Выбрать главу

— Во, глядзіце! — Натача ўпала перад Раджам на калені, працягнула да яго далонь, ледзь не ў нос, і тут жа — Амары: — Жывы ён, жывы-ы-ы… — яна прыціснула далонь з тым, што паказвала, да губ.

Радж схапіў яе за руку, з сілаю адвёў уніз.

— Ды пакажы-ы ты-ы… чортава…

Але Натача выхапіла леваю рукою з правае нейкую анучку, затрэсла ёю.

— І во! — затузала падолак спаднічкі.— З маёй сукенкі гэта! Такая самая матэрыя… Во тут вылавіла, у прыбоі!

— Ага! Праўда! — памагаў Натачы, то прысядаў, то ўсхопліваўся на ногі і Абдула. Тота матляўся ў яго пад рукою і павіскваў.

— Ці мала ў прыбоі смецця.

— Якое смецце?! Глядзі-і… як згорнуты кавалачак… і звязаны… А як звязаны? Тры пятлі, як кветачка… Зусім нядаўна Янг вучыў мяне вязаць такія банцікі! — Твар у Натачы пылаў, губы дрыжалі.

Радж асцярожна ўзяў двума пальцамі шматок, паклаў сабе на далонь. Торкаў пальцамі ў вільготны згортачак, спрабаваў кіпцем падчапіць петлі, каб разабрацца, як завязана тоненькая нітка. Але яны былі мокрыя і зліпаліся… Хмыкнуў недаверліва, хацеў ужо кінуць за спіну, у мора.

Натача схапіла згортачак, парвала нітку, разгарнула шматок, вытрасшы з яго крыху зелля.

— Чаго б тады гэтаму кавалачку быць тут? Нашто каму рабіць такія згортачкі і вязаць Янгавымі вузламі? — гарачылася Натача. — Ён ніяк не мог падаць пра сябе вестачкі! Не напішаш, не вынесеш, не пашлеш… Што было пад рукамі, з таго і рабіў. Вадзе даверыў, а яна вынесла… Маю блузку парваў. Ён ведаў, што мы яго будзем і тут шукаць, і зрабіў, каб толькі нам было зразумела… Ну і Янг, які ён разумны, які хітры! Ён жывы-ы-ы!..

— Калі ўсё так, як ты гаворыш… — пачаў нешта гаварыць Амара, але паглядзеў на Раджа. Той заплюшчыў вочы. — Ты што? Табе кепска?!

— Нічога, нічога… — адказаў Радж, не расплюшчваючы вачэй, падыхаўшы. — Заціскае штосьці там… Ператаміўся сёння.

— Калі ўсё так, Натача… — Амара павярнуўся да яе. — То ў твае рукі трапіў адзін шанц з тысячы. А мо і яшчэ меншы, — ён узяў у Натачы кавалачак, разгладзіў на далоні.

— З тысячы? Ён жа не мог тысячу такіх кавалачкаў з блузкі нарваць, — не зразумела Натача.

— Я не ў тым сэнсе… Каб застацца жывому, у яго не было шанцаў. А выжыў! Каб трапіў табе ў рукі гэты шматок… Няхай ён хоць дзесятак ці два іх пусціў… Але таксама шанцаў амаль не было. Цуд, дый годзе!

— Дай сюды! — выхапіла Натача анучку. — Во пляма рудая з краёчку, бачыце? Уся пляма на зорку падобная… Брацік улупіў у плечы каракаціцаю, а яна чарніла выпусціла… На спіне пляма была… Чаго вы сядзіце? Шукаць трэба!.. Ратаваць Янга трэба! — Натача зноў расплакалася.

— Бабу… — падаў занепакоена голас Даял. Дасюль насільшчыкі сядзелі моўчкі, нібы анямелі ад усяго пачутага. — Бабу, я так рады… Я віншую вас. Я веру дзяўчынцы, што брат ваш жывы. Але вы на нас не разлічвайце, калі пойдзеце ў лагер. Мы не падраджаліся на гэта. Мы толькі рэчы несці згаджаліся. А тут… з лагерам гэтым… справа нячыстая.

— Мы не можам вам усяго гаварыць пра лагер, што ведаем. Але «нячыстая» — не тое слова. Слаба сказана! — Радж адшпіліў ласты, сеў па-турэцку. — Там пячора ў іх пад берагам. Калі Янг жывы, то ён у пячоры… Выхад з яе пад вадою на глыбіні чатырох, а то і пяці метраў. А загароджаны хітрамудра, па-навуковаму. Сядзіць Янг у цемры…

— А мо і не ў цемры — правады забыў? — узлакоціўся Амара, а потым таксама сеў.— То калі там светла, маглі і выявіць Янга, злавіць… Але каб схапілі, то ці змог бы ён пускаць такія цыдулкі? Калі ў пячоры і там вада — то змог бы… А калі дзе пад замком сядзіць, на беразе ўжо?

— Пад замком седзячы цыдулак не пусціш — факт, — згадзіўся Радж. — У пячоры ён — гэта таксама факт… А ўдвух нам у лагер таксама нельга совацца. А калі ўсё-такі ўчатырох, га? — паглядзеў просьбітна на Даяла.

— Радж-бабу, мы цябе вельмі запаважалі, але ты нас адпусці! Дзеці ў мяне… — узмаліўся Даял.

— А я жаніцца збіраюся, нявеста чакае! — паспешліва дадаў Мамада.

