Выбрать главу

Вярнуўся назад да каморы. Пастаяў, патаптаўся — пайшоў шукаць цётку-дворнічыху. Пэўна ж, хадзіла па парку, выходзіла да заліва, а раптам што бачыла?

Не, нічога не бачыла цётка. Нават пакрыўдзілася за пытанне.

— Толькі што Абрахамс лаяў за лодку, дакладную збіраецца падаваць Крафту! А вы яшчэ і пра хлопчыка!

Дурны зразумее: паміж прапажай яліка і прапажай балонаў, акваланга ёсць прамая сувязь. Янг узяў і тое і другое, кудысьці накіраваўся. А куды? Чаму дасюль не вярнуўся? Дзень канчаецца, можна і наплавацца, і рыбы налавіць… «Рыбы! Вуды ж на месцы… Ну, я ж яму пакажу рыбу, пакажу плаванне! Дарослых не пускаю адных плаваць, абавязкова суправаджаю ды яшчэ і штокамі ўзбройваю. А тут… І я добры дурань… Трэба было ўсё расказаць пра падводнае плаванне. Асабліва тэхніку бяспекі ўдзяўбці ў галаву… Ён яшчэ не ведае, чым пагражае глыбіня чалавеку. Ап'яненне глыбіннае можа быць пасля шасцідзесяці метраў. Няўжо Янг лазіў на глыбіню? А мо выбраўся за рыфы, згубіў вёслы і ў адкрытае мора пагнала?»

А зрокавая памяць узнавіла малюнак: выпучваецца зубасты акулін рот… Крыважэрны хапок — і на баку дэльфіна зеўрае крывавая вырвіна — дзвюма далонямі не закрыць. Бр-р, страшна такое ўбачыць нават у сне. І не дай бог апынуцца сярод гэтых людаедаў у вадзе!

«Пачакаю яшчэ… Ён жа галодны, павінен прымчацца… Але ж і ўсыплю, ох і ўсыплю!»

Прымусіў сябе сесці на тую самую лаўку, хоць зусім не сядзелася. Хацелася сарвацца з месца і некуды бегчы. А куды?

Прайшлі міма лаўкі, вярталіся ад Крафта Судзір з тым лаўцом. Абодва зірнулі на Раджа, але нічога не сказалі. Не зачапіў і Радж Судзіра пытаннем — хай ІДУЦЬ.

Вырашыў прыняць душ. Лягчэй будзе целу, палягчэе мо і на душы. Дый час хутчэй пройдзе: проста сядзець і чакаць было невыносна.

Стаяў пад вялымі, зусім не было напору, струменьчыкамі доўга…

Выціраўся ў прыхожай, дзе стаялі шафачкі, яшчэ даўжэй. Пачуў, што Судзір не развітаўся з госцем, там нават чаркі звіняць. Няйначай п'юць барыш, добра злупілі скуру з Крафта. «Віншую… Трымайся цяпер…» — «І цябе віншую… Цяпер — Горны?» — «Не абзываюцца пакуль што. Ды нідзе не дзенуцца…» Гамана прыглушаная, часам можна разабраць толькі асобныя словы. Віно ці каньяк патрохі развязвала языкі, загаварылі мацней. Ужо і фразы некаторыя можна разабраць. Судзір:

— Гэта лёгка было зрабіць. Як і з тым… Я ж на месцы… А нашто?

Лавец:

— Закон ёсць закон. Судзір:

— Я пераканаў тады… Шэф перадаў, што згодзен пачакаць. Ён нам яшчэ спатрэбіцца… Асабліва цяпер.

Лавец:

— Ну — глядзі. Сам ведаеш… што на карту пастаўлена. Потым позна будзе раскайвацца!

Судзір:

— У любы момант паспею. Ен не даносчык, у паліцыю не бегаў. І ў бальніцу тады не хадзіў… У рабоце старанны… Патэнцыяльны дрэсіроўшчык.

Скрыпнулі і прыстукнулі ў Судзіра дзверы. Галасы зусім паглушэлі. І Радж зразумеў акустычны фокус: чуваць толькі тады, калі адчынены дзверы ў персанальную Судзіраву душавую.

Пра каго зараз гаварыў, каго меў на ўвазе Судзір? Зноў нейкія падазроныя размовы, невядомыя планы.

У Судзіра зашумела, заплюхала вада. Ці сам ён, ці госць зайшоў папаласкацца.

«У горад трэба… Купіць чаго, хоць макаронаў якіх… Крыху алею яшчэ ёсць…» — думаў, замыкаючы камору.

Каля прахадной чуваць гамана. Цётка-вартаўніца ўпарта і павышаным голасам паўтарае:

— Ніякага Абдулы я не бачыла! І Янга няма… З самага ранку я тут — няма, не бачыла!

— Санта Марыя! Ды яму ж няма больш куды хадзіць! Гэта Янгаў друг, аміко… І сабачка з ім чорны быў, кучаравы такі…

— Ні кучаравага, ні праставалосага не бачыла. А на тэрыторыю не пушчу, мадама. Усё!

Раджу таксама давялося выслухаць іх размову і пацвердзіць, што хлапчукоў сапраўды няма. Сам хацеў бы ведаць, дзе яны бадзяюцца.

