прарэзала плоць. І чым больш тузаўся малы, тым мацней упівалася капронавая ніць, у вадзе закручваліся ўжо струменьчыкі цёмнай крыві… І правы плаўнік ублытаны, але на ім, здаецца, парэзаў не было.

Радж падчапіў ніць крысам…

Усплываючы следам за дэльфінамі, якія кінуліся да паверхні, штурхаючы сабою і малога, ён начыста забыўся пра парэзаную сетку, пра тое, што пускаў у ход нож. Радасць перапаўняла грудзі, і каб гэта было не пад вадою, то заспяваў бы ці засвістаў.

Вось ужо дэльфіны на паверхні, Раджу відаць, як двое, а потым нават трое, свецячы белымі жыватамі, з бакоў і ззаду, нібы ў ганаровым эскорце, суправаджаюць малога, не адстаючы ні на метр. Калі Радж дасягнуў паверхні, адразу зірнуў за сетку — дзе дэльфінка? І раптам вада ўзбурліла, вялізнае і гібкае цела ўзвілося дугою ўгору і з шумам-плёхатам абрушылася зноў у ваду, але ўжо ўнутры загародкі (Радж ледзь паспеў адхіснуцца, яго акаціла вадою, як з бочкі). І зразу дэльфінка рванула да тых, што вадзілі, суправаджалі яе дзіця, падмяніла аднаго з левага боку.

«Ну і ну, — падзівіўся Радж. — Дзіця даражэй за волю». Але і другому здзівіўся: чаму не могуць прарабіць такі ж Мансур акружаныя дэльфіны, толькі наадварот — сігануць з загародкі на волю? Няўжо для гэтага ў іх не хапае глуздоў? Нават дурная рыба, калі цягнуць невад на бераг, стараецца выскачыць.

— …за борт!!! — пачуў Радж урывак Судзіравай каманды.

Аглянуўся: з сярэдняга, галоўнага катэра скокнулі з абодвух бартоў у ваду двое лаўцоў. З двух крайніх боўтнулі па аднаму чалавеку. Па аднаму кульнуліся і з глісераў, усе былі ў аранжавых надзьмутых жылетах. Лаўцы сталі загоншчыкамі: крычалі, білі рукамі па вадзе, боўталі нагамі ў тых пралазах пад бартамі, дзе сеткі задзіраліся ўгору, — адпужвалі дэльфінаў.

Радж спрабаваў наблізіцца да тых дэльфінаў, што не адыходзілі ад малога. Хацелася лепш агледзець яго, можа, удалося б першага адлучыць і вылавіць, каб хутчэй аказаць медыцынскую дапамогу. Але дарослыя не падпускалі блізка, хутка аддаляліся, робячы чарговы круг уздоўж загародкі.

А неўзабаве ў агароджанай прасторы ўсё забурліла ў паспешлівасці і мітусні. На сярэднім катэры, аказваецца, была яшчэ і шлюп-бэлька, яе «рука» вытыркла над правым бортам, але бліжэй да носа. На стропах замахаўся пад ветрам абвіслы кавалак парусіны. Вытырклі стрэлы таль-блокаў з левага і правага катэраў. Дзіва, Радж не заўважаў, быў такі таль-блок на яго катэры ці не. Можа, яго так павярнулі стралою, што зусім не кідаўся ў вочы. А мо гэта былі якія часовыя прымітыўныя збудаванні, зручныя, каб можна было іх хутка сабраць і разабраць. З гэтых таль-блокаў таксама спускалі стропы з гамакамі-сеткамі, адзін ужо лёг на ваду.

Радж кідаўся на дапамогу то адной групе лаўцоў, то другой, памагаў падганяць дэльфінаў да гэтых палотнішчаў ці падсоўваць палотнішчы пад дэльфінаў. Плюхат, выкрыкі, лаянка… Радж то вымаў загубнік з рота, каб не замінаў, то зноў хапаў яго, калі трэба было паднырнуць пад дэльфіна, прыўзняць яго балонамі над вадою. Часам ныраў без загубніка, а ўсплываў — браў у рот. Ён ужо кашляў — нахапаўся вады, але валтузіцца з дэльфінамі не пераставаў. Вунь ужо завішчалі два таль-блокі пад цяжарам дэльфінаў… Доўгія целы ўздымаліся над вадою марудна, дэльфіны паволі паварушвалі хвастамі.