Выбрать главу

Сёння ён схадзіў у грыбы і варочаўся дахаты; набраў амаль поўную сумку, хоць і быў нядоўга, гадзіны якія дзве, і цяпер з прыемнасцю адчуваў у руцэ цяжар. Ішоў праз усю вёску, бо ўрочышча Шахты, дзе ён збіраў грыбы, было на тым канцы. Даўно, ой, даўно ён не бачыў Малінаўку на ўсёй яе працяжнасці: раней калі прыязджаў, дык хіба да магазіна, які пасярод вёскі стаіць, прагульваўся — цыгарэт купіць або маці што-небудзь з хатняй драбязы. Во некалькі новых хат з’явілася — канешне, не ў датык да старых, а на месцы старых, — такія цагляныя махіны, з верандамі, ганкамі разьбянымі, гаражамі — яўна маладыя гаспадары пастараліся. Побач з гэтымі збудовамі старыя выглядалі яшчэ болей запакінутымі і занядбанымі, нейкімі нехлямяжа-прыземленымі, якімі тады, у дзяцінстве, ані блізка не здаваліся. А можа, і яны, хаты, пастарэлі разам з людзьмі, ім, Валодзькам?

Дзяцей, што бегалі па вуліцы і віталіся з ім, спыняючыся і доўга праводзячы яго вачыма, ён пазнаваў адно тых, што былі падобныя на бацькоў, а то і на дзядоў ужо. «Як хутка ўсё цячэ, мяняецца!..» — думаў Валодзька з нейкаю сполашнаю ўзнёсласцю ці, хутчэй, расчуленасцю, якая тым больш агортвала, чымся далей Валодзька ішоў, бо малюнак вёскі западаў у вочы нейкім панурым, выцвілым адбіткам, быццам яго знарок нехта квэцаў толькі змрочнымі фарбамі. З дарослых яму ніхто не сустракаўся — і не дзіўна: хто ў полі, хто на сене ці ў лесе, — і ён трохі сумеўся, калі ўбачыў на лавачцы Грышку Пруцікава: той сядзеў, унурыўшыся вачыма ў зямлю і як бы нейкі зажураны. Валодзька павітаўся і, можа б, не прысеў, калі б Грышка не пазваў яго.

— Хіба з грыбоў?.. — спытаў ён нейкім сутаргава-перацятым голасам, разглядаючы з несхаваным здзіўленнем Валодзьку, які быў увесь яркі, акурат паўлін: у жоўтай, размаляванай спераду майцы і сініх спартыўных штанах з шырокімі, як у генерала, белымі палосамі па баках; на нагах кеды, якія, недзе чуў Грышка, вельмі ж хораша называюцца — красоўкі.

Валодзька расхінуў сумку, і жаўцізною з яе асвятліла Грышкаў твар, які ён нахіліў блізка-блізка.

— На Шахты бегаў? — спытаў Грышка як бы з рэўнасцю, не чакаючы, аднак, што скажа Валодзька. Такую назву — Шахты — Грышка даў мясціне ў лесе сам (для прыметы)—тады, як вазіў адтуль карчы на смалакурню, — з таго часу, лічы, усе людзі і сталі называць лес Шахтамі, гэтым самым як бы ўпісаўшы навек у бывалішняе вёскі і тое, што Грышка Пруцікаў некалі глытаў пыл на данбаскіх каменявугальных шахтах. — Во, глядзі-тка, лісічак напароў... — і як бы спахапіўся... — А я...

Дзядзька Грышка, здалося Валодзьку, пастарэў, прынамсі, з твару: вочы запалі, затачыўся нос і маршчакоў падбавілася, у голасе няма той сакавітасці, якая ўсягды здзіўляла Валодзьку. Звычайна, прыязджаючы, Валодзька за дарослымі змен не прымячаў, яны як бы застылі ў адной нерухомай масцы — загарэлыя, абветраныя, быццам знарок падсушаныя.

— Ты ж у Мінску ета? — спытаў Грышка, калі ўдосталь налюбаваўся грыбамі. Спытаў, каб распачаць гаворку, бо пра Валодзьку Шапялёва кожны ў Малінаўцы ведаў — з самага дзяцінства ён быў спакойны, старэйшых паважаў, не гойсаў па вуліцы, на пяцёркі вучыўся і першы з вёскі ў інстытут паступіў. Цяпер — рабіў ужо, ды не абы-дзе, а ў Мінску і — казалі — нейкім вялікім начальнікам па кіно. Якім там можна быць начальнікам, гэта мала каго займала, бо ўжо адно тое, што ў Валодзькі ёсць свой кабінет, тэлефон, падбівала вясковага чалавека (па даўняй звычцы) калі не на пакланенне, то на павагу абавязкова.

Валодзька не любіў фанабэрыі і пра сябе абмовіўся словам, праўда, тое, што мае двухпакаёвую кватэру, упамянуць не прамінуў, і не таму, каб абудзіць у Грышкі зайздрасць, проста гэта была падзея вельмі важная і для яго самога, рэха якой яшчэ жыло ў душы аж дасюль. І ўсё-ткі спахапіўся, успомніўшы, што чуў ад маці пра Мішу і Ленку, пашкадаваў: навошта была пахваляцца, во — зразумеў нарэшце — дзядзька Грышка і так не вельмі пачуваецца. Валодзька быў старэйшы ад Мішы на чатыры гады, і яны хлопцамі мала стыкаліся ў кампаніях, але ўсё роўна іх можна было лічыць равеснікамі і цяпер прыкладаць адзін да аднаго — хто, што і дзе. З Ленкаю іх рознілі пяць гадоў, але яна была ў свае шаснаццаць такая пекная смугляначка — невысокага росту ды поўненькая, тугая, бы гумка, з цёмнымі вачыма і бліскучымі валасамі мала не да пят, — што на яе заглядваліся не толькі малінаўскія жаніхі, але наязджалі і з суседніх вёсак. Нават Валодзькаў бацька, хоць і настаўнік, але неганарлівы па натуры, іншы раз на падпітку сватаў яе да сына, ды яна, какетлівая і ў ладзе з жартам, адказвала, што ён, Валодзька, «ні ў жысць» яе не возьме замуж, а яна — хоць зараз згодна. І Валодзька, каб не варушыць усяго гэтага, не выстаўляцца і не наводзіць Грышку на невясёлае думанне, спытаў: