Выбрать главу

— Толькі жывы!.. Адзіная нітачка, можна сказаць…

Судзір нервова пахаджваў па пляжы. Янг не ўсё зразумеў з рэплік, якія ён кідаў па тэлефоне, але галоўнае ўлавіў. Судзір — член трыяды… Судзір капаў яму іншым, а трапіў у другую, што выкапалі яму.

Урэшце пачуўся зумер тэлефона. Судзір пашлэпаў, каб падняць трубку.

— Шэф дазволіў вас выпусціць. На зборы вам пяць мінут. Заслона будзе адключана на адну-дзве мінуты. Дарэчы, хто там яшчэ, чый голас мы чулі?

— Хлапчук адзін. Яго брат Радж Сінх працуе ў дэльфінарыі.

— Радж Сінх, якога вы павінны былі забіць і якога пакінулі жывым? Шэф ужо тады быў у гневе на вас. Ці не занадта многа вы яго злуяце?

— Клянуся: я любы загад выканаю. Магу і цяпер Раджа забіць, і брата яго адпраўлю рыбам!

— Хлапчук няхай пасядзіць там. Ён яшчэ спатрэбіцца. А пра Раджа дагаворымся, як вылезеце. Чакаем вас у лагеры!

«Хоча забіць мяне?!» — Янг зноў падаўся да вады, свіснуў Бобі. Не, проста за так ён не паддасца. Ды ў яго ж дэльфіны ёсць, верныя сябры.

— Будзь тут, Бобі. Не адплывай… — прашаптаў яму, седзячы ўжо на самым краёчку, нагамі ў вадзе. Сачыў за Судзірам. Ніякага холаду цяпер Янг не адчуваў.

Судзір не да выхаду рыхтаваўся, а паспешліва поўзаў па кучы вынесенай пароды, мітусліва разграбаў яе. Штосьці хапаў у рукі, прыглядваўся, нібы нюхаў. Здавалася, зараз пачне хапаць ротам пясок і глытаць, жэрці, давіцца ім. Урэшце Судзір устаў, пайшоў да вады. Ссунуў маску на вочы і нос, рашуча ўзяў загубнік.

Успомніў пра ліхтар, пачапіў і яго на грудзі. Сеў на беражок пляжа, здзекліва памахаў рукою ў бок Янга — маўляў, да хуткай сустрэчы, і ссунуўся ў ваду.

«Дык што ж цяпер будзе? Я так і загіну тут?»

«Калі трыяда захапіла лагер, мне не жыць. І Радж загіне, Судзір некаму абяцаў прыбраць яго, паддобрыцца да шэфа».

Зноў роспач завалодала Янгам. Бяссілле, поўнае бяссілле… Нават на плач не хапала духу.

Не скора ён зрэагаваў на зумер тэлефона. Каму яны звоняць? Нікога ж тут не засталося, усе мёртвыя. Памылкова?

А тэлефон не змаўкаў.

Янг рынуўся грудзямі на ваду, намацаў спіну Бобі, павярнуў за рострум туды, да пляжа. Сам не гроб — хай вязе. Ледзь ставала сілы, каб трымацца за плаўнік.

Абмінуў нежывога электрыка паўз самую ваду — раптам забаяўся трупа.

Трымаў трубку дзвюма рукамі…

І пачуў голас Раджа — такі родны, такі мілы!

— Янг, брацік мой… Ты мяне слухаеш? Гэта я — пазнаеш? Ты не плач, скажы мне, што ты жывы-здаровы. Ты мяне чуеш?

— Чую… — ледзь вымучыў.— Я не магу гаварыць… Я не веру, што гэта ты… А як жа трыяда, бандыты?

— Самы большы бандыт плыве да нас, пойдзем сустракаць. Слухай, мой даражэнькі, аквалангі там ёсць?

— Ёсць.

— Ты ж умееш імі карыстацца. Адзявай адзін — і ў ваду. Сам выплывеш?

— Выплыву.

— Зараз зноў адключым заслону. Ды не рыдай ты гэтак, а то яшчэ захлынешся пад вадою! Бяры сябе ў рукі, ты ж мужчына! Чуеш?

— Чую. А як жа дэльфіны?

Адказу не пачуў. У трубцы запіпікалі кароткія гудкі.

Раджу афіцэр забараніў пакуль што высоўвацца з вагончыка. Убачыць Судзір і можа сапсавацца ўся справа.

…Судзір выйшаў з вады паволі. Яшчэ стоячы на мокрым пяску, зняў акваланг і ліхтар, здзёр ласты і маску. Умудрыўся ўзяць усё ў адну руку. А пакуль знімаў амуніцыю, паглядваў у бок Амары, які сядзеў на скрынках. Здаецца, хлопец не выклікаў у яго падазрэння, мог і ў трыядзе такі быць. Радж і афіцэр, прыціскаючыся да сцяны, цікавалі з акенца вагона ў той бок. І не так бачылі Судзіра, як тое, што рулявы выйшаў з рубкі і, схіліўшыся над бортам, запознена закрываў нейкім лахманом на борце надпіс «Police». Судзір і па баках паглядзеў, і на катэр азірнуўся — здаецца, нічога падазронага не заўважыў. Паволі пабрыў па пяску ўгору.

