І вось па возеры марудна сунецца плыт. На ім сядзяць тры чалавекі, Радж і Амара ў камбінезонах і аквалангах, Даял — так. Грабуць і рукамі, і нагамі ў ластах, кіруюць у бок астраўка. Натача і Абдула глядзяць, каб быць упоравень з імі, карабкаюцца і па беразе ў бок паўднёвай стромы. То Натача, то ён не вытрымліваюць, галёкаюць зверху плытнікам, куды плысці, у які бок забіраць, каб трапіць акурат на тое месца, дзе ўсплыў і кружыўся Янгаў акваланг.
А потым яны садзяцца на самым беражку кручы, спускаюць уніз ногі і не зводзяць вачэй з плыта. Што там робіцца? Во — панадзявалі ўжо маскі, пабралі ў рукі цяжкія ліхтары і штокі, кінуліся спінамі ў ваду… Во — дзядзька Даял, растапырыўшы ногі на дошках, перабірае ў руках лінь, папускае яго ўсё больш і больш. Урэшце становіцца на калені, потым садзіцца, а лінь трымае, хоць ён увесь разматаўся… Во — напінаецца ўжо лінь, а плыт пачынае плысці то ўправа, то ўлева, то закружваецца на месцы вакол сябе і вакол нейкага лапіка вады. Нібы гіганцкі паплавок велізарнай, як на кіта, вуды. А раптам і праўда возьмецца якая пачвара, і плыт-паплавок заходзіць, заскача, як вар'ят, а потым коса сігане пад ваду?
«Як гэта сігане? — жахаецца Натача. — Там жа не прыманка… Не чарвяк… Там жа Амара прывязаны!» — дзяўчынка ажно галавою матае, каб адчапіцца ад страшнай уявы.
І зноў глядзяць на плыт-паплавок, зліўшыся са скалой, скамянеўшы. Глядзяць і чакаюць цуда. З вады павінны вынырнуць утрох, а не ўдвух. З імі і Янг будзе, жывы і здаровы, нават разрагочацца на ўсё возера: «Ха-ха… вось і я! Ну й жарцік я з вамі разыграў!..»
Ніяк нельга было ўявіць хлопца мёртвым.
А плыт апісвае ўсё шырэйшыя кругі. А сонца пячэ ў патыліцы ўсё больш няшчадна, і ў Натачы і Абдулы баляць галовы, стукае ў скронях. Час паўзе так марудна, што хочацца закрычаць не сваім голасам, каб штосьці перапыніць ці прыспешыць, узарваць невыносную цішыню. Натача суе ў рот пальцы, з усёй сілы цісне зубамі на костачкі…
«Ну што-о, ну як там?» — хочацца крычаць і Абдуле. А каму крыкнеш? Лопаюцца толькі мо сотнямі адразу бурбалкі вакол плыта. Часам бурбалак не відаць, узрываюцца недзе якраз пад плытам.
І раптам убачылі, што Даял усхапіўся на ногі, заперабіраў рукамі лінь, закідаў яго сабе пад ногі петлямі. Радж і Амара, значыць, пайшлі на пад'ём…
І зноў час нібы застыў на месцы, сонца замёрла над самаю галавою, не хоча саступіць убок ні кроку. Бязлітаснае сонца, забойца-сонца… Натача і Абдула ўсхопліваюцца на ногі, і хлапец тут жа хістаецца і ледзь не падае, Натача яго падхоплівае. Глядзяць на Даяла, пытаюць у Даяла, пытаюць у возера — нема, без голасу: «Ну што-о там? Што-о?!»
І раптам разам з бурбалкамі каля плыта з'явіліся чорныя мячыкі галоў, бліснула шкло масак. Радж і Амара ўсплылі адначасова, Даял памог ім ускараскацца на плыт.
Без Янга ўсплылі!.. Паселі на краёчак, унурыўшы галовы, і… маўчаць!
Натача разрыдалася. Абдула падтрымаў яе за плечы, пасадзіў на зямлю. І ў яго цяклі па шчоках слёзы, і ён не мог нічога з імі парабіць, хоць стараўся стрымлівацца.
Маўчаць хлопцы на плыце. Вось адзін, а потым другі марудна сцягваюць маскі і зноў сядзяць угнуўшыся. Даял становіцца на калені і просіць Раджа падняць нагу, адшпільвае ў яго адзін ласт. Грабе Даял ластам, паволі кіруе да берага — туды, адкуль і адплывалі на пошукі.
Натача і Абдула нічога не крычаць ім, не пытаюць, падтрымліваюць адзін аднаго і прабіраюцца верхам, брыдуць туды ж. Там, скрыжаваўшы рукі на грудзях, стаіць як укопаны другі насільшчык, Мамада. Стаіць і ні кропелькі, мабыць, не перажывае: чужое гора як бы і не гора. Яго нанялі не плакаць, нанялі на цэлы дзень, і ён цярпліва адрабляе час.
Выйшлі Амара і Радж на бераг, пахістаўшыся на камянях, пакоўзаўшыся ластамі. Радж адразу зняў і другі ласт, выбраў вялікі камень і прысеў. Даял паглядаў то на Раджа, то на Амару, чакаў далейшых распараджэнняў. А яны нічога не гаварылі, Амара адкінуў некалькі камянёў, расчысціў пляцоўку і ўлёгся ніцма на цёплы пясок. На нагах у Амары былі два ласты, каля Раджа ляжаў адзін. Затое на плыце былі два… Два, а не адзін!