— Не будзем спяшацца, Радж, — разважліва сказаў Амара. — Галоўнае — ён жывы. А то паспяшаешся рэзаць рогі і адхопіш заадно вушы. Выявяць яны там Янга, то непаздаровіцца яму. У самую ж таямніцу іхнюю пранік!

Ад гэтых слоў Натача зноў захліпала.

.— Ух, такія прыгоды ў Янга! Каб мы там разам былі, тако-ога б натварылі! — забліскаў вачыма Абдула.

— Сціхні, ваяка, — скрывілася Натача. — Сыча ў лесе спужаўся, а яшчэ хоча…

Абдула шморгнуў носам, яму стала трохі непамысна. Але прарэзалася і ўпартасць:

— Я пайшоў бы зараз у лагер і запатрабаваў: «Давайце нам Янга!»

— На бананавым лісце, пад соевым соусам… — дадаў Амара насмешліва.

— Радж-бабу, не раздумвай доўга, пусці нас дадому… — запрасіўся Даял. — Мы і платы ўсяе не будзем сыскваць, а як за паўдня. Усё ж так добра скончылася, і хлопец жывы.

Нічога не сказаў Радж, расшморгнуў на грудзях «маланку», стаў скручваць падол рубашкі трубкаю. Калі трубка дайшла да грудзей, скрыжаваў рукі, ухапіўся за рубашку — сцягнуў цераз галаву.

— Раздзявайся і ты… — кінуў Амары. — Хэпі энда19 няма, але на сёння хопіць.

«Так добра скончылася… Добра скончылася… Хлопец жывы», — таўклося ў Раджавай галаве. І не толькі Радж паўтараў гэтыя словы на розныя лады.

Нічога яшчэ не скончылася. Не пачыналася нават. Як пускаў Янг гэтыя пісьмы-крыптаграмы, то быў яшчэ жывы. А што цяпер з ім? Дзве трэці дня прайшло, а нічагусенькі не зрабілі, каб выбавіць Янга.

— Разбірайце манаткі… — махнуў Радж на рэчы.

Раздзел пяты

1

Няшчаснаму і галоднаму — кожны год высакосны, кожныя суткі — год.

Янг не памятаў, як перабраўся з Крабавага пляжа на парог. Не памятаў, як забіраў з сабою рагожны мяшок, падсцілаў пад бок. Але ачнуўся на парозе, ачнуўся ад рэзкага і звонкага грукату — якраз як б'юць па пустой бочцы з-пад бензіну. Сеў, ашалела круцячы галавою, не цямячы, дзе ён і што з ім. Адно вуха балела і не чула, другое чула добра. Мо ўжо раніца? А вочы ўраз накалоліся на святло лямпачкі, а потым намацалі і тое месца, адкуль далятаў такі аглушальны, памножаны рэхам гук: дон-дын, дон-дэн-дын… Два чалавекі ў чорных гідракасцюмах завіхаліся на Крабавым пляжы каля паласатых бочак — акурат такіх, як пад буйкамі, майстравалі штосьці падобнае на плыт. Мабыць, усё, што трэба было, падрыхтавалі ў лагеры, бо плыт збіраўся з гатовых дэталяў. Чатыры бочкі былі звараны тарцамі па дзве, а зараз гэтыя выдаўжаныя пары злучалі па краях дошкамі, каб атрымаць нешта падобнае на раму. Непадалёку ад работнікаў ляжала сцірта карацейшых дошак, а каля самай вады аднабалонныя аквалангі.

Аквалангісты ўсё гэта сюды даставілі па падводнаму ўваходу, узвалаквалі на пляж, грукату-звону, пэўна, хапала. А от жа не чуў Янг, спаў як забіты. Можна было падплысці да яго, узяць соннага голымі рукамі.

Аснову плыта са скрыгатам ссунулі ў ваду, адзін аквалангіст, пахістваючыся, адразу перабраўся на яго. Пагойдаўся, прысядаючы, выкрыкнуў штосьці падобнае на «Го-го!», потым «Ол райт!». Сказаў, каб другі падаваў яму з берага карацейшыя дошкі. Прыбіў адну, прыбіў другую. Той, што на беразе, набраў дошак цэлае бярэмя і пералез туды сам, расклаў усе памостам. Таксама пагойдаўся, сказаў, што з аднае бочкі не чыста вылілі ваду, бо плыт асядае на адзін рог. А потым стаяў, узяўшыся ў бокі і гледзячы ў напрамку да Храмавага грота, амаль што на Янга. Мо выглядаў дэльфінаў? А першы поўзаў на каленях, круціўся, грукаў малатком, пакуль усё папрыбіваў. Час ад часу той, што стаяў, паварочваўся да прыбівальшчыка, штосьці гаварыў, але з-за стуку разабраць было нельга.

У Янга пяршыла ў горле, хацелася добра пракашляцца, але ён толькі паціху пырхаў, баяўся, каб гэтае пырханне не вельмі вылучалася з шуму вадаспаду. Даймаў насмарк, даводзілася часта выцірацца ці бязгучна смаркацца. Прастыў у гэтай макрэчы і холадзе… Разумеў, што яго становішча ўскладнілася: цяжэй будзе з насмаркам і кашлем ухавацца ад чужых вушэй. Цяжка будзе і пад вадою, калі давядзецца ныраць.

вернуться

19

Шчаслівы канец (англ.).