Выбрать главу

— Ага… Паплыву да іх без акваланга, паспрабую з рук пакарміць… Як дзікія, не верыцца, што з дэльфінарыя.

Той, што памінаў ласо, узяў мяшок з рыбаю і кінуўся грудзямі на ваду, ажно хвалі заплёхалі ў сцены. Другі падцягнуў да ліхтара акваланг, стаў штосьці ў ім падвінчваць ці рамантаваць. Янг быў упэўнены, што дэльфіны не паддадуцца на іх заляцанні, і адхіснуўся ад грэбня. Будуць тут аквалангісты забаўляцца доўга, яшчэ і на дно палезуць з чарпалкамі. Трэба скарыстаць гэты момант!

Ён адным махам перамахнуў бруствер, споўз, мацаючы дол, да вады. Скінуў рагожу, скінуў усё адзенне дагала — так, як яны купаліся без дзяўчынак у лагуне Біргуса. Ціха лёг на ваду, асцярожна і раўнамерна запрацаваў рукамі. З Храмавага грота яго не ўбачаць, праверана. Адтуль нават пляжная лямпачка не відаць. Але доўга не будзе на пляжы, толькі схопіць той плёнчаты мяшок з рэшткамі яды — і ходу. «Тут разгледжу, што ў ім… Ха, а як ты разгледзіш у цемры? Дзе мінута, там і дзве, нічога гэта не зменіць…»

Сплаваў недарма. У скамечаным мяшэчку знайшоўся падгнілы банан, зусім добры ўсярэдзіне, бліскучы ад тлушчу агрызачак хлеба і дзве прадаўгаватыя свіныя шкуркі ад бекону. На шкурках сям-там можна было яшчэ абгрызці, абсмактаць сала, дый самі шкуркі немалы ласунак. Толькі трэба ўмець іх есці… Хлеб і банан праглынуў у момант, шкуркі сунуў за шчаку — і назад у ваду.

Ажно настрой палепшаў!

Плыў, плыў і выплыў… у Храмавы грот! Калі нечакана засвятлела ўперадзе і зварухнуліся на гэтым светлым постаці аквалангістаў, нават разгубіўся: «Чуць на плыт не ўзбіўся!..» Забраў правей, хутка намацаў мыс-выступ і свой парог за ім, азірнуўся: усё правільна, адсюль лямпачка відаць. Асцярожна, каб не пазбіваць калені, вылез. Абшморгаў з сябе далонямі ваду, парасціраў трохі грудзі, спіну, ногі, каб разагрэць кроў. З цяжкасцю разабраўся з адзеннем, паўсцягваў на сябе. І пакуль рабіў гэта ўсё, сыходзіў слінаю, прыцмокваў. Каб яны спрахлі, гэтыя шкуркі, так і хочацца глынуць не жуючы. І адразу да грэбня — а што робіцца на плыце? Жаваў, малоў зубамі, млеючы ад асалоды, і наглядаў, услухоўваўся.

А там вылазіў ужо на плыт аквалангіст, што плаваў з рыбаю да дэльфінаў.

— Ну як? — спытаў той, што ўзвышаўся на плыце. — А хай яны падохнуць… І блізка не падпусцілі.

Думаў, мо не бачаць, цёмна. Выму рыбіну, паплюхаю ёю, каб пах пайшоў па вадзе. Ніводзін не падплыў!

— Трэба было хоць так накідаць. Яны не дурныя, зразумеюць, што мы з дабром да іх.

— Кідаў! Во, у мяшку мо трэць толькі засталася. Яшчэ раз паспрабую, у канцы.

— Я прапаную так: першае пагружэнне — удвух. А потым чаргавацца. Ліхтар пастаў, каб свяціў на ваду. Для арыенціроўкі…

Далей яны не перакінуліся ні словам, быццам пасварыліся. Моўчкі сабраліся, пачапілі аквалангі. Адзін узяў падводны ліхтар, не той, што гарэў на краёчку плыта, другі, і дзве чарпалкі. Занырвалі так, нібы хацелі сесці на ўяўны борцік плыта, але знячэўку куляліся дагары ў ваду.

Разышліся і сышліся кругі, пахістаўся крыху ліхтар, падрыгала пляма святла на вадзе…

Янг набраўся нахабства: пакуль яны будуць нагружацца, а потым зачэрпваць, выплываць, ён пашарыць у іх на плыце. Ніякіх пакут сумлення не адчуваў, здалося нават, што даляцеў да яго ўхвальны голас Абдулы: «Малайчына! Так ім, грабежнікам, і трэба!» — «Я нічога не буду браць. Я толькі тэрмас з каваю… Яны абыдуцца без яго, а я ўжо не магу: нутро хочацца пагрэць… Падкіну потым пусты, во здзівяцца!» Раздзеўся Янг другі раз хутка, хацелася хутчэй дапасці да салодкай, духмянай і гарачай кавы. Плюхнуў у ваду смела — не было каго асцерагацца.

Ледзь узабраўся на плыт, стрэмячы калені аб кастравыя дошкі. І адразу пападплывалі дэльфіны, павыстаўлялі паўкругам зубастыя пашчы, чмыхаючы, мурлыкаюць, скрыпяць. Ну і стварэнні! Бобі каля самага памосту, задраў высока галаву і ўсклаў яе падбародкам на беражок, разявіўся як мага. Нібы прасіў-маліў: пакармі! І Янг забыўся на тэрмас, узяўся за плёнчаты мяшок з рыбаю. Бобі далікатна ўзяў рыбку і ссунуўся ў ваду. Астатнім кідаў у раты па парадку. Папала кожнаму па дзве, па тры, а Бобі нават даў чацвёртую, маленькую. Малыш паспрабаваў ускочыць, на памост, як рабіў гэта ў дэльфінарыі, але накалоўся на край дошкі, ссунуўся ў ваду, незадаволена пасвістваючы.

