Выбрать главу

Абдула памятаў гэты хол, з яго вядуць тры ці чатыры шкляныя дзверы на адкрытую круглую пляцоўку — абгароджаны балюстрадай дах рэстарана. У добрае надвор'е больш танцуюць там, чым у холе. Абдула спусціўся на пляцоўку паміж чацвёртым і трэцім паверхам, заглянуў звыкла ў блакітную сметніцу ў кутку — нічога цікавага. Спусціўся на пляцоўку паміж трэцім і другім паверхамі, таксама заглянуў. У гэтай сметніцы было больш смецця. З-пад цукерачных паперак мільганула штосьці бліскучае, пластмасавае. Не вытрываў, грабянуў — і з-пад смецця выглянуў вясёлы сіні дэльфінчык, прыклеены да ліловай падстаўкі. Цацка! Ды не абы-якая, такія ён бачыў у дэльфінарыі на прадстаўленні. Судзір, дрэсіроўшычк, уручаў гледачам на памяць. Абдула дастаў цацку, падзьмухаў на яе, пацёр паперкамі, каб ачысціць ад тытунёвага попелу. Як шкада, што яму зараз не пяць ці хоць якіх сем гадоў! Колькі б радасці было, колькі забавы! Але і цяпер глядзеў на цацку з замілаваннем, потым сунуў за пазуху.

Ступіў ніжэй на колькі прыступак і не вытрываў, дастаў дэльфінчыка, каб зноў палюбавацца. Якое хараство! Толькі чаму адзін кончык раздвоенага хвосціка адрэзаны? Відаць запыленае чымсьці пустое нутро дэльфінчыка. У падстаўцы-каробачцы таксама адпілаваны адзін ражок, на беражках знутры напылена нейкая жаўтаватая мука. Падзьмуў у дзірачку, хацеў свіснуць, і ў нос пыхнула гэтым пылам, пачуўся нейкі вельмі знаёмы, ледзь улоўны пах. Не зблытае гэты пах Абдула ні з чым, ён узненавідзеў гэты пах за час, калі жыў з дзядзькам у каморцы пад лесвіцай. Пах гераіну — наркотыка, які звёў дзядзьку ў магілу. Тая самая «белая смерць», пра якую і радыё талдыча, і газеты трубяць, і пужлівыя плакаты вывешваюць, і на канвертах друкуюць, і на штампах выбіваюць, якімі маркі пагашаюцца… Як ён ненавідзеў гэтую атруту! Яна ж не толькі дзядзьку загубіла, але і яго жыццё зламала. Каб дзядзька не стаў наркаманам, то ўсё магло б скласціся інакш: мог бы Абдула навучыцца грамаце, займець добрую спецыяльнасць, работу і не быў бы беспрытульным бадзягаю.

«Дык вось якія прызы-сувеніры раздае Судзір! І не абы-каму, відаць, раздае. Усё падстроена, ведае, каму даваць… І не за так дае, а за вялікія грошы…»

Абдула забыўся пра Тэрэзу, забыўся пра хворы жывот. Зляцеў, скачучы цераз адну прыступку, уніз, на першы паверх, кінуў парцье ключ і выскачыў за дзверы.

Дзе знаходзіцца паліцэйскі ўчастак, дапытаўся ў людзей.

Тузануў дзверы смела — чаго баяцца? Столькі ўсюды пішуць, каб памагалі змагацца з распаўсюджваннем наркотыкаў.

За аблупленым рудым бар'ерам віднелася лысаватая, з наліплымі на лоб рэдзенькімі валасамі галава. Дзяжурны паліцэйскі… Без фуражкі сядзіць, кашуля з пагончыкамі расхляпешчана, відаць чорная валасатая грудзіна, паводзіць барадою ўправа-ўлева, падстаўляючы твар і грудзі патоку паветра ад прапелерчыка. На Абдулу падняў вочы паволі, паўсонна, яны былі зацягнуты павалокаю, нібы ў тых кароў-валацуг, што бачыў каля базара ў Свійттаўне.

— Што… хлопчык? — абыякава спытаў у Абдулы і падправіў прапелерчык, каб лепей дзьмуў на яго.

— Вось… — працягнуў Абдула цацку. — У гатэлі знайшоў, у «Марской ліліі».

Паліцэйскі, скрывіўшыся як серада на пятніцу, пакруціў дэльфінчыка ў руках і, не ўстаючы, шпурнуў у сплеценую з ратангавых сцяблоў сметніцу. Не пацэліў, цацка бразнулася аб каменную падлогу, дэльфінчык і падстаўка разляцеліся ў розныя бакі.

— Прэч адсюль, смаркач, пакуль не арыштаваў! Мала дзе якога смецця валяецца, дык усё сюды валачы?

— Я магу пайсці, але потым будзеце самі мяне шукаць, — Абдула не зазлаваў на дурнога паліцэйскага, спакойна падняў дэльфінчыка і каробачку, зноў працягнуў іх цераз бар'ер. — Вы панюхайце! Вунь дзірачкі ў ражках — нюхніце!

Паліцэйскі асцярожна, нібы чакаў якога розыгрышу, паднёс каробачку адпілаваным ражком да носа, грэбліва скрывіўся.

— Ну і што? Брудам пахне, смеццем… — і зноў замахнуўся, каб кінуць.

— Гераінам пахне! Наркотыкам! Я гэты пах з сотні магу вылучыць.

