Судзір раз'юшыўся. Ухапіўся за пятлю праваю рукою, а леваю — за спінны плаўнік. Рвануў пятлю з Дзіка і пачаў сцёбаць ёю па галаве, па вачах, па роструме… Дзік неяк узвізгнуў, крутнуўся верацяном, збаўляючыся ад мучыцеля, затым скокнуў угору, шумна пляснуўся ўсёй тушай. Дэльфіны, якія тоўпіліся ў цёмным закуце храма, раптам прапалі з вачэй, зніклі пад вадою.
Судзір, кашляючы, узабраўся на плыт. Сеў на краёчак, цяжка дыхаючы. Потым сарваў з сябе маску, зняў ласты, зняў акваланг, яшчэ пасядзеў, угнуўшыся, абапіраючыся рукамі абапал і неяк ненатуральна тапырачы локці. І раптам штосьці надумаў ці на штосьці рашыўся. Згроб плёнчаты мяшок з трыма рыбінамі ў ваду (Янг, скормліваючы рыбу, зрабіў на гэты раз хітрэй: і пакінуў крыху ў мяшку, і паклаў яго так, быццам гэта ён сам перакуліўся, а рыба пападала ў ваду). Рашуча ўстаў — стомы як і не было. Провад з лямпачкай, які злучаў плыт з пляжам, за час валтузні моцна правіс, сярэдзіна яго апала ў ваду. Паддаючыся цяжару проваду, плыт яшчэ больш выплыў з Храма. Судзір, устаўшы, пачаў паволі цягнуць провад на сябе, паскараючы ход плыта. Сярэдзіна проваду час ад часу пляскала па вадзе, але ў руках дрэсіроўшчыка рабілася ўсё больш і больш петляў-віткоў.
Янг перавярнуўся ў логаве, узлёг на бруствер, каб лепш было сачыць за Судзірам і пляжам. І пачуў, што да парога пападплывалі дэльфіны, фукаюць унізе пры самым беразе, жаласліва скрыпяць, нібы жаляцца, а хтосьці з іх коратка і трывожна пасвіствае — падае сігнал трывогі, небяспекі. Не ўтрымаўся, споўз да вады.
— Ну — чаго вы? — прашаптаў ласкава. — Нічога больш не магу для вас зрабіць. Зусім нічым не магу памагчы… — Янгу зрабілася горна, зноў стала шкада сябе і дэльфінаў: усіх чакае марная гібель.
«Птр-рын-н… Тэнк-тк-тк-ткрыі…» — Бобі ўссунуўся падбародкам на бераг, выставіў дзюбу. Амаль не відаць малыша, лямпачка з матком проваду недзе за жыватом Судзіра, сюды ніяк не свеціць. Янг працягнуў у бок дэльфіняці руку — палашчыць, пагладзіць, павадзіць за нос. Але рука на штосьці натыкнулася, Бобі трымаў нешта ў зубах. Узяў тую рэч — і ледзь не выпусціў: такога цяжару ў той штуковіне не чакаў. Як жалеза якое, і халоднае, як жалеза. «Дзівак малы… Што ён дастаў, прывалок?» — падумаў, лезучы назад у свой акоп.
Сядзеў і абмацваў Бобіну знаходку. Не гладкая яна і таўстажылая, нагадвае галінку з ледзь памечанымі лісточкамі ці пупышкамі. Сям-там штосьці прыкарэла, нібы ўплавілася — мо пясчынкі ці кавалкі магмы. Мацаў-мацаў гузакі, і прыдумалася другое параўнанне: дракончык-сяміножка, а не галінка. І галоўка ёсць, і ножкі — дарма што на адным баку чатыры, а на другім тры, і хвосцік скрывіўся ўбок загагулінкай. Пастукаў цацкаю аб камень і не пачуў ніякага звонкага гуку. Удары былі нейкія вязкія, глухія. Сунуў за пояс — няхай пабудзе там, мо ўдасца падабрацца да лямпачкі, тады і разгледзіць добра.
Судзір тым часам прычальваў да пляжа. Вось бочка плыта шкрэбнулася аб бераг, дрэсіроўшчык зыбнуўся. Дайшоў да сцяны з убітым калком-кручком, павесіў скрутак з лямпачкаю. Ад дзвюх лямпачак на пляжы стала відней. Судзір вярнуўся да плыта, забраў з яго на бераг электраліхтар, акваланг, ласты і маску і стаў, рукі ў бокі, чакаць Піта і «старога». Яны таксама якраз вынырнулі — цікава, каторы ўжо раз? — і рабілі апошнія ўзмахі ластамі. Судзір нагнуўся, адною рукою прыняў з рук Піта вядро, другую падаў, каб памагчы выбрацца на сушу. Паставіў вядро, а як Піт стаў расшпільваць рамяні, зайшоў яму ззаду ўзяць акваланг.
— Ну як — слухаліся трохі? — спытаў Піт, яшчэ не паварочваючыся да яго, тузануў маску ўгору, стомлена пацёр далонямі твар.
— Усяк было… — адказаў Судзір. Паклаў акваланг, імгненна выпрастаўся. У руцэ бліснуў нож — Судзір з сілаю саўгануў ім Піту пад лапатку і тут жа вырваў, адскочыў. «А-ай!..» — неяк па-дзіцячы ўсклікнуў вялізны Піт, выгінаючыся, і заваліўся на бок.
