Выбрать главу

— Пасля ўдару Дзіка?! — Радж дастаў з кішэні насоўку, склаў у некалькі столак і завязаў вочы Янгу.

Пайшлі хуценька да Амары. Паліцэйскіх, якія курчыліся ад удараў Судзіра, на тым месцы ўжо не было. Прышкандыбалі ці прыпаўзлі да вады, махалі катэру рукамі.

Амара ляжаў бледны, з заплюшчанымі вачыма, па-ранейшаму дыхаў з хрыпамі і хліпаннем. Праз пальцы прыціснутай да грудзей рукі праступала кроў.

— Пацярпі, Амара… Катэр прычальвае, зараз забяром цябе… Ты чуеш? Ты будзеш жыць, Бессмяротны! Такія, як ты, трэба каб жылі! Ты пастарайся жыць, чуеш? — Радж разадраў на палосы сваю тэніску з эмблемай дэльфінарыя. — Абдула, прыпадымі пад плечы яго…

Падтрымлівалі Абдула і Янг, а Радж як змог перабінтаваў Амары грудзі.

— Дэльфіны ляцяць сюды! Не сюды, убок трохі! — закрычаў Абдула. — Што ж яны… Што ж вы, дурні?!

Падлятаючы да мелкага, дэльфіны ўзвіваліся дугою ў паветра і шмяк, шмяк, шмяк — Дзік, Ева, Бэла — пападалі на пясок. Доры не было, Дору, мабыць, застрэлілі паліцэйскія.

— Памажыце ім… Што ж вы?! — прыўзняўся на руках, спрабуючы сесці, Амара.

Янг прысеў, падтрымліваючы пад спіну Амару. Радж з Абдулою пабеглі да дэльфінаў, пачалі катурхаць, цягаць за хвасты. Дзіка нават з месца не скранулі, ды за яго і брацца было боязна — такі знявечана-акрываўлены быў хвост. Пакінулі яго, ухапіліся за Еву, нават па пояс у ваду зайшлі, цягнучы дэльфінку, а потым яшчэ і паштурхалі яе чым далей ад берага. Ева варухнула хвастом, нібы прачнулася, адплыла метраў на дзесяць і зноў з разгону сіганула на пясок, цяжка чмякнулася побач з Дзікам.

Абдула вылез з вады і зноў ухапіўся за Еву. Адзін не мог даць рады, з жалем і роспаччу глядзеў то на паміраючых дэльфінаў, то на Раджа: «Ну што ж ты?!»

— Не трэба, Абдула… — голас Раджа асекся.

Немагчыма было глядзець на дэльфінаў. Яны стагналі, як людзі, паміргвалі вачыма і глядзелі з такім несусветным сумам, нібы спазналі нейкую тайну.

Радж павярнуўся і пайшоў на дапамогу Амары і Янгу. Яны, памагаючы адзін аднаму, усталі на ногі і, абняўшыся, паволі пакрочылі ў напрамку да катэра.

Чуўся разлютаваны голас афіцэра: спачатку распякаў некага на катэры, потым наваліўся на таго паліцэйскага, што выводзіў з вагончыка, трымаючы напагатове рэвальвер, аператара і лабаранта, потым падбег да дэльфінаў на беразе і разрадзіў свой пісталет, цэлячы ім у галовы. Даваў волю свайму гневу? Помсціў за тое, што не пакінулі ў жывых Судзіра?

— Мне знаёмы яго голас. Ён допыт мне рабіў на Галоўным… Дэльфінаў… гад… — расплакаўся Янг.

— Ціха, ну… — супакойваў яго Радж. — Можа, для дэльфінаў гэта і лепш. Не пакутавалі хоць доўга.

— Я ведаю, чаму яны не захацелі жыць… — гаварыў, усхліпваючы, Янг. — Можа, я чытаў… Можа, прысніў… А мо дэльфіны мне свае думкі перадалі? У іх закон такі ёсць — не забіваць чалавека ніколі! Што б людзі ні тварылі з імі.

— Дык яны ж Судзіра забілі, а не чалавека! — абурыўся Абдула.

— Для Судзіра простай смерці мала, — уздыхнуў Радж.

— Не чалавека яны забілі — праўда… Забойцу! Ён на маіх вачах… у пячоры… трох на той свет… Але дэльфіны парушылі свой закон, самі і пакаралі сябе за гэта, — гаварыў сваё Янг.

— Казкі! — не згаджаўся Абдула. — Часам і кіты выкідваюцца на бераг чародамі… Дык што — і яны чалавека забівалі, грэх свой аплочвалі?

— З кітамі не ведаю. А з дэльфінамі, мабыць, праўда.

Амара раптам асеў на рукі, ледзь паспелі падтрымаць. Страціў прытомнасць.

Эпілог

Зафрахтаваны Інданезіяй у Японіі супертанкер «Сікока-мару» вёз у Аўстралію экспартную нафту — паўмільёна тон адразу! Узброеным ахоўнікам і экіпажу ўжо здавалася, што небяспека засталася ззаду. Мінулі востраў Раждзяства, да аўстралійскага порта Перт засталося менш трох тысяч кіламетраў. Малаверагодна, каб у гэтых водах маглі аб'явіцца піраты. І вось, калі прытупілася пільнасць, тыя і напалі ноччу, з двух бартоў на хаду прышвартаваўшыся да танкера. Уся ахова і частка экіпажа была перабіта, танкер завярнулі на паўднёвы захад, у напрамку Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Можна было сарваць велізарнейшы куш, калі загнаць расістам гэтулькі нафты.

