Выбрать главу

Куды ж вязе яго малыш? Дзе Янг апынуўся? На тым свеце, напэўна. Успомнілася, як тапіўся, як паміраў на дне возера, як засмоктвала яго вадзяная віхура… Так, толькі на тым свеце можа быць такая пракаветная цемра, без адзінай зорачкі над галавою. Але ж чаму тады ён усё адчувае, як жывы? Янгу баліць, як жывому, а на тым свеце павінна быць толькі лёгкасць і насалода для душы і цела, поўная нірвана. Праўда — толькі для праведнікаў, для тых, хто ніколі ніякага граху не дапусціў. А якія грахі за дванаццаць гадоў жыцця займеў ён, што Вішну разгневаўся і шпурнуў яго ў пекла, у цемру?

Вада здаецца не чорнай, яна, як разведзенае малако, сям-там нават прабягаюць нейкія іскрынкі ці кропкі… Значыць, і на тым свеце мора ёсць і дэльфіны?!

«А дзе ж людзі? Іх жа сотні памірае, тысячы… Чаму я адзін тут? Можа, гэта яшчэ толькі дарога ў пекла, на той свет…» Над галавою ўбачыў невялічкую светлую пляму, яна ўвесь час пашыралася, а потым рэзнула святлом па вачах. Прасветліна ў вышыні была не круглая, а нібы скрыўленая і худзенькая васьмёрка. Дэльфіня замерла на месцы, перастала працаваць хвастом, а дарослыя дэльфіны павольна і спаважна, зрэдку пасвістваючы, закружыліся вакол Янга. Нібы давалі магчымасць удосталь налюбавацца святлом, што прабівалася зверху. І Янг глядзеў на здвоеную светлую плямку як на незвычайны цуд і заўважыў ужо, што яна блакітная і на гэтым блакіце відаць нават некалькі агністых іскрынак. «Неба?! І зоркі?! На светлым небе — зоркі? Там яшчэ дзень, а так не бывае, каб удзень — зоркі! Толькі на тым свеце такія фокусы бываюць…» Потым Янгу здалося, што на той светлай пляме нібы штосьці мітусіцца, лётае, здаецца, нават учуў мышыны піск. «Няўжо кажаны?!» А як высока да іх! Тая светлая дзіра здалася праломам у купале высознага храма-палаца. Нейкая пачварная сіла разламала, разарвала зямлю, стварыла гэтае скляпенне, спічасты грот.

Так, гэта пячора, грот, заліты вадою. Янга ўсмактала на дне возера ў шчыліну, правальваўся туды з прыгодамі, засядаў, і яго не вельмі далікатна хтосьці цягнуў за нагу, ратаваў. Хто кінуўся яму на помач у вадзяны хаос і цясноцце, хто мог учуць яго апошні, перадсмяротны крык? Радж неяк гаварыў, што дэльфіны страшна баяцца вузкіх шчылін, ніколі не лезуць у іх, каб не засесці. Гэтая боязь у іх з роду ў род перадаецца, з пакалення ў пакаленне. Але ж нехта з іх адважыўся на подзвіг, перамог страх.

Дэльфіны размясціліся наўкол Янга на самым светлым месцы. Відаць, як павыстаўлялі з вады морды, паразяўлялі раты, можна прыкмеціць нават вострыя калочкі зубоў. Колькі ж дэльфінаў? Тры, чатыры… Малыш — пяты… Усміхаюцца, нібы ў загадкі гуляюць: угадай, хто перад табою? Адзін вытыркнуўся з вады настолькі, што паказаліся тры белыя драпіны на баку.

— Ева-а-а! — крыкнуў Янг хрыпла і радасна, пазнаючы. Пад скляпеннем прагуло рэха, мітусліва запырхалі мышы. — А гэта Дзік! Ты гэта, ты!!! Не круці галавою… — Янг падплыў да яго. — Во, і зуб той, што не ў шарэнзе, і чатыры пенчукі справа… Ты, жулік, ты! А малыш — Бобі! Нашы дэльфіны-ы! Ура-а-а!!!

Раскатамі загрымела рэха, зверху нават штосьці адарвалася і плюхнула ў ваду. Янг пакінуў Дзіка, павярнуў да Бобі. А той ужо і сам плыў насустрач. Пацерліся шчокамі, Янг нават пацалаваў яго. Наўкол кружыліся і з палёгкаю ўздыхалі дэльфіны. Нібы і ім было дасюль жудасна адным у гэтым падзямеллі. Хто іх сюды загнаў, запраторыў? «Іх схавалі тут… Значыць, недзе павінен быць выхад у бок мора… І нечым загарадзілі той выхад, каб не паўцякалі. Самі дэльфіны не могуць разгарадзіцца. А калі я ім памагу?»

Ён ледзь знаходзіў сілы, каб трымацца на вадзе. Варта было саскаўзнуць руцэ з Бобі, і мог бы ўтапіцца. Сілы, каб абаперціся на дэльфіня, ужо не сабраў бы.

«Нідзе не дзенецца той выхад… Калі ёсць ён…»

Адпачыць бы, абсохнуць… Здранцвеў дарэшты, дзеравянеюць рукі і ногі. Хочацца стагнаць і плакаць — не хапае духу трываць пакуты.

Пакіраваў Бобі за рострум уздоўж сцяны, сяды-тады спрабаваў перабіваць нагамі. Плылі марудна, вельмі марудна ў глыб грота, у цемру ад светлай плямы.