Судзір крутнуўся да «старога», які ў гэты час ставіў на бераг вядро. Імгненна выставіў яму ў твар нож, свіснула белай маланкай лязо, і аквалангіст, схапіўшыся аберуч за горла, асеў у ваду. У два скачкі Судзір апынуўся каля яго, вылавіў за плячо, падцягнуў крыху на бераг і яшчэ раз ударыў нажом — ужо спераду» У грудзі. Не пускаючы, узвалок вышэй на бераг, адвязаў цела ад акваланга. Далей рухі Судзіра зрабіліся яшчэ больш паспешлівыя: расшморгнуў на грудзях «старога» «маланку», выбраў з кучы пароды камянёў, не забыўся агледзець іх, пастукаць адзін аб адзін і сунуў за пазуху забітаму. Зноў тромкнуў замком, але не да канца, не дазволілі камяні, скаціў цела ў ваду. Сагнуўшыся, рачком тупацеў уздоўж пляжа, «старога» валачыў па вадзе — туды, дзе была цемра, куды не даставала святло лямпачак, і ўжо там моцна штурхануў ад берага.
З целам Піта зрабіў тое ж самае.
Прысеў каля вады на кукішкі, памыў ад крыві рукі, падабраў на беразе і памыў нож. Спакойна склаў яго, засунуў у ножны на лытцы і пайшоў да тэлефона. Зняў трубку.
— Ало? Прышліце электрыка. Дрэнна ён провад падключыў… Замыканне, мабыць, было, лямпачка перагарэла… Што? Ды памаленьку… Ды тут усе… Павыносілі дабра, сядзім, перагрэбваемся, а цемнавата: прывыклі да дзвюх лямпачак.
«Няпраўда!.. Не слухайце!.. Гэта забойца!..» — хацеў крыкнуць Янг на ўсю пячору, але жах адняў мову.
Улятаючы ў зону, агароджаную буйкамі, убачылі: у ваду заходзіць аквалангіст. Яшчэ прыпыніўся, зайшоўшы да калень, паўзіраўся ў іх бок. Але катэр не выклікаў у яго падазрэння — пагрузіўся з галавою. Матор выключылі і тут жа пачулі, як чахкае, грукоча рухавік з левага боку пры плоце. Катэр уссунуўся на бераг упрыцірку да лагернага глісера. Адразу на яго скокнуў з борта адзін паліцэйскі, астатнія хто за ім, хто прабягаў на нос катэра і адтуль скакалі проста на пясок. Начальнік паліцыі Рая пабег са сваёй групай да палатак, афіцэр са сваёй — да вагончыка.
Радж і Амара сышлі апошнімі. Хацеў і Абдула следам скочыць, але яго паклікаў рулявы, паказаў месца побач з сабою ў рубцы.
Палаткі аказаліся не роўныя — адна чатырохмесная, другая двухмесная. Нікога ў іх паліцэйскія не выявілі, але перавярнулі ўсё дагары дном. Прабеглі яшчэ па тэрыторыі, заглянулі за кучу скрынак і бочак, за рухавік-электрастанцыю — і там нікога. Адзін застаўся каля рухавіка, другі пайшоў на катэр, трэці — да варот за палаткамі.
— Я тут пабуду, — павярнуў Амара да скрынак.
Начальнік паліцыі следам за Раджам палез на ўсходцы, што збоку вялі ў вагончык. З маленькай прыхожай відаць трое дзвярэй. Направа — у лабараторыю, проста — у кладоўку, налева — у аператарскую. Радж адчыніў левыя дзверы, адкуль даносіліся галасы, начальнік паліцыі — правыя.
Акенца было адно, злева. Направа пры глухой сцяне ўзвышалася панель з прыборамі, падобнымі на манометры са стрэлкамі, мігалі чырвоныя лямпачкі. Ніз панелі быў скошаны, як вечка школьнай парты, на ёй таксама былі нейкія пераключальнікі і кнопкі, стаяў нізенькі мікрафон. Крэсла каля панелі было пустое, аператар стаяў каля глухой тарцовай сцяны з рукамі на патыліцы, а паліцэйскі лапаў яго, абмацваў.
— Што здарылася? Гэта самавольства, я скардзіцца буду ўладам! — гразіўся аператар, спрабуючы павярнуцца тварам да ўсіх, але яго штурхаў паліцэйскі ў спіну, прымушаў глядзець у сцяну.
— Можаце… Можаце скардзіцца… — гарбаносы афіцэр сеў на крэсла каля мікрафона, а на другое, каля невялічкага століка побач з панеллю, паказаў другому паліцэйскаму, падаў яму папку з паперамі. Той расклаў усё і замёр, чакаючы, што будзе дыктаваць афіцэр. Яшчэ адзін паліцэйскі стаяў каля дзвярэй, дзе і Радж спыніўся, але ім давялося адступіцца ўбок — зайшоў нейкі акулярык у белым халаце, за ім начальнік паліцыі. Акулярыка паставілі каля той жа сцяны, што і аператара, толькі ў другім кутку, таксама абшукалі.
— І ўсе? — здзівіўся афіцэр, паварочваючыся разам з крэслам да народу.
— Больш нікога не знайшлі,— сказаў начальнік паліцыі.
— Толькі што мы бачылі — пад ваду пайшоў аквалангіст. Ён у пячору? — нібы між іншым спытаў у аператара афіцэр.
— Якую пячору? Мо рыбы захацеў на вячэру настраляць, — адказаў той.
— Не раім корчыць дурня. Мы ведаем больш, чым вам здаецца. Дзе астатнія? Таксама ў пячоры?