Ішоў трэці дзень пасля захопу танкера, калі на Раі і на Горным адбыліся толькі што апісаныя падзеі.

Ішоў чацвёрты дзень плавання танкера пад аховай пірацкіх катэраў, калі Абдула і Янг трапілі да Натачы на тую далёкую плантацыю какосаў. Не маглі не пайсці туды, вельмі прасіў Янг. Трэба было паказацца ёй і Натачыным бацькам — маўляў, вось я, жывы і амаль здаровы. Не перажывайце і не гаруйце.

І добра, што схадзілі. Натачу, аказваецца, трымалі кругласутачна ў будане, прывязаную і звязаную, каб не збегла зноў на тое возера, не захлынулася яшчэ і сама. А яна ў адказ аб'явіла галадоўку, нічога не ела, ваду, праўда, піла і цвёрда вырашыла — памерці. Не магла яна жыць і радавацца ўсяму жывому, калі не было на свеце Янга. І магла б памерці, упартасці ў яе хапіла б, каб Янг сам не з'явіўся з таго свету.

І быў смех скрозь плач, і плач скрозь смех, была істэрыка.

— Янг, мілы, ты ці не ты?! Знімі гэтыя акуляры, я не пазнаю цябе… — і сама сарвала чорныя акуляры і цалавала яго ў сплюшчаныя павекі (не мог ён яшчэ без чорных акуляраў глядзець на белы свет), а Янг чырванеў і пацеў — кідала ў жар. Абдула далікатна выбраўся з будана і сядзеў пад сценкаю, пасвістваючы: хай наладжваюць адносіны.

Потым былі бясконцыя роспыты, і даводзілася Янгу зноў і зноў расказваць пячорную эпапею.

— І ўсе-ўсе дэльфіны загінулі?! — не магла даць веры Натача.

— Усе… — горка ўздыхаў Янг. — Бобі так шкада — як брацік мне быў! — ён соўгаў пальцы пад шкельцы акуляраў, выціраў слёзы. — Толькі во… Цацку мне вынес з дна, на дракончыка падобная, — успомніў Янг тую штуковіну, што засунуў сабе за пояс у пячоры.

Пачуўшы гэта, Абдула ўраз апынуўся ў будане.

— Дык гэта ж золата!!! — ускрыкнуў ён, узяў у Янга дрыжачымі рукамі дракончыка. — Злітак золата! Самародак… Во, абабіта, бачыце, як гарыць? А цяжкі!

Перадавалі з рук у рукі, аглядалі з усіх бакоў, калупалі кіпцямі. Абдула выцягнуў шыю ў той бок, дзе, па яго меркаванню, было возера. Уздыхнуў.

— І ты… столькі цярпеў гэты цяжар за поясам і не мог успомніць дасюль пра самародак?! — накрычаў на Янга.

— Я яшчэ не такое цярпеў…— спакойна адказаў Янг. Чамусьці золата не выклікала ў яго ніякіх эмоцый.

Ішоў пяты дзень плавання ўкрадзенага танкера, калі, пераначаваўшы каля Натачынага будана, хлапчукі прыйшлі з Натачаю ў Кампонг, у бальніцу.

А Радж ноч правёў у палаце каля Амары. Урачы дазволілі паначаваць каля яго, падаглядаць пасля аперацыі. Пералівалі Амары кроў — два літры! Хацеў Радж падзяліцца з сябрам сваёю, а ўрачы ўзялі пробу і сказалі — не падыходзіць.

І вось другі дзень пасля аперацыі, Амары крышачку палепшала. Янг, Абдула і Натача кленчаць перад галоўным урачом, каб пусцілі іх да хворага — хоць на пяць хвілінак. Ім бы толькі ўбачыць Амару, пераканацца, што ён жывы — і больш нічога не трэба.

І ўпрасіліся, пусцілі іх. І ўбачылі, хвалюючыся, як адразу пасунуў да іх па прасціне саслабелую руку Амара. Чацвёра рук кінулася насустрач ягонай, і ўсе пяць спляліся ў адным гарачым поціску.

— Даў я вам клопату… — трымціць на вуснах Амары ўсмешка. — І як толькі расплоцімся мы за аперацыю, за кроў, за бальніцу?

— Ты не забівай сабе гэтым галавы. Усё будзе добра, — гаворыць Радж.

— І грошы знойдуцца, — тонам мільянера гаворыць Янг, але з-за пояса нічога не дастае, не паказвае. Яны ў палаце не адны, ёсць і чужыя, па кутках стаяць яшчэ чатыры ложкі.

— Мо хто ўбачыць маіх… нашых… Не гаварыце, што са мною такое. Што пакаўзнуўся… — папрасіў Амара. — А грошы вам вярну. Папраўлюся і зараблю.

Чатыры кулакі пацягнуліся да яго носа.

— Не буду… Не буду… — усміхаецца квола Амара.

— Твая задача зараз — паправіцца, — сказаў Янг.

— Чым хутчэй, — дабавіў Абдула.

— Я да цябе кожны дзень буду прыходзіць, — паабяцала Натача. — Буду гаварыць — сястра твая.

— Папраўляйся, дружа. Многа ў нас спраў уперадзе, многа работы, — шматзначна прамовіў Радж.