— Гэта жахліва! У яго сэрца няма — марыць Тота голадам цэлы дзень… Вы не брат Янга? Такі падо-о-об-ны… Скажу вам кампліменто: вы вельмі прыемны малады чалавек… Будзьце ласкавы, з'явіцца Абдула — пашліце яго хутчэй у гатэль. І скажыце гэтаму разбойніку, што ў мяне пачынаецца нервовае знясіленне ад яго фокусаў… Я ўжо не магу распараджацца сваім часам, усё яго чакаю! Я не адпачываю, а толькі перажываю і хвалююся! Гэта не проста коміко, гэта партыджано… Скінуў з плечыкаў маю самую лепшую сукенку — паўмільёна лір заплаціла! А свае транты павесіў у шафу! Адны транты, адзін бруд, у смеццеправод трэба было выкінуць. Я ж яму новае ўсё купіла! А ён…

Не было калі слухаць гаваркую італьянку. Радж паабяцаў усё зрабіць так, як сіньёра просіць, і адкланяўся.

Амаль гадзіна прайшла, пакуль вярнуўся назад. Пра трэніроўку каратыстаў так і не ўспомніў, а сёння ж трэба было ісці да містэра Ромеша ў падвал.

Італьянкі каля прахадной не было. Паглядзеў запытальна на вартаўніцу. Тая зразумела пагляд:

— Не было, не з'яўляліся яшчэ.

«А чаго яны пойдуць цераз вароты?.. Яны з мора падплывуць». Радж усё яшчэ спадзяваўся, што прыгода хлапчукоў скончыцца добра. Ён і ўявіць не мог, дзе зараз яны знаходзяцца і чаго магло нарабіцца.

Ён і макаронаў наварыў, і астыць яны паспелі. Зноў падагрэў і еў адзін, а яны раслі ў роце, засядалі ў горле. Сонца ўжо села, імкліва насунулася цемра. Уключыў святло, і ў расчыненыя дзверы хлынулі малыя і вялікія таўстабрухія матылі. Напружана прыслухоўваўся да гукаў на моры, на алеях дэльфінарыя. І ўрэшце пачуў жаночыя галасы, нават усхліпванне. Заскрыпелі бамбукавыя маснічыны на мосціку.

— Во тут… Вунь дзверы адчыненыя… — вылучыўся голас вартаўніцы.

Радж выскачыў на двор, але цёткі ўжо не ўбачыў — пайшла назад да прахадной. У паласу святла ўступіла кучаравая чарняўка — заплаканая, знябожаная, у нейкай абарванай зверху, нібы абгрызенай спаднічцы.

— Натача?! — пазнаў Радж. Схапіў за руку, імкліва пацягнуў у камору. — Як ты тут апынулася?

Натача ўгнулася, затуліўшы твар рукамі, затрэслася ў плачы.

Раздзел трэці

1

Штуршкі былі не грубыя, але моцныя, працяглыя — больш пад грудзі і жывот, часам даставалася па барадзе і па носе — ледзь не спускалі юшку. Гэта тады, калі глыбока зарываўся тварам і мог зноў удыхнуць вады. Янг яшчэ не апрытомнеў добра, але ўжо чуў, як горла адпусціла спазма-сутарга, як дзікі, з ірвотаю кашаль драў кіпцюрамі горла і бронхі. Калі ж змог успрымаць крыху больш, адчуў боль у грудзях, у жываце, у чэрапе. Немым болем нылі суставы, тупа торгалі мышцы на руках і нагах, шчымлівы сверб перабіраў скуру. Паміж лыткай і костачкай на левай назе пякло, як агнём — скура там, мабыць, была злузана.

«Пху-ух-х!.. Ф-фуш-х-х… Ху-ф-ф…» — здаецца, пачуў скрозь шум дзіўныя і вельмі знаёмыя гукі. Заматаў, затрос галавою, каб вылілася з вушэй вада, і з правага вуха сцёк цёплы струменьчык. «Пфу-ух!» — пачуў ужо больш выразна. Паспрабаваў сам варухнуць рукамі і нагамі, каб трымацца на вадзе. Так, ён быў на вадзе, а не пад вадою… На ва-дзе! Прытым вада здалася больш цёплаю, чым у возеры, на глыбіні. Але гэтага цяпла было так мала для яго збалелага, змучанага цела!

Стуліў губы, заціснуў нос, паспрабаваў прадзьмуць вушы, робячы глытальныя рухі. Цяжкія выдыхі і справа, і злева, чуў і свіст, і скрып, і нейкае бляянне ці мармытанне. «Дэльфіны?! — прабілася скрозь боль і каламуту ў галаве. — Са мною дэльфіны?!» Махнуў некалькі разоў сажонкамі да бліжэйшага «Хуф-фх!», і далонь каўзанула па гладкім, як адпаліраваным, халодным целе. Правёў далоняй, намацаў спінны плаўнік. Па велічыні яго пазнаў: не дарослы дэльфін папаўся яму, а малыш. І не ўцякаў ён ад Янга, а мацней запрацаваў хвастом, як толькі адчуў, што ўзяліся за плаўнік. Можна было крыху падгрэбаць леваю рукою, памагаць дэльфіняці, але ў Янга было яшчэ так мала сілы!