«Добрая пасудзінка… — уздыхнуў Янг, зайздросцячы. — От каб мець такую падводную лодачку. Я б тады… Тады б я…» — а прыдумаць, што ён рабіў бы на ёй, так і не мог. Занадта многа было жаданняў. Перш за ўсё, канечне, выплыў бы на ёй адсюль. Мабыць, лодцы тыя пухіркі зусім не страшныя. У яе корпус сталёвы ці з такога металу, што вытрымлівае пад вадою вар'яцкі ціск. Што ёй нейкія там бурбалкі! Але, паразважаўшы, прыйшоў Янг да другое думкі. Не палезе лодка ў тыя пухіркі — нашто рызыкаваць такою дарагою рэччу? Аператар з лагера адключае заслону. Гэтак і для аквалангістаў робіць. Знімуць у пячоры тэлефонную трубку, а з лагера — «Хэлоў? Майкл каля апарата!» А яны яму: «Праз мінуту адключай, ідзем на выхад». А мо скарыстоўваюць які пароль? Не, наўрад ці… Аператар і так ведае іх голас, ведае, хто ў пячоры ў дадзены момант знаходзіцца.
«От каб забраўся ў лодку — і шморг з ёю… Ага, забярэшся, а як выбрацца? Цапнуць за шкірку і выкінуць у моры акулам… Можа, на лодку? Прыгнуцца за тою рубкаю-будкаю, сесці верхам… Калі і не адключаць пухірковую заслону, дык корпус абароніць…» Хацеў ужо спускацца да вады і стрымаўся: «Дурань… А ты ведаеш, з якою хуткасцю яны паплывуць па гэтым праходзе? Мо яшчэ марудней, чым я сам. Захлынешся як бач, не хопіць духу. Ды яны і ўбачаць цераз акенца, як я сяджу, знарок прытармозяць, каб захлынуўся, адна маска нічога не паможа. Гэта каб акваланг сцібрыць…» Але зноў падумаў, падумаў і рашыў, што і акваланг не паможа. «Залезеш з аквалангам на лодку, а тыя ўбачаць, дадуць задні ход. Ураз зловяць!»
«Ай жа султан Муту! Нічога не ведае, што ў яго ў султанаце робіцца… Адно толькі ведае — астравы разбазарваць…» Упершыню Янг думаў па-дзяржаўнаму, шырока і стала.
Тыя, што тырчалі з люкаў кабмарына, пра нешта напаўголаса перамаўляліся з тымі двума, што кешкаліся на пляжы. Разабраць, пра што яны гавораць, было цяжка.
У Янгавай галаве нарадзіўся дзёрзкі план: а што, калі падплысці паціху пад вадою да плыта, учапіцца там пад дошкамі? Ніхто не здагаецца пра такую сховань, а пачуеш усё чыста. Але зноў спрацаваў інстынкт перасцярогі: «А ці ўсё ты абдумаў, каб лезці ў зубы дракону? А што, калі пад плытам не будзе за што ўчапіцца? Або самлеюць рукі, сарвешся, плюхнеш, выявіш сябе? Чым тады ўсё скончыцца?»
Аднекуль з цёмных закуткаў павылазілі дэльфіны. Прымушаў іх хавацца ад тых людзей таксама інстынкт. Фукнуў, падплыўшы, Бобі, захрукаў па-парасячы, потым захныкаў, як дзіця, якое хоча, каб з ім пагулялі. І Янгу захацелася пагладзіць яго, патузаць у бакі за рострум, але… Што будзе, калі ўздумаецца каму паласнуць у гэты бок пражэктарам?
У кабмарыне ляснулі вечкі люкаў. Яшчэ праз некалькі мінут пачала асядаць, хавацца пад ваду рубка з акенцамі — ніжэй, ніжэй… Вось ужо ледзь прасвечваюцца скрозь ваду вочы-ілюмінатары. Яшчэ імгненне — і ўсё знікла ў чарнаце.
Адзін з тых, што засталіся на Крабавым пляжы, зняў трубку тэлефона:
— Хэлоў? Майкл, выключы сваю машынерыю, а то з аднаго шэфа зробіш двух.
Раздзел шосты
1
— Містэр Сінх, я запрасіў вас вось чаму… Ага, дарэчы: як з'ездзілі? З «Нептунам» усё ў парадку?
Судзір сядзеў за сталом Крафта просценька, як убіты ў зямлю доўбняю кол. Ніводзін мускул не зварухнуўся на твары, пакуль гаварыў, ні разу не скокнулі ўгору бровы, здаецца, нават не расцінаў вузкіх губ. Радж быў здзіўлены такім тонам: толькі што, учора, разыгрываў з сябе дэмакрата, і раптам такі афіцыйны тон і «вы». Радж таксама рашыў гаварыць на «вы».
— З «Нептунам» нармальна. А чаму вы… чаму вы не спытаеце, што з Янгам?
— Спытаю, чаму ж не: што з Янгам? Знайшлі цела?
— Не знайшлі… Я хацеў бы, каб і на заўтра мяне адпусцілі. За свой кошт.
