— Што хацеў?
— Ды мне долата... — Грышка адказаў не зразу, бо перш падзівіўся: «Няўжо які знаёмы хлопец?..»
Вусаты склаў два пальцы ў колца і міргнуў:
— Лішні на бочку — і праз мінуту будзе долата. Жалеза — ноне дарагое.
— А етага не хочаш «на бочку»? — Грышка з нечаканым для сябе спрытам тыцнуў яму пад нос дулю і стаяў, не баючыся, — дзень жа, людзі вакол. Дый калі што — кулак яшчэ ёмкі, шахцёрскі: як гваздане — іскры з вачэй пасыплюцца! Але вусаты надзіва спакойна, нават без намёку на абурэнне, адышоў, як паслухмяны сабака на крык гаспадара. Грозны рак, ды ззаду вочы.
Базаю служыла даўгая і шырокая, як гумно, будыніна на высокім бетонным падмурку, які далёка выступаў уперад і на якім грувасціліся новыя (белыя) і старыя бочкі, піраміды скрынь, маткі ржавага дроту. Вузенькія, акурат у пуні, вокны былі пад самаю страхою — запыленыя, а можа, затканыя павучынаю; праз дзіркі ў шыбах выляталі з будыніны тоўстыя, як мячыкі, вераб’і, садзіліся на вільчык, а потым ужо ляцелі прэч.
З шырокіх, напята расчыненых дзвярэй выйшла на выступ маладая жанчына — у бліскучым цыратовым фартуху і ў блузцы з закасанымі рукавамі.
— Скажы ты мне, дзеўка, ці тута Міротнікаў? — спытаў Грышка, набліжаючыся да выступа і пераймаючы маладуху, якая чамусьці разгубілася і зноў павярнула ў будыніну. Маладуха тыльным бокам далоні (рукі былі мокрыя) паправіла на галаве празрыстую касынку, праз якую прасвечваўся чырвоны грабянёк, і нечакана вясёлым голасам, чым здзівіла Грышку, бо ён прывык, што ў горадзе людзі больш надзьмутыя і строгія, а часам і грубыя да незнаёмага чалавека, сказала:
— Тута-тута!.. Гуркі... засол правярае.
Па сходцах Грышка ўзышоў на выступ, заглянуў у расчыненыя дзверы. У вялікім, як загон, адсеку жанчыны перабіралі свежыя гуркі, ад якіх ажно пярэсціла ў вачах; насілі вёдрамі ў процілеглы кут, дзе іх мылі, узважвалі, засыпалі ў бочкі; востра пахла кропам і часнаком. Там жа стаяў і Міротнікаў, апрануты ў цёмнае. Сам ён быў маленькі, плюгавенькі, і касцюмчык на ім сядзеў шчытненька, як на хлопчыку; над ілбом трымцеў высокі густы чубчык, як грэбень у пеўня, а на макаўцы свяціўся плеш, што ўсягды смяшыла, бо звычайна ў людзей, якія лысеюць, прарэджваюцца валасы і на цемі. Міротнікаў, калі размаўляў, не глядзеў у вочы — прымета скрытнага па натуры чалавека, які, аднак, добра розніць фальш і шчырасць на душы іншага.
Маладая жанчына, якую першаю ўбачыў Грышка, блізка нахіліўшыся, нешта сказала Міротнікаву і паказала на дзверы, дзе стаяў Грышка. Міротнікаў глянуў, каму ён спатрэбіўся, не падаў аніякага знаку і не думаў падыходзіць. Грышка чакаў доўга, пакуль Міротнікаў зрабіў ласку — пан такі! — падышоў. Павітаўся з Грышкам за руку, але поціск быў нямоцны, лічы, аддаў сваю руку ва ўладу Грышкавае далоні, якая мазалямі сваімі, бы каменьчыкамі, мала не расцёрла яе на муку.
У іх, калі папраўдзе, дык здаўна пайшло на разлад ці як яго назваць. Цяжка сказаць, як душою, але па рабоце болей цярпеў ад гэтага Грышка. Што з тараю ўсягды загвоздка, дык пра гэта і гаворкі ўжо няма, нават спецый і воцату не кожны раз дастаецца. Планы дай божа якія — моў, лясная вёска, павінна быць шмат грыбоў; і, лічы, на кожнай нарадзе па лініі райсаюза дзяўбуць — тое не так, тое не гэтак. Шчыміць, канешне, душа, калі несправядлівасць чуе, але што зробіш. Паспрабаваў неяк апраўдацца Грышка, папрасіўся на трыбуну, ды... марнае гэта старанне — даказваць сваю невінаватасць пасля таго, як выступіў начальнік: хаця і вераць табе ўсе, але пацяшаюцца, рагочуць ды яшчэ масла ў агонь падліць стараюцца, ілбамі сутыкнуць.
А ў Грышкі зуб за зуб зайшоў з Міротнікавым амаль на самым пачатку (як кажуць: з усходу сонца), калі толькі-толькі грыбы ўзяўся варыць, а пасля ўжо на лепшае павярнуць было цяжка. Нешта і праўда — усё яму не слава богу, быў вопыт з Родчанкам, старшынёю калгаса, дык не-а, і тут стаў нaдыбкі. Мабыць, натура нейкая дужа злая ў яго, Грышкі — хай яе камар! — раз ёй угамону няма. Хаця, разабрацца, дык жа ў кожнага на жыцці столькі бывае ўсякіх сутычак, што не пералічыш — толькі, канешне, не ўсе помняцца.
У адну са жнівеньскіх субот, недзе блізка к вечару, прыязджае на «Волзе» Міротнікаў, расчырванелы, рухавы, як верабей напрадвесні, і гэтак зразу ды прама заяўляе Грышку, каб наварыў яму «для пэўных мэт» (так і сказаў) бочачку адборных барвічкоў — шапачка не больш «пятака» і ў карэньчыку ніводнае дзірачкі. Грышка, канешне, усягды разумеў, што начальнік ёсць начальнік, ён і загадаць можа, калі што не па яго, але адкуль у Міротнікава такая ўпэўненасць, што сказанае ім павінна тут жа прымацца ды яшчэ і за гонар для таго, каму сказана. Кожны — чалавек і на сваім месцы гаспадар, і ўмешвацца ў яго, так сказаць, уладанні — недалікатная справа, грубасць, бадай. Грышка і ўпёрся: як гэта, моў, у мяне ёсць стандарт на ўсе віды грыбоў, і я трымаюся яго; усё — па інструкцыі, так сказаць. Грышка, можа б, і мякчэйшы быў, калі б з ім па-людску пагаварылі, а можа б, і зусім паслухаўся б Міротнікава.