Вочы, пабыўшы трохі на святлейшым, не хацелі нічога бачыць, слязіліся ад напругі. «Стой, Бобі, стой… Я руку памяняю…» Пералез на правы бок дэльфіняці, узяўся за плаўнік леваю рукою, а праваю вёў па слізкім камені, па мокрай скале, мацаў. Вось ужо і востры кут, тупік… Заплюхала ў ваду з невялічкіх выемак нейкая жыўнасць — мо крабы, мо яшчэ што. Павярнуў Бобі назад, паўз другую сцяну, процілеглую…

Уперадзе, куды вобмацкам прасоўваліся, мінуўшы светлую пляму, чуўся той глухі, нудны і роўны шум. Грот меў падоўжаную, з вострым тупіком форму. А ў гэты бок сцены разыходзяцца ўсё больш і больш. «Бобічак, не тузайся, не вырывайся… Пацярпі, мілы…»

Раптам правая рука правалілася ў пустату, і з-за павароту ў вушы ўдарыў шум і роў вадаспаду. Нагою абмацалася пад вадою прыступка, хоць і коўзкая, у нарасцях. Паспрабаваў стаць на яе абедзвюма нагамі і… пляснуўся дагары. Забоўтаўся, паварочваючыся на жывот, кіруючы да скалы. На падводную прыступку стаў каленьмі, учапіўся, як мог, рукамі — успоўз вышэй. Распаўзаліся ў бакі, часам траплялі пад руку большыя і меншыя крабы, плюхалі ў ваду. Зрабіў колькі няўклюдных крокаў на карачках — і стукнуўся галавою ў скалу. Сілы пакінулі зусім, рукі і ногі падкасіліся.

Так і заснуў тварам на выцягнутых руках, а мо і прытомнасць страціў.

2

Ногі гайдаліся, варушыліся, а штосьці важкае сядзела на назе, дзе канчалася калашына, і грызла, драпала за ранку вышэй костачкі. Яшчэ добра не ачомаўшыся, цярнуў другою нагою па той калашыне — спіхнулася штосьці кастрава-колкае, бясформеннае, як востравугольная камянюка. Ад агіды і страху ўздрыгнуў: краб, каб ён здох…

Колькі ён праспаў? У галаве ясна і не вельмі баліць, дый увесь пачуваўся мацнейшым. Асцярожна, паволі разгінаючыся, паспрабаваў устаць. Не, выступу няма, памахаў угары рукою — пуста. Павярнуўся тварам да скалы, абмацаў яе рукамі. Крута дыбіцца халодны мокры камень, ніводнай зачэпкі. Сеў зноў, абхапіў сябе за плечукі рукамі, пацёр, памасіраваў, паціскаў. Чуў пад далонямі, што рубашка на плячах хоць і сырая, але ад цела высахла, не цячэ з яе. Але гэтага так мала! А як бы хацелася адзецца ў сухое, сагрэцца! Праўда, тут і сухое ўраз адсырэе: паветра густое ад вільгаці, зверху цаляюць па галаве важкія кроплі. Эх, каб на сонейка хутчэй выбрацца, на волю! Якое гэта шчасце — мець сонца над галавою!

Прыпомніў, як даплыў з Бобі да гэтага выступу з пляцоўкай, як узлазіў на яе. Цяпер ён сядзіць спінаю да таго выступу, аб які стукнуўся. Значыць, калі ўстаць і павярнуцца да яго тварам, а потым паціху, учаперыўшыся, схіліцца ўправа, то можна зазірнуць у грот-храм з дзіркаю ў купале, адтуль ён плыў, там крыху святлей. Янг і прарабіў усё гэта вельмі асцярожна, прывучаў ужо сябе да асцярожнасці і абачлівасці, прывучаў арыентавацца ў цемры. Схіліўся — і нічога не ўбачыў: чарната, толькі сям-там плямамі шарэе вада, часам па ёй прабягаюць ледзь заўважныя фасфарычныя палоскі. Мусіць, ноч ужо, глыбокая ноч. Ен жа не ведае, колькі праспаў.

А мо і не трэба сачыць за часам? Якое гэта мае значэнне, калі цёмна ды цёмна!

«Ты дзе, Бобі? Плыві сюды!» — прасвістаў умоўны сігнал. І падумаў, што не пачуе яго малыш. Шуміць безупынку вадаспад, хоць І не так звонка, як раней: прыліў глушыць, вада паднялася ў пячоры.

Але прайшло мо якія хвіліны дзве, як каля Янгавых ног пачуліся «Пху-уф…» і кароткі скрып. Схіліўся да вады і намацаў мордачку Бобі. Той даўся палашчыць і тут жа ссунуўся ў ваду, знік з-пад рукі.

— Ты куды, дурненькі? — не вытрываў і пачаў свістаць зноў.

Прапаў Бобі, як І не было. «Пакрыўдзіўся… Рыбкі не даю… А дзе ж яе ўзяць, тую рыбку? Можа, і ёсць у гэтай пячоры рыба, то хай сам ловіць… І я дзякуй сказаў бы, каб хто рыбкаю пачаставаў, ды яшчэ смажанаю…» — у Янга набегла поўны рот сліны, заныла ў жываце. Толькі цяпер адчуў страшэнны голад.

Зноў пачуў «Ф-фу-ух!» блізка каля сябе і нейкае ласкавае, нібы кашэчае мармытанне. Нагнуўся ў той бок, працягнуў руку. І адразу намацаў галаву дэльфіна. Малая галава, Бобі, значыць… «Ну й хуліган малы…» Правёў рукою да рострума, хацеў ухапіць за верхнюю сківіцу, павадзіць у бакі. А рука намацала штосьці цвёрдае, шырокае.