Выбрать главу

 

...Грышка паставіў кошык у кладоўку, зайшоў у хату — Лісаветкі не было, — мабыць, яшчэ не вярнулася з тока, дзе адносіць мяшкі ад машыны, што перацірае траву і прасуе ў патрончыкі — гранулы, як іх называюць; увогуле не падкая да работы Лісаветка ў ахвоту памагала іншым і ні разу не ішла дахаты першаю.

Грышка тыцнуўся кружкаю ў вядро, але яно было пустое, нават высахла дно — Лісаветка сцадзіла ваду да апошняй кроплі — ці піць, ці на нейкую патрэбу. Тады ён адчыніў суднік, знайшоў там гарлач з сыраквашаю і папіў набгом. Адчуваў, як звіняць ногі — дзіва што, столькі выхадзіў, адмераў, лічы, кіламетраў дзесяць, не менш. Тут і ў маладога язык вываліцца. Ён прылёг на верандзе на ложак, захінуты выцвілай квяцістаю шырмаю, — тут усягды добра адпачывалася, калі не лезлі мухі ці, як цяпер, камары. У хаце за сцяною мерна, сумна цікалі ходзікі — закалыхвалі... «Многа мошак — рыхтуй кошык», — падумаў ён.

Здаецца, не паспеў заснуць, толькі мляваю стомаю затуманілася галава ды пацяжэла, як пачуў стук хатніх дзвярэй — мяккі, без рыпу. «Прыйшла Лісаветка...» Ён адплюшчыў вочы, але не падымаўся, глядзеў, як лётае над ім худы, празрысты камар. За гэтай забаваю яго і застала Лісаветка — адхінула шырму зялёнаю ад травы рукою. Сіняя хустка, абвязаная ўкруг галавы, закрывала ўвесь яе лоб; шчокі, загарэлыя, але не да чорнае смуглаты, туга блішчалі, як памазаныя здорам аладкі. Спытала — як грыбы.

Грышка стаў гаварыць — са шкадобаю ў голасе,— што крыху зазяваўся сёлета, затлуміўся з «етым Мішам»; ужо можна было б адкрываць грыбаварню. Грыбы пайшлі ваўсю — пакуль, праўда, лісічкі, але пракідаюцца і абабачкі, нават барвікі. Усё-ткі не памыліўся Грышка, што грыбны будзе год — зямля, бачыў, скрозь цвіце. Ён гаварыў і гаварыў, хаця гаварыльня ніколі не была яму да сэрца, — пра свае клопаты, што чакаюць яго, грыбавара, акурат баяўся няўзнак прагаварыцца пра Любку ці, можа, такою шчыраю гаворкаю стараўся павініцца перад Лісаветкаю, апраўдацца за тое, што не суняў сябе — хоць і не наўмысна, ды ўсё-ткі заглянуў да Любкі, адсыпаў ёй грыбоў.

Лісаветка слухала, ківала галавою, а часам звужала вочы, моршчыла лоб, і было відаць, што думкі яе далёка-далёка, можа, нават на тым няпэўным краі, за якім бачылася ёй змоладу райскае, бестурботнае жыццё яе летуценнай напаўцыганскай душы. І як яна пазвала Грышку абедаць, абарваўшы яго на паўслове, вязалася якраз з тым, што яе мала займаюць мужавы клопаты, факт, душа за іх не баліць, як гэта бывае ў гаспадарлівых жонак.

Яны пасёрбалі булёну, ці, па-іхняму, жыдкай бульбы з квасоляю, паелі проста з чыгунка дранікаў, якія, пастаўленыя глыбока ў печ, добра ўжалелі — сталі рудаватымі.

— Ну, пайду гатовіцца, глядзець там, што ды як,— сказаў Грышка, зноў папіўшы сыраквашы з гарлача, і, падумаўшы, дадаў: — Вады няма ў хаце...

— Піць? — спытала Лісаветка — яна ўсягды на любую мужаву закідку выстаўлялася так, каб выгарадзіць сябе ад далейшых папрокаў. — Дык я ж кампот з сушаных груш зварыла — стаіць у каструлі... Во бязмозглая! — Стукнула далоняю лёгенька па лбе.

Грышка нічога не сказаў і выйшаў з хаты.

Грыбаварню ён паставіў на гародзе там, дзе і лазню, — крыху бліжэй, чымся ліпы. Прымеркаваў так назнарок, каб лазня таксама служыла на грыбаварню: не захламляць жа гарод рознымі пабудоўкамі. Вось навесчык зрабіў і — хапае. Чатыры слупы, бэлькі, кроквы, жардзё, і на дах — толь: улетку ад сонца і дажджу — схоў. На зіму вагу зацягваў у прымыльнік, а катлы — на лазню: і снег ці вада не страшныя.

Перш Грышка пахадзіў пад навесчыкам, пакратаў слупы, якія за гады пацямнелі, узяліся сіваватым машком, наваліўся рукамі і праверыў, ці не хістаюцца сталы. Задраў галаву — дах, здаецца, нідзе не свіціўся, але, мабыць, ужо сатлеў: кінь на яго каменьчык зверху, а пад навесчыкам знойдзеш. Трэба неяк шыферу разжыцца ды перакрыць — надзейней будзе. Гэта раней дорам ты толем крылі, а цяпер шыфер у модзе. Глянь на Малінаўку — колькі тых дамоў, але ўсе пад шыферам, акурат снег на іх выпаў. Балазе шыферны завод, лічы, пад бокам — у Крычаве.

Ну, вага пакуль няхай пабудзе у прымыльніку, за зіму ў сухім не сапсавалася; гіры да ее розных калібраў у кладоўцы на вугольніку ляжаць — таксама есці не просяць. А вось катлы... Катлы на лазні. Грышка палез па лесвіцы да дзверцаў, што былі ў франтоне, скінуў кручок і адчыніў іх. Ад самае восені ён сюды не заглядваў амаль. Скразнякі пазмяталі з гары імшынкі (мохам некалі ўцяпляў столь), лісце, што нацерушылася ад сухіх венікаў, і пясок быў гладзенькі, чысценькі, акурат той, што вылізаны на беразе хвалямі Сажа; не відаць было і слядоў, што, помніцца, засталіся ад ботаў.