Недзе за поўнач, калі, па падліках Махамуда, пан начальнік не мог не заявіцца дадому, пазваніў. Папрасіў прабачэння за турботы, але служба ёсць служба. Далажыў спачатку пра дэльфінчыкаў з гераінам, асмеліўся нават выказаць думку, што гэтыя прызы — нітачка, за якую можна выцягнуць увесь клубок. Пачуў Махамуд у трубцы прыглушанае: «Ну вось бачыш, дарагая… Справа яшчэ больш абвастраецца». Мабыць, начальнік звяртаўся да жонкі. Потым і пра другі візіт далажыў, Раджаў, які дае магчымасць і другое нераскрытае злачынства раскрыць. «Дарагая… — пачуў сяржант усхваляваны голас начальніка. — Можа стацца, што твой муж атрымае ордэн… — І ў трубку: — Дзякую за службу, сяржант! Буду зараз жа!»
І начальнік сапраўды прыбыў хутка, за паўгадзіны. Сам дапытаў Абдулу і Раджа, потым звёў іх разам. «Гэта ты-ы?!» — моцна здзівіўся Радж, убачыўшы хлапчука. З перакрыжаванага апытання Радж пачуў пра гераін у дэльфінчыках — і не стрымаўся, ахнуў. Начальнік ухапіўся і за гэта:
— Што яшчэ ведаеце — выкладвайце.
— Нічога больш. Проста лапавухія мы ўсе ў дэльфінарыі, ні пра што не здагадваліся… Не марудзьце, калі хочаце здабыць доказы. Здаецца, у яго «рэзідэнцыі» ёсць такія нерэалізаваныя дэльфінчыкі.
Раджу не хацелася адразу выкладваць усе здагадкі, хоць у галаве ўжо ўзнік вывад: Судзір — член трыяды. Падкінутае пісьмо Крафту — яго работа. Гэта ён і Пуола прыбраў, з цела тады дасталі Судзірава лязо, у Судзіра ёсць нож, што страляе лязамі. Не вельмі дрэсіроўшчык паказвае каму гэтую дарагую штуку. Чатырма лязамі страляе, пятае, асноўнае, пры патрэбе адкідваецца, ледзь цісканеш на кнопку… З кампаніі Судзіра былі і тыя, што забіралі прыхаваны пад вадою кантэйнер, паранілі Раджа з падводнага ружжа. А размова ў «рэзідэнцыі» Судзіра, калі частаваўся адзін з тых, што лавілі дэльфінаў? Пра Раджа вялі гаворку, было ў Судзіра заданне і Раджа прыбраць. Але не забіў, адстояў яго перад трыядай. А чаму? Ужо тады меў планы на ўвесь дэльфінарый, на яго. А мо таму, што тыгр каля свайго логава стараецца не паляваць? Дэльфінарый прыбраў да рук, ажыццявіў мару. Добрае цяпер будзе ў іх прыкрыццё для трыяды, легальнае гняздо…
Калі начальнік скончыў допыт, то пасадзіў іх ужо ў адну камеру. Загадаў нават Махамуду выдаць ім дзве коўдры. «Ого!» — абрадаваўся Абдула. «Што — не горш, чым у гатэлі?» — пасміхнуўся Радж. Паслалі абедзве коўдры ў кутку на цэментаваную падлогу, леглі абняўшыся. Крануў Раджа ўчынак Абдулы: трэба было мець немалую мужнасць, каб асмеліцца заявіць паліцыі пра гераін. Тым самым Абдула ўступаў у смяртэльную барацьбу з кантрабандыстамі, з членамі трыяды. Як і Радж.
Абдула соп, уткнуўшыся носам яму ў плячо, а Раджа сон не браў. Думкі, думкі, думкі…
Шт прыязджаў, значыць, да Судзіра, вёў перагаворы. Судзір збіраецца заўтра ехаць з Рая на цэлы дзень. Куды? Ну канечне ж, на Горны, у лагер! Піт і кампанія згадзіліся на дамаганні Судзіра, узялі яго кампаньёнам. І не таму, што баяліся, каб Судзір не выкрыў іх перад уладамі. Не з рукі Судзіру даносіць на іх: пачнуць разбірацца, могуць і самога ўблытаць. Як ні адмывайся ад дурыяну, як ні палашчы рот, але калі браў у рукі ці ў рот, будзеш смярдзець.
У лагернікаў не ладзіцца з дэльфінамі, гэта ясна. Трэба нічога не ведаць пра дэльфінаў, каб думаць, што яны любога паслухаюцца. Пахапалі дэльфінаў і думалі, што Судзір працягне з імі работу, на месцы давядзе ўсё да ладу. І Судзір на гэта спадзяваўся, разлічваў на дадатковы заробак — задатак атрымаў, хацеў мець і другую частку сумы. Паспяшаліся лагернікі і толькі абвастрылі сітуацыю. Судзір мог падумаць, што хацелі абысціся без яго.
Судзір будзе ў пячоры… І Янг у пячоры… Калі застаўся жывы… Што будзе, калі яны сустрэнуцца? Захоча мець хлопца за памочніка ці ўздумае пазбавіцца ад яго?
Калі Судзір убачыць, пераканаецца, што ў пячоры сапраўды можна начэрпаць, намыць золата, як павядзе сябе?
