Выбрать главу

Марчанок таксама пазнаў Грышку, лісліва заўсміхаўся і пераступіў у двор, як гаспадар; услед за ім — і сын. Грышка пастараніўся, але не збіраўся ісці ў бок дома, куды яўна мерыўся Марчанок. Адно цяпер Грышка ўбачыў на ягоным зашмальцаваным пінжаку шырокую планку ўзнагарод і не стрымаўся, пажартаваў:

— Ты як на свята сабраўся.

— А што? — Марчанок не траціў гонару, а, падобна, гатовы быў казырыцца далей. — Сянні і ёсць свята. А ты вот не знаеш. Толькі, бачыш, я... І пры ардзянах! — стукнуў кулаком у грудзі і не адымаў кулака.

Грышка стаў прыпамінаць, што за свята на пачатку ліпеня — ясна, што не вялікае, пра якое звычайна ведаюць усе, а нейкае, мусіць, прафесійнае — іх жа, лічы, на кожны тыдзень прыпадае, і ўсіх не запомніш.

— Э-э, браток!.. — паляпаў Марчанок Грышку па плячы. — Каму-каму, а табе грэх не помніць пра етае свята. Дом рыбака вартуеш, а не ведаеш, што сянні дзень... рыбака, вот! — Марчанок уставіўся ў Грышку, каб пабачыць, як той здзівіцца. У Грышкі сэрца, канешне, ёкнула, быццам тое, што ён не ведаў пра свята рыбака, і праўда — вялікі грэх, але з твару не змяніўся. Падумаеш, свята! Канешне, для сапраўдных рыбакоў, тых, што па моры ды акіянах плаваюць, гэта — свята, а Грышка ўсягды дзень шахцёра прывячае, але ён, гэты дзень, яшчэ праз паўтара месяца, у канцы жніўня, — тады і чарку бярэ, сяброў-забойшчыкаў прыгадвае...

— Вот я з сынам і сабраўся на рыбу... кінуў свой трактар — не збяжыць. Здаецца, зрання на дождж не паказвала, хаця нешта ўсю ноч раны мае нылі, — спавядаўся Марчанок, быццам Грышку край цікава было слухаць, — а тута зняцяйкі хмары нацягнула... А мы дайжа ніякага плашчыка не захвацілі з сабою, дык во і бяжым сюдой, у дом рыбака. Тута і абначыцца можна будзе... праўда, Мацвеевіч? — дзіўна, што Марчанок ведаў яго, Грышку, па бацьку, і гэта воляй-няволяй адгукнулася ў душы калі не ўдзячнасцю, то прыемнаю лагодаю пэўна. Дзе ж тут заначуеш, падумаў Грышка, калі сказалі яму, як вартаўніком ставілі, — «не пускаць у дом рыбака пастаронніх». Грышка, баючыся, што сваім «чагоканнем» не спадабаецца, і каб не здацца зусім дурным, не спытаў тады, хто ж «пастаронні», а хто свой; пасля ўжо сам паўміў — што ўсе тутэйшыя, каго ён ведае і каго не ведае (ад аўтара — аналогія з «Пінскай шляхтай»: хто бачыў і хто не бачыў; пад увагу, просьба, не браць), а таксама прыезджыя, аб якіх яго не папярэдзілі, — пастароннія, астатнія — свае, могуць адпачываць у доме рыбака.

— Нельга, — сказаў Грышка не столькі з цвёрдасцю ў голасе, пасля якой у кожнага чалавека не застаецца і каліва сумнення ў зрушэнні сваіх надзей, колькі з упэўненасцю, што іначай ён зрабіць не можа.

— Чаму ета нельга? — спытаў Марчанок, і сын яго, падобна, здзівіўся таксама: заплюскаў вачыма — быццам на яго парывам упаў вецер. — Я — патомны рыбак, у мяне дзед з бацькам рыбу лавілі!..

— А таму што забаронена, — Грышка не паддаваўся на перапалку, а стараўся як след уталкаваць.

— Хто пасмеў забараніць? — здаецца, Марчанок і блізка не прымаў Грышкавы довады. — Я ўвесь час толькі і думаў, калі дабяруся да етай хаты... Казалі, тута пакояў многа. Аблюбаваць адзін сабе хачу, снасці ў ім пакінуць, во... тапор, — віхнуў азадкам.