Міротнікаў на яго доўга і нерухома глядзеў, мусіць, думаючы, як яму зрэагаваць на заяву Пруцікава, які, падобна, рэхнуўся — не разумее простае ісціны: інструкцыя — сіла, але слова начальніка яшчэ мацней, і аспрэчваць яго — пустая патуга і нават — небяспечная. Грышка спакойна прыняў на сябе яго позірк, моў, нічога дзіўнага не сказаў, і Міротнікаў убачыў: тут цвёрды арэшак, зразу не хруснеш. І ён палагоднеў, але не таму, што раптам зашанаваў Грышку (хаця, разабрацца, было за што, і ўжо нават за тое, што не пабаяўся стаць наўпярок начальніку, — гэта калі па шчырасці браць), а таму, што азвалася ў ім тая начальніцкая струнка, якая называецца па-вучонаму дыпламатычнасцю ці, можа, як іначай, калі пачынаеш думаць ужо не пра ўласны гонар, а пра страх падмачыць свой кіраўнічы аўтарытэт. Не ўпэўнены, што нават па-добраму, мяккім тонам можна будзе сталкавацца з Грышкам, Міротнікаў крутнуў на задні ход — сказаў з усмешкаю, што пажартаваў, — але злосць затаіў усё-ткі, і хаця пасля яны і былі часам мірныя між сабою, то адно — знешне, а ў душы насілі непрыязнасць.
Грышка гэта адчуў тады, калі ў яго не прынялі на базе дзве бочкі казлякоў, нібыта недавараных і залішне кіслых ад воцату. Грышка бегаў за дэгустатарам, прасіў пасмакаваць яшчэ раз, але той быў няўмольны, адсылаў да Міротнікава — вельмі ўпэўнена і нахрапіста, — чым яшчэ больш даводзіў Грышку да адчаю і абурэння. Ён прывёз тыя бочкі назад дахаты, памяняў накрыўкі, і за другім разам яны пайшлі за маліну — першым гатункам. Грышка нічога не сказаў дэгустатару, адно памахаў пальцам, і той нечакана пачырванеў; а сказаў бы яму Грышка пра сваю «афёру» — ён бы зноў стаў прыдзірацца, шукаць загану ў грыбах.
На гэту глухую зацятасць Міротнікава Грышка натыкаўся, як на сцяну, кожны раз, дала яна пра сябе знаць і сёння; калі б не яна, можа, і зусім не трэба было б прасіць гэтых бочак, прывезлі б самі, без яго рупаты. А то кожан год — едзь, клянчы. Летась дык Грышка за свае грошы ўзяў ды купіў пяць бачурак — з рук, у дабранскага бондара. А што было рабіць — грыбы павылазілі ўжо, а ў Міротнікава толькі голыя, як рыба, абяцанні. Грышка раззлаваўся, мацюка загнуў і зразу з райцэнтра, не зварочваючы дахаты, у Дабранку панёсся. Праўда, Міротнікаў, як дазнаўся, сказаў, што «кампенсуе» Грышку тую плату за бочкі, але — забыў, ці што — і па сённяшні дзень ніхто Грышку капейкаю не ўважыў. Трэба, пры выпадку, напомніць, хаця... Ляжачыя і грошы ржавеюць.
Міротнікаў трымаўся з Грышкам сёння, што называецца, «на дыстанцыі», але вачыма, у якіх не было ўсягдышняй адчужанасці і прытворнай ленасці, яўна паказваў, што не такі ён ужо і непадступны. Калі б Грышка быў крыху больш здагадлівы ці хаця б ставіў сабе на мэце, то, магчыма, упільнаваў бы, што Міротнікаў не проста так гэты раз міралюбны, нешта яго падлашчвае, можа, нават нейкі новы намысел мае. Грышка, канешне, не такі дурны, а вось у хітрыках — слабаваты, што і сам прызнаваў за сабою. Таму, доўга не мудруючы, ён проста і адкрыта сказаў Міротнікаву, чаго прыехаў, — што быў у лесе і што ўжо, на яго розум, можна варыць грыбы, але край патрэбны бочкі.
— Мне сігналы таксама паступалі — што ёсць грыбы,— сказаў Міротнікаў і ўздыхнуў; пакруціў галавою: дэфіцытная гэта штуковіна — бочкі; не, соль, вядома, не ў тым, што Міротнікаў помніць пра сутычку і знарок скупіцца; з тараю цяпер увогуле цяжка, бо планы падскочылі крута ўверх, адусюль крычаць: давай гуркі, давай памідоры, давай кампоты, давай капусту, давай грыбы...
— Сам жа бачыш, колькі гуркоў у мяне незатараных, — паказаў Міротнікаў на будыніну, у самы яе кут, калі Грышка паспакайнеў, мабыць, добра прыкінуўшы, што ды як. — Прападуць — мяне па галоўцы не пагладзяць.— Міротнікаў наўмысна, як кажуць, згушчаў фарбы, каб зразу скруціць Грышкаву ўпартасць, моў, зразумей ты — не будзе ж ён, старшыня райспажыўсаюза, рызыкаваць пасадаю з-за нейкіх там неладоў у грыбавара. Тут, яснае дзела, быў тонкі псіхалагічны разлік: чалавек, уведзены ў адчай і безвыходнасць, болей згаворлівы і ўступчывы. Грышка, канешне, разумеў — бо і сам пра гэта думаў, — што бочак і праўда не хапае і што Міротнікаў не кінецца яму іх шукаць, але не хацеў пагаджацца з адным: што яго грыбаварня — нешта такое хілае, хліпкае, што на яго фукні — і садзьмеш, як камара, адмахнешся; а гэта ж, калі разабрацца, цэлая фабрыка, і таму ён з поўным на тое правам лічыў, што няхай не закідваюць бочкамі, але адпусціць колькі штук павінны, нават абавязаны.