Грышку такі напышлівы, складны говар Міротнікава, здаецца, пачаў надакучваць ды «нярвіраваць», і не толькі таму, што нічагуткі амаль не цяміў у ім, а яшчэ і таму, што не любіў ён, калі пачыналі хныкаць перад ім людзі, у якіх усё ў руках і нават дадзена права камандаваць іншымі, — ён, Грышка, станавіўся тады няскрутлівым, няўломным, як той вунь дуб на далёкім беразе. Было такое ўжо з ім аднаго разу, яшчэ па маладосці, як з шахтаў вярнуўся, — калі заеўся ён са старшынёю калгаса Родчанкам. Яны, старшыні, мяняліся ў тыя гады часцей, чымся ў цыгана коні, — Грышку спадабаліся пачутыя ад жонкі словы. Гэтага, Родчанку, малінаўцы зразу ахрысцілі Мяллянькам — за драбнату і маленькі рост. Такім некалі быў іх аднавясковец Мяллян, чыё імя стала хадзячаю назваю — у кожнай вёсцы на Беларусі ёсць такія імёны, якія служаць трапным знакам чалавеку або яго паводзінам і якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
...Да прыбіральшчыцы Чубатчыхі Алёны, кабеты з чырвоным, трохі калмыкаватым, а таму і нязвыклым тварам, у Родчанкі прыдзірак ніколі да сённяга не было. Яна да пылінкі вылізвала падлогу, акуратна палівала вазоны з кветкамі, і яны буялі пышнай крамянай зелянінаю, не тое, што нейкая там бульба ці кукуруза ў полі, куды не дапрасіцца ў неба дажджу; стол у яе ўсягды люстрана зіхацеў, акурат і шыбкі вокан, якія яна мокрай анучаю, а ўслед папераю працірала штораніцы. Любата, адно задавальненне прайсціся па такім кабінеце — чыстаю дарожкаю, пасланаю ад дзвярэй да стала, а то і проста па масніцах, чуючы яблычна-хрусткі рып новых туфляў.
Калі шчыра, дык, можа, і не Чубатчыха вінавата, што з самага рання ў Родчанкі збаламуціўся настрой, можа, проста яму трэба было на некім вымесціць злосць, і ўжо нейкая заведзеная спружынка даўно раскручвалася ў ім, аж пакуль зусім не сышла, і тады... І тады яму здалося, што дарожка паслана няроўна і не стыкаецца краем з парогам. Ён выглянуў на вуліцу, каб знайсці там і адчытаць Чубатчыху, але той нідзе не было — дзіва што, будзе сядзець яна, калі плойма дзяцей у хаце зяўлае.
Ну, клопат, урэшце, Родчанка — чалавек мяккі і памяркоўны да тых, хто не лезе яму ў вочы. Вось іменна — не лезе! Ён сеў за стол, дастаў з шуфлядкі паперы — астатнія зводкі па ўраджайнасці. Кепскія, канешне, справы, таварыш старшыня! Жыта шэсць цэнтнераў з гектара ледзь-ледзь набягае... Як ставілі за старшыню (ён тады ў насеннай інспекцыі рабіў), гаварылі ў райкоме партыі — слабы калгас, ставіць на ногі трэба. Што праўда, то праўда: куды ні кінься — на поле, ферму, — галава кругам. А што рабіць? Іншыя давялі, як кажуць, да ручкі, а яму цяпер падымай? Да яго не знайшлося гаспадара, выходзіць; і ён жа не дамадзей які-небудзь, таксама перадавы чалавек...
У адчаі, які, можа, мала знешне праяўляўся, бо калі б ён быў нават і вельмі вялікі, то ўсё адно на такім драбку, як Родчанка, не надта б яго ўбачыў, дык вось, у адчаі Родчанка і не пачуў, як у кабінет зайшоў чалавек. Гэта быў Грышка Пруцікаў, трактарыст. Стаяў каля парога ў рабочым камбінезоне, але з яшчэ чыстымі рукамі і тварам — мабыць, едучы ў поле, прыпыніў трактар і забег. Можа, адпрасіцца куды хоча ці даведку якую, ды мала што — Родчанку іншы раз так абрыдзеюць такія вось, ён лічыў, дробязныя тузанні, што кідае ўсё, залучае каго-небудзь з прыбліжаных — і ў кусты, а там ужо, сам бог сведка, без гарэліцы і прыволле не прыволле.
Родчанка маўчаў, маўчаў і Грышка, думаючы, што старшыня надта заняты, і чакаючы, калі той абзавецца.
— Гавары, што ў цябе? — сказаў нарэшце Родчанка, не адрываючы вачэй ад папер, што шалясцелі ад ветру, які дзьмуў з адчыненай фортачкі.
— Вы ўжо даруйце, што позна прыстукаўся, але во што...
Родчанка ўскінуў галаву і насцярожыўся сваімі жаўтаватымі быстрымі вачыма — за час яго старшынёўства гаворку з ім вось так, каб зразу каяцца, здаецца, яшчэ ніхто з людзей не пачынаў. Што ж такое? Няўжо мужык так крэпенька правініўся? Але падазрэнне гэта пачало развейвацца, а яго месца заступаць трывога, калі Пруцікаў стаў расказваць... Быдта ноччу, пераніцоўваючы ў Панітоўшчыне ржышча, ён бачыў, як да сціртаў пад’ехалі бартавыя (ды яшчэ са стойкамі!) машыны, навалілі пад неба саломы і цяжка, акурат паросныя свінні, пакалываліся на шашу, і толькі тады во цюкнула яму, Пруцікаву, у голаў, што не ў калгаснае гумно яны патарабанілі саломку, а некуды, ліха іх, набок, і па тым, з якою смеласцю гэтыя начныя людзі ўвіхаліся, відаць — за спінаю ў іх, няйнакш, нейкая важная шышка.
Во чорт! Гэта ён, Родчанка, дазволіў дырэктару райбыткамбіната ўзяць пару машын травяністае саломы, а той, са свайго боку, пакляўся хутка зрабіць рамы і дзверы на асабняк. Яго выкрутлівы розум тут жа пачаў шукаць выйсце, хаця, канешне, нічога яшчэ не пагражала. Ну, падумаеш, нейкі трактарыст злодзеяў асачыў. А можа, гэта зусім і не злодзеі — хто дакажа? Міліцыя, як відаць, не спыніла. Дый не за мяжу яе, салому, павезлі, а нашым людзям. Але тым не менш гэта быў сігнал — што трэба болей асцярожнасці яму, а то і ўліпнуць можна, як тая муха (ён глянуў спадылба на рудую ліпучку, што вісела пад столлю). Ды, на яго бяду, гэтым візітам не скончылася, хаця, здавалася, Родчанка і павёў сваю крутню-мутню з аглядкаю, на цвярозую галаву.