— А той лішні — чый? — схапіла яго Натача, падбегла да Раджа. Упала на калені, пачала вадзіць пальцамі па рубчыках, рэбрах ласта. А пальцы дрыжаць, дрыжаць!..
— Янгаў… ласт… — вымучыў Радж. — Засеў у расколіне пад вадою… А самога засмактала, мабыць, пад зямлю… Там такая вярцеліца, вада бушуе…
Абдула адвязаў ад запасных балонаў Тота, узяў на рукі, бо той усё рваўся, станавіўся на дыбкі. Падышоў да Натачы, прысеў на кукішкі і таксама памацаў ласт.
— Вы з Янгавым аквалангам, як вылавілі з вады, нічога не рабілі? — уздыхнуўшы, спытаў Радж.
— Не, — за дваіх адказала Натача, выціраючы слёзы.
— Рэмень паясны нармальна расшпілены. Значыць, сам, свядома расшпіліў пад вадою. А мо і несвядома… І ласт акуратна адшпілены… Янг быў п'яны!.. Глыбіннае ап'яненне — ёсць такая каварная штуковіна.
— Пра гэтае возера ў нас розныя легенды ходзяць… Страшныя! — Даял патаптаўся і таксама сеў на камень. — Быццам на дне жыве дракон вогненны. Часам як дыхне — дым і пара валяць! Усё з'ядае дракон, што ні трапіць жывое ў возеры, і раве: «Ма-ал-а-а!» Таму і рыбы тут амаль няма, і людзі не хочуць сяліцца, баяцца нават хадзіць сюды.
— Тут было так… — азваўся ўрэшце і Мамада. — Кідалі рыбакі бутэлькі пад кручу… Так налівалі вады і затыкалі, каб бутэлька нібыта танула, нібыта плавала. А праз тыдзень вылоўлівалі… во-о там, каля Горнага, — не азіраючыся, Мамада паказаў за спіну. — І нават на захад туды, каля Зубоў Дракона… Як цячэнне цягне.
— Радж… Міленькі, родненькі… Сёння трэба шукаць, не чакаць тыдзень! У моры шукаць, каля берага… Мо і Янга туды вынесе. Там, мабыць, рэчка падземная.
— Будзем, Натача, будзем…
— Але ж чалавек — не бутэлька, — сказаў Амара, не падымаючы галавы.
— Будзем шукаць… Хоць надзеі ніякай… — хрыпата перахапіла горла Раджа.
— Дык што — плыт развязваць? — спытаў Даял. Радж кіўнуў.
У самы раз было б перакусіць, сонца даўно з паўдня. Натача ведала, што ні Радж, ні Амара нават не аграшыліся, крошкі зранку ў роце не было. І раніцаю паплылі не снедаючы. Але на прапанову пакруцілі галовамі. Насільшчыкі маўчалі, бо ніхто з імі, наймаючы, пра харчы не гаварыў. І Натача пакарміла са сваіх запасаў толькі Абдулу і Тота.
5
— Вунь яны… Зубы Дракона… — кіўнуў Мамада ўправа, нават рукою паказаў.— Старыя расказваюць… Рыбакі раз паспрабавалі закінуць сеткі ў возера. Дык Дракон так разгневаўся, так пляваўся камянямі ўпопускі — ледзь ногі вынеслі. А потым не было чым шпурляць, дык зубы выплюнуў.
Унізе, нібы на першым паверсе берага, панаваў каменны хаос, а ўправа, куды тыцнуў рукою насільшчык, вастракутных і тупых глыб-скал было наварочана кучамі.
З вады таксама тырчала некалькі вострых, як кіпарысы, зазубрын-шпянёў. Чорныя, высозныя… Паміж імі было накідана і малых, нібы пакрышаных. У закавулках, лабірынтах і прамоінах паміж імі мора ўзбівала белыя кактэйлі.
— Мы з Янгам не тут спускаліся… Туды, бліжэй да лагера, — сказаў Амара.
Пасля пераходу, карабкання па камянях усе дыхалі як загнаныя. Грузу пабольшала, давялося несці яшчэ і Янгаў акваланг, яго запасныя балоны.
— Прыйдзем і туды… Правільней, яны падыдуць. Вы патрохі пераносьце і пераносьце рэчы па беразе, — звярнуўся Радж да насільшчыкаў.— А мы — морам.
Пад вадою праплывём, а вы зверху глядзіце, прыбой глядзіце… — і згроб жменяй кроплі з ілба. Хацелі з Амараю сэканоміць час, не скідалі гідракасцюмаў, але, відаць, дарэмна: запарыліся зусім. Струменьчыкі поту казытліва цурчалі па жалабку на спіне, па нагах. Хацелася хутчэй залезці ў марскую прахалоду, але было і небяспечна — у такім стане можна і прастудзіцца.
Памянялі ў аквалангах балоны на запасныя і пакарабкаліся з імі ўніз. А насільшчыкі і Натача з Абдулою злазілі павольней, падавалі адзін аднаму рукі, спускалі рэчы. Пакуль папераносілі ўсё на больш-менш роўны лапік і зрабілі першы прывал, бачылі, як усплывалі Радж і Амара, а потым зніклі пад вадою надоўга.