Амара, як толькі Судзір мінуў яго, устаў і зайшоў ззаду ад мора. Недзе з-за палаткі і з-за бочак, з-за рухавіка імкліва выбегла некалькі паліцэйскіх, беручы Судзіра ў паўкальцо. І раптам Судзір кінуў акваланг, цапнуў за лытку. Імгненна крутнуўся да Амары і выставіў у яго бок нож. Радж не згледзеў, як мільганула лязо. Убачыў толькі, як Амара нібы спатыкнуўся, хапаючыся за грудзі.

Афіцэр першы выскачыў з вагончыка.

— Не страляць!

Радж выскачыў следам.

А каля вады ўжо сплёўся клубок цел. Хтосьці выбіў з рук Судзіра нож, той крутнуўся ў паветры млынком, дзёўбнуўся ў пясок. Радж прабег міма кучы цел да Амары, падхапіў яго пад плечы. З куточка рота сябра цадзілася нітачка крыві. Ён дыхаў часта, неглыбока, з захліпамі. Мабыць, былі прабіты лёгкія.

— Во… — расплюшчыў вочы Амара і расшчапіў акрываўленыя пальцы. На далоні было выцягнутае лязо — завостраны з двух бакоў клінок сталі.— Але ты не бойся… Не ў сэрца…

Радж асцярожна апусціў галаву Амары, паглядзеў туды, дзе ахалі і стагналі. Некаторыя ўжо курчыліся ад удараў Судзіра. Радж кінуўся ў гушчу, шалеючы ад гневу. Судзір імгненна ўскінуў насустрач нагу, цэлячы ў пах. Радж перахапіў нагу і тузануў на сябе. Судзір упаў, але па-кашачы крутнуўся спінаю ўгору, каб прыкрыць жывот. І ўдарыў другою нагою Раджа па нагах, падкасіў яго. На момант, падаючы, Радж паслабіў пальцы рук, і гэтага было дастаткова. Судзір ускочыў і яшчэ раз высока ўскінуў нагу — пацэліў пяткаю ў сонечнае спляценне начальніку паліцыі Рая. І кінуўся да вады.

Засталося на нагах толькі двое паліцэйскіх і гарбаносы. Паліцэйскія бязладна, не прыцэльна заляскалі з пісталетаў, і вакол Судзіра ў вадзе ўспыхвалі султанчыкі вады.

— Не страляць! — крычаў, як вар'ят, афіцэр. — Заводзь матор! — пакруціў у бок катэра кулаком і пабег да судна. Паліцэйскія, хто мог, за ім.

Судзір плыў размашыста, сажонкамі ў бок адкрытага мора. На што спадзяваўся — невядома: ад катэра ж не ўцячэш.

Радж зноў хацеў бегчы да Амара, але ўбачыў, што каля правага закрылка плота, які заходзіў у ваду, вынырнула некалькі дэльфінаў. І хлапчукоўская галава ў масцы паказалася…

— Янг! — кінуўся туды. З катэра, хоць ён ужо адплываў, скокнуў цераз борт Абдула, таксама галёкаючы: — Я-я-янг!

Янг уставаў з вады, аберуч заціскаючы вочы. Не бачачы нічога, спатыкаючыся, пабрыў на бераг.

— Радж… дзе ты? Я, мабыць, аслеп. Я нічога не бачу… Ба-ля-я-яць як! — усхліпваючы, вымаўляў Янг. — Бобі загінуў… І ў Дзіка хвост паранены. Мы яшчэ не праплылі ўсе, а нехта зноў уключыў заслону. Бобі ззаду быў, і якраз на яго папала… — Янг, рыдаючы, прыціснуўся тварам да грудзей Раджа.

А той гладзіў яго па плячах, па галаве, як зусім малога, адною рукою вызваляў ад акваланга.

— Брацік мой, ты жывы!.. А на каго ж ты падобны, божа!.. Увесь збіты…

— А хто тут яшчэ плача?

— Абдула тут… Падыдзі, Абдула.

Абдула падышоў, і Янг вобмацкам, не расплюшчваючы вачэй, прыгарнуў яго да сябе і яшчэ мацней прыціснуў твар да грудзей Раджа.

— Ой, глядзіце! — раптам аглушыў крыкам Абдула. — Дэльфіны першыя дагналі Судзіра!

— Кінуцца, мабыць, ратаваць Судзіра, — сказаў Радж.

Янг паспрабаваў адарваць твар ад Раджавых грудзей, але зноў прыціснуўся.

— Ой, вы гаварыце мне, гаварыце!..

— Дэльфіны нападаюць на Судзіра! — усклікнуў Абдула.

Пачуўся стрэл з катэра і крык афіцэра:

— Агонь па дэльфінах! Па дэльфінах, а не па Судзіру!

Страляніна пагусцела.

— Варвары, што яны робяць?! Не страляйце ў дэльфінаў, варвары!!! — закрычаў штомоцы Радж.

— Глядзі, Ра-адж!.. Дэльфіны Судзіра б'юць, як акулу! — крычаў Абдула.

— Ага-а… Дзік, здаецца… І з разгону!

— Усё-ё! Няма ўжо Судзіра на вадзе! — ажно завішчаў радасна Абдула.

— Ага, на дно пайшоў… Катэр кругі вакол таго месца робіць.

Чуваць была лаянка афіцэра, але неразборлівая. Мо гнаў каго з паліцэйскіх за борт, каб пашукаў Судзіра?

— А калі хітрыць Судзір? Пасядзіць пад вадою і выплыве? — сказаў Янг.