Выбрать главу

Двор быў прасторны, і Грышка меў дзе развярнуцца — спярша павёз Русланчыка паўз плот, далей ад людскіх вачэй, у цемнату, але яго і там заўважылі, запляскалі ў ладкі і закрычалі «брава», і тады ён — ужо, як кажуць, усё роўна — падагнаў сябе на трух. Хуткая язда Русланчыку спадабалася, ён загікаў на Грышку, як на каня, замахаў вырванай на хаду травінаю; соўгаў ножкамі так, што толькі белыя каленькі, бы зайцавы вушы, мільгалі абапал руля.

Грышка, разахвоціўшыся, абдаў яшчэ адзін круг вакол сталоў — намарач нейкая найшла на яго, ці што, можа, галоднаму, гарэлка ўдарыла ў галаву, але ён так стараўся, аж кроплі поту пасыпаліся з сівых скронь, узяла задышка, ды Русланчык гэтага не мог бачыць — азарт засціў перад ім свет, — і ён паганяў і паганяў травінаю Грышку, з твару якога не сыходзіла нейкая невыразная, як дзікунская, усмешка... Грышка і не прымеціў, як з-за стала выбавілася жанчына і цяпер ішла да яго.

— Дзякуй вам вялікае!.. — сказала яна харошым, расчуленым голасам, падышоўшы, і працягнула Грышку руку. Ён тузануўся, думаючы, што жанчына хоча яму проста паціснуць у знак аддзякі руку, але яна трымала паперку — дзесяць рублёў; вочы ў яе былі спакойныя, ветлівыя і без меры ўдзячныя. — Вазьміце, вазьміце, калі ласка...

Грышка стаяў, як апараны кіпетнем, моргаў вачыма, не цямячы, што і за што. І за нейкае імгненне не знайшоўшы, што адказаць, паволі адвярнуўся, выпускаючы з рук вяровачку ад машыны. Але жанчына заступіла яму наперад, і з яе рукі цьмяна адсвечвала дзесятка — ужо блізка ў Грышкі перад вачыма.

— За што?.. — спытаў ён сухавата, баючыся быць грубым і чуючы, як у скронях нездарова пульсуе кроў. Жанчына маўчала, з вачыма, поўнымі здзіўлення, і цярпліва чакала, пакуль у чалавека перад ёю мінецца, як ёй здавалася ўсур’ёз, дзіцячы капрыз. — Не зневажайце мяне, жэншчына, — сказаў ён дрыготкім ад узрушанасці голасам, але толькі позірк, якім асмеліўся нарэшце глянуць жанчыне ў вочы, сказаў ёй, чаму ён, Грышка, упарціцца.

А застолле тым часам гуло, смяялася, во і песню зацягнулі — пад гармонь, на якой, мусіць, іграў Міротнікаў — няўмела і бязладна.

 

Пусть бегут неуклюже

Пешеходы по лужам,

А вода по асфальту реко-о-ой!..

И неясно прохожим

В этот день непогожий,

Почему я веселый тако-о-ой...

 

 

Госці весяліліся і не ведалі, як не ведаў і Грышка Пруцікаў, маленькі чалавечак на зямлі, што ў 19 гадзін 56 мінут па маскоўскім часе ў Савецкім Саюзе з аэрадрома Байканур стартаваў новы касмічны карабель з міжнародным экіпажам на борце — пра гэта аб’явілі ў самым пачатку праграмы «Час», і сэрцы мільёнаў людзей, якія гэтаю парою сядзелі каля тэлевізараў, перапаўняў бязмежны гонар за нашу краіну, яе росквіт і моц. Ім бы, гасцям, зараз гэту навіну ў вушы — якія б тосты гучалі, колькі слоў, узнёслых і высокіх, было б сказана ў шчырым запале, як бы радасць іх набыла касмічныя памеры. Але ў доме рыбака гэтым вечарам тэлевізар, у мітусні не выключаны, высвечваў адно процілеглую сцяну, запаўняючы пакой мёртвым, халодным блакітам. Што ж, так накавана ім было сёння — апошнімі даведацца пра падзею сусветнага значэння; няхай не крыўдуюць добрыя людзі, бо ў жыцці яно ўсягды так: нешта знаходзіш, а нешта — губляеш.

Угаманіліся госці позна, бо святло на іх і на сталы падала ад лямпачкі, што была ўкручана пад стрэшкаю ганка. Усталі няспешна і пайшлі, нічога не прыбраўшы. Грышку ані слова не сказалі, але куды ўжо яму дахаты перціся. Позна. Перакантуецца ночку як-небудзь тут, а ўранні, тады, як госці паедуць, упарадчыць трохі што ды прымкне дом.