Радж сеў, абхапіўшы калені рукамі. Што яны сабе думаюць, гэтыя няўклюды паліцэйскія? Чаму не дзейнічаюць зараз жа? Кожная хвіліна дарагая… Маглі б Судзіра застаць на кватэры, успароць з ложка цёпленькага… А другія ў гэты час абшарылі б «рэзідэнцыю» і кабінет. Судзіра, схапіўшы, трэба адразу прыціснуць як след, каб сказаў адрас майстэрні ці чалавека, ад каго атрымлівае гэтых дэльфінчыкаў. Каб і на іх зрабіць налёт.
5
А ў гэты час начальнік званіў на Галоўны востраў у дэпартамент паліцыі. Не мог сам нічога рабіць. Міністр унутраных спраў выдаў колісь дырэктыву «333», каб усе справы, звязаныя з наркотыкамі, канцэнтраваліся ў спецыяльным аддзеле, вырашаліся цэнтралізавана.
І вось урэшце з Галоўнага прымчаўся спецыяльны катэр з афіцэрам і чатырма паліцэйскімі. Усе былі ў цывільным адзенні, але ўзброеныя, на бёдрах пінжакі тапырыліся.
Зноў допыты-роспыты, зноў ідзе час. Раджу афіцэр спадабаўся: чарнявы, гарбаносы, з дзіцячым чубком на лбе. І талковы, мабыць, схоплівае ўсё на ляту, робіць вывады адразу. Калі Радж сказаў, што Судзір звязаны з трыядай, і выклаў ланцужок фактаў, афіцэр тут жа згадзіўся з ім. Адразу стварылі дзве аператыўныя групы, двое прыезджых паліцэйскіх і адзін мясцовы на чале з начальнікам паліцыі, якіх таксама прымусілі пераадзецца ў цывільнае, павінны былі затрымаць Судзіра, зрабіць вобыск у яго дома. Другую групу з такіх жа трох чалавек узначаліў гарбаносы афіцэр. І першая, і другая групы потым сальюцца ў дэльфінарыі, дзе к таму часу павінен таксама закончыцца вобыск.
— А так не здарыцца, што спалім сто факелаў, а зловім адну жабу? — сказаў начальнік паліцыі Рая афіцэру з Галоўнага. Меў на ўвазе розгалас, які абавязкова пойдзе далёка і можа пашкодзіць прытоку турыстаў.
— Мне не жаба трэба! Судзір трэба! Жывы! І чым хутчэй! — накрычаў на яго афіцэр.
…Уляцелі ў дэльфінарый па заліву. Рулявы так крутнуў руль, што катэр ажно ўссунуўся на бераг — каля самага яліка з Абрахамсам. Ялік так гайданула хваляю, што стары ледзь потырч не паляцеў, выкуліў за борт вялізную місу рыбы. Устаў, разявіўшы ад здзіўлення рот, ды так і стаяў, пакуль усе не пасаскоквалі на зямлю. Апошнімі — Радж і Абдула.
— Вы — з намі,— загадаў гарбаносы Абрахамсу. — Хто яшчэ ёсць у дэльфінарыі?
— Ёсць. Дворнічыха каля малой арэны. Прыбірае там, чарапаху корміць… У прахадной — вартаўнік… Новы сёння, другі раз толькі яго бачу, — Абрахамс хоць мо і здагадваўся, што за людзі высадзіліся, але запытальна глядзеў на Раджа, і той шапнуў:
— Паліцыя, дзядзька…
— Новы? — зацікавіўся гарбаносы. — Тады так: пойдзеце па яго вы і вы! — патыцкаў пальцам у грудзі Абрахамсу і аднаму паліцэйскаму. — Паклічце яго сюды… У размовы з ім не ўступаць, нікуды не адпускаць ні на крок.
Абрахамс у суправаджэнні паліцэйскага знік у алеі. Гарбаносы афіцэр, аглянуўшыся па баках, нібы арыентуючыся на месцы, пытаў: «Гэта куды вядзе?» — ківаў на бамбукавую лесвіцу. «А што там?» — паказваў на трое дзвярэй — у склад Абрахамса, у Раджаву камору, у душавую. Радж патлумачыў. Дайшлі да басейна, афіцэр крутнуўся і адразу ўбачыў дзверы «рэзідэнцыі»: «Тут?» Радж кіўнуў, дзівячыся: «Цёрты гэты афіцэр… І растаропны». Афіцэру далей не стаялася, хадзіў па два крокі туды-сюды, кідаў вачыма па трыбунах, па дэльфінах, а думкі яго, відаць, былі не тут. Паліцэйскія не падыходзілі да яго, паселі на лаўку насупраць Раджавай каморы.
І вось паказаліся з алеі Абрахамс і новы вартаўнік. Ішлі яны побач, а паліцэйскі — на два крокі ззаду. Пакуль падыходзілі, Радж разглядваў навічка: па выгляду падобны на японца ці кітайца, не такі сілач, як Алі, але сшыты моцна; па лёгкаму спружыністаму кроку можна вызначыць — спартсмен. І раптам Радж пазнаў яго: бачыў некалькі разоў на трэніроўках у Ромеша. Праўда, не на саміх трэніроўках, а сустракаліся ці ў раздзявалцы, ці ўжо на лесвіцы з падвала, займаўся новенькі каратэ ў змене, якая канчалася перад Раджавым прыходам.