— Носік у цябе… — недаверліва сказаў паліцэйскі, але на твары ўжо з'явілася цікаўнасць. Зноў панюхаў па чарзе з каробачкі і з дэльфінчыка. — Сабакі, кажуць, добра чуюць яго пах.

— Калі хочаце ведаць, дзе іх бяруць, то скажу. У дэльфінарыі! Цэленькія, запоўненыя парашком! Сам бачыў, як дрэсіроўшчык Судзір раздаваў такія прызы. Пакруціць круцёлку-барабан, выцягне паперкі з нумарамі. Нібыта выпадковым людзям, а сам добра ведае, каму даваць. Гэта мой вывад.

— Іч, сышчык знайшоўся. Наглядзеўся фільмаў?

— Я ў кіно быў усяго два разы ў жыцці.

— А хто ты такі? Як трапіў у гатэль, хто цябе туды пусціў?

Давялося трохі расказаць пра сябе. «Агы… Агы…» — слухаў паліцэйскі, а сам нешта памячаў на паперы. Левая рука легла на трубку тэлефона ды так і ляжала, нібы не адважвалася здымаць. Потым паліцэйскі загадаў яму прысесці і пасядзець, пакуль ён складзе пратакол на такое здарэнне. Абдула не ведаў, што гэта за штука, але прысеў.

— А цяпер зайдзі сюды… Штурхай дзверцы ў бар'еры, во… Падпішы, што ўсё расказанае — праўда.

Абдула нерашуча зайшоў, узяў ручку, сяк-так вывеў каракулі. Хацеў аддаць паліцэйскаму ручку, але той не ручку ўзяў, а сціснуў яго запясце.

— Пусціце! — ірвануўся Абдула. — Я праўду сказаў! Я памагчы вам хацеў! Я буду Тэрэзе скардзіцца! — лепятаў абы-што. Думаў хапануць паліцэйскага зубамі, але той заламаў яму руку за спіну так, што Абдула ўскрыкнуў, прысеў. Паліцэйскі штурхануў дзверы, што былі ў яго за спінаю ў сцяне. Абдула ўбачыў прыцемак калідора і яшчэ некалькі дзвярэй направа і налева.

— Пасядзіш да раніцы, а там разбярэмся, — паліцэйскі пхнуў яго ў камеру злева і замкнуў за ім дзверы.

3

— Я з дэльфінарыя. Зваць — Радж Сінх.

— А мяне завуць Махамуд, сяржант званне. Ну й што? — паліцэйскі глядзеў на Раджа цераз бар'ер, той на яго — вочы ў вочы, нібы ў дзіцячай гульні: хто каго пераглядзіць.

— Вельмі прыемна, — Радж рашыў браць ветлівасцю. — Калі вы служыце ў паліцыі, то, напэўна, чулі, што ў дэльфінарыі пакралі дэльфінаў.

— Чуў. Я прыязджаў нават да вас — не прыпомніце? Прынеслі мне навіну!

— Я прынёс другое. Я ведаю, хто пакраў дэльфінаў, ведаю, дзе дэльфіны.

— О, алах… І што гэта за дзяжурства ў мяне сёння? Дэльфінарый лічыўся самым ціхім раёнам, і раптам столькі ўсяго.

— Трэба аператыўная ўзброеная група. Злодзеяў можна накрыць з доказамі злачынства, — даводзіў сваё Радж.

— Адзін смаркач у сышчыкі лезе, другі — у аператыўнікі. Няма ў нас вакансій, і, наколькі мне вядома, штат паліцыі на Раі не будзе павялічвацца. Казна пустая… — паліцэйскі штучна пакашляў, нібы спахапіўся, што нагаварыў лішняга.

— Я з вамі не жартую.

— І я таксама. Сядайце! Я мушу ваш данос запісаць у журнал здарэнняў. Але ўлічыце, што, калі гэта паклёп, вам давядзецца адказваць.

А запісаў, то папрасіў Раджа прайсці за бар'ер, нібыта каб падпісаць нейкую паперу. І адразу хапіў за локаць, паштурхаў перад сабою ў той жа калідор, што і Абдулу. Толькі ў камеру пасадзіў не тую. На абурэнне Раджа адказаў:

— Раніцаю захоча з вамі разабрацца начальнік. А дзе мне вас тады ўзяць?

4

Аднак сяржант Махамуд не чакаў раніцы. Спачатку вагаўся, змагаючыся сам з сабою, прыкідваў, як лепш падаць начальніку ўсё, што запісалася ў журнале дзяжурства. А трэба так далажыць, каб стварылася ўражанне: няйначай і Махамуд прыклаў руку, каб нечага дабіцца, нешта выкрыць. А яшчэ вагаўся таму, што званіць трэба начальніку на кватэру. А раптам возьме трубку жонка і скажа: «Не магу паклікаць яго… Ён з работы яшчэ не вярнуўся. На службе яго шукайце». Вось так… Гарыць начальнік на рабоце, продыху няма, ледзь не круглыя суткі заняты. Гэтак ён, пэўна, апраўдваецца дома, калі позна вяртаецца, змарнелы ад карт ці рулеткі, пад хмяльком. Начальнік і ўсіх падначаленых прывучыў адказваць на званкі жонкі, калі яго няма: «На аператыўным выездзе… Тэрміновы аператыўны выезд…» У падрабязнасці не ўдавацца, усё павінна быць ахутана тайнай.