Грышка браў віламі з копак цяжкія ашмёткі сена і кідаў на вяроўку; стужвалі першую ношку, затым — другую, бралі, падсабляючы адзін аднаму, на плечы і неслі на сушэйшае — куды можна было дапяць з канём. Вяроўка, мокрая, цвёрдая, як дрот, упівалася ў плячо, з ношкі цурком збягала вада, вымочвала ўсяго ад патыліцы да пятак, праціўна, як жаба, пішчала ў ботах, яе часта трэба выліваць і зноў абувацца стоячы, бо садзіцца ў мокрае, хоць на табе няма сухой нітачкі, не надта прыемна — ёдка. За пятай ці шостай ношкаю Грышка выдыхся — ныла ў крыжы, — прываліўся задубелаю спінаю да алешыны, хаўкаў ротам, а Міша...
Міша, расчырванелы, як памідор, арудаваў віламі, накладаў ношку, сам стужваў, упёршыся ў сена нагою, як усё адно сашчапляў у хамуце клюшні. Грышка стаяў, і яму было брыдка за сваю нямогласць, але, дзівячыся Мішавай вынослівасці, ён адганяў гэты несур’ёзны, нейкі хлапечы сорам і, можа, упершыню за апошнія гады проста, без старэчага ныцця і хныкання, радаваўся за сына: «Ёсць! Ёсць сялянская цягавітасць!» Вяроўка, каляная, шорсткая асака намулялі Мішу шыю — скура гарэла, як апараная, і пэўна ж — садніла.
— Перадыхні, сынок... — сказаў Грышка, калі вада з-пад Мішавых ног (спатыкнуўся) пырснула яму на калені.
Вылезлі на сухое — на купіну, каб стоячы перакусіць. Бралі проста з сумкі нарэзанае яшчэ ў хаце сала, хлеб; адкусвалі цыбулі; потым аблупілі па вараным яйку; запілі малаком. Доўга раз’ядацца не было калі. Сонца стаяла нароўні з вершалінамі дрэў на гары. Пачуўся свіст, потым зашлепяталі ў балоце па вадзе дзікія качкі-лапаноскі — Грышка аж здрыгануўся.
— От бы смалянуць па іх з ружжа! — сказаў Міша і нацэліўся пальцамі дзвюх рук у балота. З вяроўкамі ў руках пайшлі па астатняе сена: мала яго там — на паўгадзіны носу.
Сена склалі ў пляскатыя, як ляпёшкі, копы — лягчэй цягаць, не развальваюцца. Грышка пайшоў па Белазорага, думаючы, што пачынаецца самае рызыкоўнае ва ўсім гэтым сенаванні. Конь пачуў яго і неяк нядобра павярнуў гнядую грывастую галаву, пакасіўся белым вокам з вузенькай, як у ката, зрэнкаю. «Ну, давай-давай, конік», — прывязваючы да гужа даўгую вяроўчыну, Грышка бадзёрліва паляпаў каня па цёплай тугой шыі. Закурыў. Прымеціў: нешта многа сёння смаліць.
Улегцы конь ішоў па грэбельцы спакойна, амаль не правальваўся, як быццам выбіраў месца, куды ступіць. Грышка абвёў каня ўкруг капы, падбіў вяроўку, прывязаў канец да гужа.
— Нэ, конік... Ну пайшоў! — махнуў на Белазорага рукой. Белазоры тузануўся, спорна затупаў нагамі — п-пае-е-ехала копка!
На грэбельцы Белазоры зашлопаў нагамі, правальваючыся то больш, то менш, — браў дужа, як бы ведаў, што гэтае месца трэба хутчэй праскочыць. На гары, калі Грышка развязваў вяроўку, у каня хадуном хадзілі бакі, дрыжалі ў клубах ногі; Грышка і бачыў гэта, і адчуваў, датыкаючыся плячом і локцем да Белазорага, акурат хацеў яго сцішыць ці перадаць сваёй сілы, — разумеў: перацягнуць усе копы будзе ой як нялёгка!
За кожнаю дваццацімінуткаю коп за грэбелькаю меншала, а на гары большала — яны, зялёныя, пляскатыя, блішчалі здалёк, як гіганцкія лягушкі — іх, лягушак, як і баброў, у Глубцы хоць грэбельку гаці, балазе бусел у гэтым краі рэдкасць, — і цяпер яны дзяруцца на карчах, аж трашчыць у галаве.
Спрэс па волаку ляжала звітае ў верацёны сена, а ў нейкае імгненне Грышку падалося, што тугі сенны скрутак вельмі ж нагадвае маладую Лісавеціну касу. Недарма ўспомнілася Грышку жонка — ужо другі тыдзень ляжыць яна плазам, без крывінкі на твары, сама не можа ўстаць — падае; вазіў яе Грышка ў бальніцу — нічога і дактары не прызналі. «А можа, проста не сказалі? — сумняваўся Грышка. — Можа, з яе крывёю самае страшнае?..» Грышка шкадаваў жонку — так у міг звяла, счэзла, бы тая вяргіня ў палісадніку па восені, як зняцяйкі хопяць маразы. Дзякуй во старой Чубатчысе, што згадзілася сёння разам з Ленаю пасядзець пры ёй.
Пад канец, лічы, за кожным разам Грышка даваў Белазораму аддыхацца на гары, скубнуць травы. Грэбелька ўся была разваяваная, галлё Белазоры ўплішчыў у твань і сам правальваўся, клаўся на пуза, з цяжкасцю вырываючы напаверх ногі, якія тут жа зноў лучалі ў глыбокія пячуркі. Стаміўся і Грышка, і калі б ён не быў мокры ад вады, то ўжо даўно быў бы мокры ад поту.
Тралюючы астатнюю капу, Белазоры загруз на грэбельцы і адваліўся на бок: выбіўся з сіл. Грышка абышоў каня, правёў далоняю па гарачых пруткіх ружовых ноздрах, даў з кішэні скарынку, але той не ўзяў яе, вінавата, з мальбою глядзеў нерухомымі белымі, як яйка, вачыма на чалавека, гаспадара. Тады Грышка прысеў і стаў гладзіць каня па лбе, мяккіх, як у сабакі, вушах: «Аддыхай, кося, аддыхай... Не спяшы. Куды цяпер спяшацца?» Гукнуў Міша, і Грышка замахаў яму рукою: заставайся на месцы.