Выбрать главу

Скрозь пад бярозамі — бачыў Грышка — стаялі і ляжалі вялікія паржавелыя бляшанкі — з-пад павідла, няйнакш, вясною ў іх збіралі бярозавік, а цяпер у тых, каторыя стаялі, дождж наліў вады, і ў ёй плавалі разбрынялыя чорныя жукі. Дзіркі, праточаныя ў камлях бяроз, заброснелі ды так і засталіся, падобныя на вялікія бяльмастыя вочы. Грышка ўспомніў, што некалі ў калгасе быў конь Белазоры, дык у яго былі акурат такія вочы, — добры конік быў, цягучы, але...

«А можа, і ў ласёў тож такія вочы?» — раптам падумаў Грышка, ведаючы, што тут пратаптана ласіная сцежка, па якой ласі з Вялікага Балота, дзе днююць у змрочнай, вільготнай зацішы на мяккім імху і дзе пладзяцца, хаваючыся ў глыбокіх, ад бомб, ямах, зарослых тонкім бледным асіннікам, прыбягаюць на поле, на якім пасвяцца, скубуць яшчэ несаспелы, салодкі авёс, храбусткую, мяккую лебяду. І цяпер Грышка бачыў на лініі іх начныя сляды — то акуратныя, са шчытна зведзенымі вілкамі капытоў адбіткі (гэта калі лось ішоў спакойна), то проста ўзрыхленую зямлю, быццам падзяўбанаю жалезнай скабою.

Неяк па восені Грышка бачыў тут ласіную сутычку. Ён тады насек жардзя і браўся напрасткі дахаты. Раптам глянуў, бы хто штурхнуў, уперад і здрыгануўся: убачыў ласёў. Два грамілы стаялі блізенька адзін да аднаго, трэці — крыху воддаль, насцярожана і пудка кратаў даўгімі вушамі — пазней Грышка зразумеў, што гэта была самка.

Грышка заступіў за таўстую асіну і стаіўся, гэтак жа сцішана стаялі і ласі. Потым нечакана, як хто пуднуў іх, рэзка рвануліся насутыч — і па сасняку панёсся гулкі стук касцяных рагоў. Тузанулася і нервова пераступіла нагамі вушастая самка.

Грышка прытуліўся да асіны, адчуўшы шчакою яе каструбаватую кару.

Ласі, не падымаючы ад зямлі рагоў, разышліся — і зноў шалёная сіла кінула іх адзін на аднаго; сцегнякі напружыліся, як не лопнуць, ноздры расшырыліся, а бялкі вачэй сталі чырвоныя. Ласі доўга пераважваліся то ў адзін бок, то ў другі, і было відаць, як заднія капыты мякка патанаюць у зямлі.

Калі яны зноў адступілі, лось, што стаяў направа, грабянуў пярэдняю нагою па ігліцы, і на спіну яму ўпала некалькі камякоў зямлі, ён злосна раўнуў і скочыў на свайго саперніка. Той удала вывіхнуўся, і лось перацяў капытом маладую, таўшчынёю з руку, бярозку; прамашка, мусіць, яшчэ болей раз’ятрыла, і ён, развярнуўшыся, зноў рушыў на саперніка, але той нечакана тыркнуўся яму наперад і лучыў рагамі ў храпу.

Здрыганулася, быццам ад укусу авадня, самка.

Падранены лось матлянуў галавою, каб выбавіцца, але пераможца дужа напіраў на яго, і ён, выгнуўшыся лукам, адскочыў убок, яшчэ ніжэй угнуў галаву ў калені і сам пайшоў у наступ, ударыў рагамі свайго саперніка ў цвёрдую лабаціну так, што той рухнуў на зямлю... Адчуваючы новы ўдар, зароў дзіка і бяспомачна, як просячы літасці, адно вочы, налітыя крывёю, як агнём, гарэлі шалёным адчаем і рашучасцю.

Грышка зажмурыўся і чакаў... доўга, думаючы: вось зараз звалены лось, так і не падняўшыся, недарэчна і пакутліва прыме сваю смерць, — але калі адплюшчыў вочы, то ўбачыў, што ён стаіць, ужо адбегшыся, а вушастая самка, зразу рахманая, супакоеная, ліжа пераможцу дрыготкі ўскалмачаны бок, пакідаючы на поўсці цёмныя мясціны, якія так былі падобныя на лапікі, прышытыя да выцвілай адзежыны.

 

...Грышка хадзіў паўз лінію, абапал якой густа раслі маладзенькія бярозкі, прыглядаўся да верасу, што яшчэ не цвіў, але ўжо выкінуў ліловыя кутасікі, шнарыў у асацэ-дуброўцы, што чубчыкамі тырчала на гладкіх мурожна-зялёных падушках імху; наткнуўся на леташні лоўж з сасновых галін, ігліца з якіх паасыпалася, і праз іх, як праз косці, свіціліся шырокія, тонкія шапкі лісічак, ці лепш такія назваць лісіцамі. Болей, канешне, лісічак было на прагалінах, з усіх бакоў даступных сонцу, часам і залішне, бо некаторыя шапачкі патрэскаліся, узяліся белымі глыбокімі праменьчыкамі. Грышка аббегаў усе куткі за лініяй, затым перабраўся на другі бок, дзе раслі таўстыя бярозы ды асіны, сярод якіх пракідалася і сасна; там на зацененай лісцем дрэў і строгім папаратнікам зямлі зазвычай любілі расці абабачкі. Маленькія, цвёрдзенькія, як драўляныя таўкачыкі, і такія ж белыя, вылазілі пад бярозамі барвікі — рэдка па адным, часцей сямейкаю, тры ці чатыры; у іх гладкі высокі корань, і яго добра спілоўваць, не трэба тачыцца нажом у зямлю, як бывае, калі падымаеш дуброўнічак — цёмны і смуглы, што цыганскае семя.