Выбрать главу

 

...Дом рыбака стаяў на Лысай гары, акурат перад спускам да Сажа. Гара называлася Лысая, хаця нічога лысага ў ёй не было — скрозь рос малады сасоннік, там-сям гонкія бярозкі, рабіны і густыя, бухматыя, як воз сена, кусты арэшніку, у якіх звычайна рыбакі вырэзвалі вудзільны; і нават палянкі былі ўтыканы пірамідкамі ядлоўцу і акуратнымі тугімі елачкамі. Якраз на гары стыкаліся дзве дарогі — адна прамая ад шашы, другая ішла ўздоўж лугу і гублялася недзе ў старым лесе, а перш яе перасякалі яшчэ некалькі пясчаных дарог, саштрыхаваных наўскасы і поперак хвастамі яшчарак, якіх апошнія гады развялося тут вельмі шмат.

Раней, помніць Грышка, на Лысай гары было столькі шуму-гаму — так званыя маёўкі ці, інакш, — «святы працы», на якія збіраўся люд з усяго раёна, прыязджалі машыны, аўталаўкі з гарэлкаю, півам, газіроўкаю, пячэннем і цукеркамі... Людзі спявалі песні, танцавалі; сеўшы на траву пад куст, абедалі, выпівалі, а маладыя хлопцы, «жанішота», задраўшыся, як тыя пеўні, з-за нейкае дробязі, хапалі дручча і ганяліся адзін за адным па лесе ды лузе, квасілі сабе насы. Трошкі пазней на Лысай гары сталі праводзіць спаборніцтвы сандружын — жанчыны ў чорных камбінезонах і белых хустках, з процівагазамі пры боку бегалі з брызентавымі насілкамі, насілі «абпрамененых» і «абпаленых».

Цяпер, ужо гадоў з пятнаццаць, тут было ціха, можа, гэта і падбіла якраз пабудаваць дом рыбака — як-ніяк, месца дападное і прывольнае. Хто будаваў і па чыім загаду, з тутэйшых людзей ніхто не ведаў, але ўсе, як адзін, радаваліся, што будзе, лічы, свой дом адпачынку — навошта ехаць пад той Чэрыкаў ці Бабруйск? Ды ці мала каму зарупіць перадыхнуць, прылегчы ці — усяк бывае — заначаваць — рыбаку, ягадніцам ці грыбнікам, таму ж касцу або пастуху.

Дом пабудавалі вельмі хутка — з новых, моцных бёрнаў, — ашалявалі і асланілі высокім шчытным плотам, які пафарбавалі ў зялёнае, і ён сярод сосен ды бяроз здалёк не калоўся ў вочы — але не гэта здзівіла малінаўцаў. Сюды, у дом, правялі нават электрыку, але чамусьці лінію цягнулі не з якой-небудзь блізкае вёскі, а з райцэнтра ажно, да якога было кіламетраў восем з гакам, — праз балоты і топкія мясціны, праз зарослыя плюшчом азярыны (як толькі тэхніка прадзіралася?); і цяпер, стройна пастаўленыя, бетонныя слупы наўсцяж праглядваліся з гары, а ў сонечную пагоду нясцерпна-востра, як заінелыя ўсё роўна, зіхацелі правады, уводдалі прагнутыя як не да зямлі.

Ужо як стаў вартаўніком, Грышка ўбачыў, што за плотам стаіць яшчэ і лазня; у доме было пяць пакояў і кухня; тэлевізар, халадзільнік, канапа і ложкі; у зале — круглы стол з мяккімі крэсламі, на падлозе шчытна ляжаў дыван. Словам, гэта быў далёка не горшы, чымся ў добрага вясковага гаспадара, хорам, у які, Грышка не сумняваўся, з радасцю пабеглі б многія гараджане, памяняўшы свае выгоды на чыстае паветра, бераг ракі, свежую ягаду ці грыб. Якая ім радасць ад тых гастраномскіх пакуначкаў ды аўтобуснай мітусні? Гэта зразу заманлівым, ледзь не раем, здаецца такое жыццё, а потым чалавека ўсё адно да зямлі пацягне; будзе жыць хай ды рабіць у горадзе, але прыволле сабе, адпачынак знойдзе толькі сярод зелені, чыстае травы і вады — на зямлі, з якой усё жывое і пачынаецца.

Грышка, як і намячаў, прыехаў на Лысую гару ўранні. У лазняку пры Сажы яшчэ сівеў туман, і на траве ляжала буйная раса, пырскала белым, як магній, святлом. На тым беразе, у дубах, каркалі вароны, але ніводная з іх не ўзлятала. Грышка пастаяў, палюбаваўся на Сож, што рахмана і роўненька, бы адбеленае палатно, каціўся ў далеч, за якою, здавалася, скручваўся ў тугі, бязмерна таўсты сувой.

Замок на варотах быў вільготны ад расы і халодны, як лядзень. Веласіпед Грышка прысланіў да ганка, увітага аднізу бела-ружоваю бярозкаю, і зразу павярнуў да лазні. Яна была звычайная, скляпаная на вясковы манер, хіба што надта прасторная і палок вялікі — можна легчы і выпрастаць ногі. Правы кут займала печка, звараная з таўстых металічных пласцін, — яна стаяла на цагляным падмурачку, у якім была нішка-паддувала, дзе збіраўся попел. У металічнае нутро печкі, закратаванае знізу чыгуннымі каласнікамі, было насыпана каменне — на яго праз духоўку, дзверцы якой зачыняліся адно тады, калі печка палілася, лілі ваду, і яна давала пару. Палок быў на левы бок печкі, а бачок для гарачае вады — справа, ён датыкаўся да печкі і грэўся. Пад халодную ваду быў прыстасаваны звычайны бак з-пад бензіну, які мацаваўся на сцяне пры ўваходзе ў лазню; напроці зерыла невялікае зашклёнае акенца, і пад ім стаяла лавачка — такая, як і ў прымыльніку.