Гэты раз той жа Пруцікаў запаймаў яго на трактарным стане. «Ну і ўедзіна!..» — Родчанка хацеў адмахнуцца, але Пруцікаў не адставаў. Дзікаю сілаю волі ён прымусіў сябе супыніцца і слухаць, калупаючы наском туфля прапахлы мазутам гарачы, як прысак, пясок.
— Пайшоў ета я ў грыбы, у калгасны лес, — стаў, заікаючыся, гаварыць Пруцікаў, паглядваючы на старшыню,— і на незнаёмых мужчын напаў... Валяць сосны, ды самыя тоўстыя, самыя гонкія, — падаюць, аж звіняць, што косы. Вот... Я пробаваў пытацца, адкуль ды што, але бачу, невясёлы народ етыя лесарубы, не рады яны мне... І словы неяк дзіўна картавяць, не па-нашаму гавораць, значыцца, таго і глядзі, каторы тапаром замахнецца....
Тут Родчанка не сцярпеў ужо, ускіпеў — пры ўсіх:
— Што за кантралёр такі знайшоўся, га? Кажу табе, Пруцікаў: не сунь носа не ў сваё проса! Адцяпаюць!..
Як знаць было, Пруцікаў яго пагрозы не надта спалохаўся — саступаць не думаў. І, мабыць, не столькі з-за свае маладое ўпартасці, колькі з-за ўпэўненасці, нейкай дурной, казлінай упэўненасці, што правільна, упраўна робіць. Яму што — мірна жыць не хочацца? Дзівак, чэснае слова! Дзярэцца, як тая жаба на карчы, шахцёрышка задрыпаны.
Родчанка кіпеў недарма. Ціхачом ён будаваў у горадзе асабняк. Гледзячы, як кажуць, далей носа, ён разумеў, што не векаваць яму ў старшынях. Але, думаў ён, асланіўшы сябе з усіх бакоў хаўруснікамі-сябрамі, будзе потым адчуваць сябе ў трывалай крэпасці іх ласкі і адплаты. Тут, трэба сказаць, Родчанку здрадзіла самаўпэўненасць, бо так званыя сябры калі і кляліся яму ўсё жыццё спрыяць, то адно таму, што ён асядлаў крэсла старшыні, у мяккай раскошы якога было ўтульна і ім, а не таму, што знаходзілі з Родчанкам нейкае душэўнае паразуменне, — словам, яны былі шчырымі дзецьмі таго круга людзей, якіх збірае да кучы выгада.
Пруцікаў, канешне, пра ўсё гэта не думаў і таму, можа, нават неўпрыцям сабе, стаў Родчанку перак дарогі, ён гэта зразу адчуў. А калі старшыня зразумеў, што Пруцікаву проста так язык не прышчэміш, наважыўся на крайнасць — выкурыць яго з калгаса, балазе ён уладыка, у ягоных руках тэхніка, зямля, грошы і... вера ва ўласную непагрэшнасць — можа, і ёсць чым прыціснуць.
Грышка Пруцікаў, канешне, павек-вякоў не паддаўся б Родчанку, дудкі б яго чым узяў: галоўнае — рукі, а іх языком не звяжаш — кароткі, калі б Родчанка не зачапіў за душу, — на кожным сходзе пачаў бэсціць Грышку, маўляў, гультаяваты, пасля яго агрэхаў шмат на полі, карацей — зрабіў з Грышкі Пруцікава зусім нягоднага трактарыста, нікудышніка. Грышка, яснае дзела, не анёл з крыллікамі, можа, дзе і схібіў — жывы ж чалавек, як кажуць, — але каб такое слухаць... Людзі, вядома, бачылі, што перагінае палку старшыня, але каму хочацца лезці на ражон з начальнікам — ніхто не заступіўся, праўда, можа, хто-кольвек паспачуваў у душы, аднак усё-ткі былі і такія, каго суталка Грышкі са старшынёю радавала, — іх, гэтых людзей, іначай, чымся няўдачнікамі ў жыцці, не назавеш, і, зрэшты, няўдзячная іх доля — сплываць з зямлі чорнаю смалою зайздрасці.
Грышку баданула іменна вось гэтае — нягодны трактарыст, — і ён, як гэта амаль усягды бывае з чыстымі перад сабою людзьмі, якіх у нечым недаацанілі, несправядліва зганілі, адчаяўся на смелы ход — кінуў калгас і папрасіўся ў «Сельгастэхніку» — спярша раманцёрам, потым сеў на бульдозер; зімою расчышчаў заносы на шашы і дарогах, вясною і ўлетку, падчапіўшы коўш, грузіў на машыны і трактары торф... Няўрымста распякае чалавека, пэўна, тады, калі ён не згодны з думкаю іншых і не задаволены тым, што зрабілі да яго, — гэта, канешне, больш усякіх артыстаў ды пісьменнікаў кранае, але і Грышка адчуваў нешта падобнае: незразумелая сіла ўлілася ў яго — не вылазіў з кабіны мала не суткамі, адно, што шкодзіла яму, дык гэта дарога — няпроста было дабірацца з лясной Малінаўкі (пазней, у 70-х гадах, такія вёскі назавуць неперспектыўнымі) у раён: зрэдку, калі дазваляў механік, гробся дахаты на сваёй «чарапасе»-бульдозеры, а часцей — лавіў спадарожную, бо мінскі аўтобус, які ішоў з Крычава акурат па часе, на малінаўскай паваротцы супыняўся адно тады, калі нехта з яго вылазіў, і то не ўсягды браў — як вадзіцель: добры чалавек — падвозіў, які-небудзь хамула перад самым носам бразгаў дзвярыма.