— Сённяшні дзень таксама за ваш кошт, вылічым з зарплаты. А на заўтра пусціць не магу — трэба працаваць. І так мы нясём кожны дзень велізарныя страты… («Знаёмая песенька… Крафт ныў гэтак жа сама…» — падумаў Радж)… Дарэчы, я і запрасіў вас так позна толькі таму, што адклад не ідзе ў лад. Я думаю, што для новай групы дэльфінаў трэба і новы дрэсіроўшчык, сам я не змагу імі займацца. За справу возьмецеся вы… Шкада, што загінуў Янг, ён быў бы ў вас добрым асістэнтам… Дый у рэкламе можна было б закруціць: «На арэне браты Радж і Янг Сінхі з дрэсіраванымі дэльфінамі!» Гучыць?
— Баюся, што не спраўлюся. Я ніколі не займаўся дрэсурай.
— Я яшчэ не ўсё сказаў. Вы будзеце атрымліваць маю былую стаўку, я нават не прыму пад увагу перыяд вучнёўства… Я нават надбаўлю дваццаць долараў, калі вы зможаце за месяц навучыць дэльфінаў, падрыхтаваць праграму.
— Вы сваю праграму рыхтавалі амаль тры месяцы, і ў вас ужо быў вопыт дрэсіроўшчыка.
— Вы забываеце, што ў мяне не было з кім раіцца, не было настаўніка. А ў вас ёсць — я.
— А хто будзе вадзіць на падводныя прагулкі, рыхтаваць увесь рыштунак?
— Няхай гэта вас не турбуе. Возьмем новага чалавека, нават не аднаго. Трэба ставіць усё на шырокую нагу. У нас не было дасюль падводнага палявання — і гэты від пацехі прадаставім, хай забаўляюцца. Цяпер пра асістэнта… Самі не падбірайце, я вам дам чалавека.
— Вы так пра ўсё гаворыце, быццам я ўжо згадзіўся.
— А вам нічога не астаецца рабіць. Такая работа нідзе не валяецца — гэта па-першае. А па-другое, не згодзіцеся дрэсіроўшчыкам, я вас і ад падводных прагулак зволю, і ад надводных. Ідзіце на ўсе чатыры бакі… Дзівак, ды хто іншы ў ногі ўпаў бы, каб падзякаваць, што даю такую работу, павышаю зарплату.
— Я ні перад кім яшчэ не падаў і не збіраюся падаць.
— Вы чалавек з гонарам, я ведаю. Калі хочаце, я паважаю такіх. І не люблю слімакоў і мядуз… Каб я мог, то пакідаў бы жыць толькі моцных, валявых асоб, а ўсіх слабакоў і вырадкаў тапіў бы з каменем на шыі. Мы павінны за бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў вывесці і выхаваць такую расу людзей, каб у нашай дзяржаве былі толькі моцныя асобы.
— Хто гэта — мы?
— Мы — гэта таксама моцныя асобы.
— Штосьці я чуў такое: Еўропа… Гітлер… Расавая тэорыя. Другая сусветная вайна… Пяцьдзесят мільёнаў загінуўшых…
— Цябе палохаюць гэтыя лічбы? А мяне — не. От ты жыў на Біргусе… («А-а, не хапіла духу, пачаў «тыкацца»)… Мабыць, і агародзік быў у бацькі, і расло нешта на градках… Я таксама мару купіць бунгала24… Дык вось, калі густа насеяна, дык там жа не расліны вырастаюць, а… Крывыя бляклыя нітачкі, якія не могуць даць ніякай карысці, не могуць нават пакінуць пасля сябе патомства… А каб і пакідалі, то каму патрэбна, скажы, такое хілабокае патомства? Таму добры агароднік выполвае з град пустазелле, потым прарэджвае пасевы, відавую праполку робіць… Чаму б і з людзьмі такое не рабіць?
— Прабачце, у мяне яшчэ шмат работы… — Радж непакойліва зірнуў на запясце левай рукі, нібы там у яго быў гадзіннік.
— Значыць, так: лічы, што мы дамовіліся.
— Містэр Судзір, я прашу вас, дайце мне і на заўтра вольны дзень.
— Вось ты гаворыш, што ў цябе яшчэ многа работы. Улічы, работы будзе з кожным днём прыбаўляцца. Я думаю ператварыць дэльфінарый у марынарыум, а то і мэрынлэнд. Будзе пабудаваны падводны тэатр з усякай марскою жыўнасцю. Нават русалак туды запусцім… Пару дзяўчат голенькіх, прыгожанькіх… Яны будуць цэлае падводнае шоу разыгрываць, пацяшаць. У Японіі штосьці падобнае ёсць, у Іоміуры. Але чаму павінна быць толькі ў Японіі, а не ў нас? Што мы — горшыя?
«Гэтаму крывасмоку Крафт і ў падноскі не варты…»
«Не шукай у змяі ногі», — правільна ў народзе гавораць. Судзір не проста чалавеканенавіснік, гэта — фашыст. І не маскіруецца нават, адкрыта прапаведуе свае ідэі, не хаваецца. А каго яму баяцца? Султан камуністаў у падполле загнаў, на Судзіраў не звяртае ўвагі. А ўся небяспека — ад такіх вось! Яны і султану потым пад бок дадуць, захопяць уладу…»
— Містэр Судзір, я падумаў і рашыў згадзіцца, — сказаў уголас. — Толькі дайце мне права падабраць сабе асістэнта па густу. Мне з ім працаваць, а не вам, поўны кантакт павінен быць. Калі за тры дні не знайду хлопца, які задавальняў бы мяне, тады прыму любога, каго прызначыце.