— Няма больш… во, бачыш? — Янг нават вывернуў мяшэчак перад яго вачыма, кінуў яго на круглую штуковіну, заўважыўшы мелькам, што яна падобная на рэшата.

Кепская справа: дэльфіны горш галодныя, чым ён. Яны проста цярпелі дасюль, а цяпер, мабыць, цярпенне скончылася. Зробяцца больш уступчывыя, заскачуць пад дудку чужакоў. Голад — не цётка.

Узяў ліхтар, павадзіў пучком святла па вадзе, правёў паўз сцены, па саміх сценах грота. Святло рассейвалася, але можна было разабраць, што левая сцяна нахілена, як страха, яна няроўная, у наплывах і кулёбах. У самым кутку, дзе цямней, чым дзе, гэтыя наплывы павылазілі з былых шчылін, як высалапленыя наздраватыя языкі. Колер у сцен і «языкоў» шэра-буры, часам карычневы, а то і чорны. Сцяна справа таксама мае нахіл, але пачатак яе блізка ад мыса нібы выкусаны. Там і стварылася тая седлавінка, у якую ён забіраўся, як у логава. Да самага верху вострага скляпення святло ліхтара не даходзіла, але светлая пляма, падобная на апалонік з хвосцікам, ад яго прападала.

Янг спахапіўся: чым ён займаецца?! Жах… Зараз выплывуць аквалангісты… А дзе той тэрмас? Вунь, у другім рэшаце.

Ставячы ліхтар на старое месца, ледзь не сапхнуў яго ў ваду. Заціснуў тэрмас пад паху і плюхнуў жыватом на ваду, запрацаваў адною праваю. Да яго адразу падплыў Бобі, потым выперадзіў, развярнуўся, плюхнуўшы хвастом так, што Янг закашляўся. Хацеў мо сказаць — чаго паўзеш, як маруда-зорка?

Кашляючы, выбраўся на свой бераг. Клаў здабычу пад ногі і добра абмацваў дол, каб тэрмас не скаціўся ў ваду. У той жа момант пачуў за сцяною невыразныя, скажоныя рэхам галасы: выплылі аквалангісты. Добра, што паспеў уцячы… А што яны гавораць? Не разабраць… Адзеўшыся, перабраўся цераз бруствер, прыціскаючы тэрмас да грудзей. Заняў месца каля свайго наглядальнага пункта, слухаў, паглядваў, а рукі рабілі сваё — адвінчвалі накрыўку; зубы тузанулі корак, у нос паляцелі гарачыя пырскі. Наліў крыху ў накрыўку-кубачак, падзьмухаў — і зацмокаў, млеючы ад асалоды і цеплыні ў жываце.

— Бач, асмялелі без нас… Кружаць вакол плыта. Абодва аквалангісты сядзелі на кукішках на плыце адзін супраць аднаго, не знімаючы аквалангаў са спіны. Паміж імі на чарпалцы стаяў ліхтар.

— Я зараз вазьму рыбку, паманю, — устаў адзін на ногі, разгледзеўся. — Ч-чорт… Сапхнулі, мабыць, у ваду, вылазячы. Не бачу мяшка.

— А во, на рэшаце… Пусты.

— Я-як пусты? Там яшчэ кіло тры было! Я добра помню, што не клаў яго на рэшата!

— Стары, лячыцца трэба… Склероз — паганая штука.

— Пайшоў ты!.. Дурнем мяне лічыш, ці што?

— Ну дык дзе тады рыба? І хіба мяшок з нагамі, каб пераскочыць на рэшата?

Устаў і той, што называў другога старым. Падняў ліхтар, правёў святлом па вадзе, паўз сцены, каўзануў трохі па сценах, потым зноў па вадзе. У кружок трапіў магутны плаўнік, мо Дзікаў. Яшчэ раз промень ускінуўся на сцяну — каля самага Янга, і яму давялося нырнуць за грэбень.

— Не падабаецца мне ўсё гэта. Нячыстае тут месца… Недарэмна туземцы на возера не ходзяць. Многа сёння ўсякіх загадак. Выплывалі — ты бачыў, як агонь танцаваў, потым прапаў быў?

— Ну-у…

— Не падабаюцца мне такія фокусы… Слухай, а памятаеш, як Піт расказваў пра прадстаўленне? Дэльфіны выскоквалі на памост, укладваліся… Мо і цяпер пабывалі тут, пакаўталі рыбу.

— Ну але! Яны ў крайнім выпадку сцягнулі б мяшок у ваду і там трыбушылі б яго. А ён ляжыць пусценькі на рэшаце. Прытым… яшчэ і вывернуты! Ды каб яны скакалі на плыт, то ліхтар бы спіхнулі.

«А што вы яшчэ запяеце, калі ўбачыце, што тэрмас…» — не паспеў дадумаць Янг.

— Не ліхтар сапхнулі, а тэрмас… Тэрмаса няма! — той, што стаяў з ліхтаром, няўклюдна затупаў ластамі, свецячы вакол плыта на ваду. — Нідзе не плавае.

— А тэрмас і не маглі сапхнуць, я яго ў рэшата клаў. І добра памятаю гэта, можаш не пасміхацца! Ведаеш, у пячорах часам пасяляюцца гіганцкія васьміногі. Для іх тут добрая схованка… Васьміног можа шчупальцамі чаго хочаш нарабіць.