Выбрать главу

Рэформы ў планах... Галоснасць абвешчана... У дэмакраты сёй-той спяшаецца запісацца... «Не па службе, а па розуме - трэба б партыйную чыстку праводзіць, - аглядваў сабраных у кабінеце журналістаў Ковач, пераводзячы позірк з аднаго на другога, - ды няма каму, відаць. Такім, як Паўлюк, разгарнуцца сёння ўжо не дадуць, а астатнія...»

Думка чамусьці балюча кальнула: сорак гадоў як у партыі, і рап­там - сумненні?! Ну, не дайшоў да верхняй прыступкі па службовай лесвіцы... Дык жа, папраўдзе, не вельмі і шчыраваў, каго больш нахабнага наперад прапускаючы! Ведаў: не там верх, дзе лесвіца заканчваецца, а там, адкуль нельга ўпасці, коцячыся ўсё ніжэй і ніжэй. Было ж - і галовы каціліся. I не памятаць гэтага ці рабіць выгляд, што не памятаеш, - хоць і не адно і тое ж, але аднолькава непрымальнае. Для разумнага чалавека. У любы з часоў.

I час абвешчанай перабудовы быў бы нічым не лепшы, нічым не горшы за папярэднія ці наступныя часы, калі б перабудова тычылася не структуры грамадства, а структуры эканомікі, дзе змены наспелі даўно. А так... Ковачу не вельмі хацелася заглядваць за край бачнага: у тым і небяспека, што гэта край, мяжа, за якою магло аказацца што заўгодна. Нават крах краіны. .

- Хачу папярэдзіць, - узвысіў голас Паўлюк, і Ковач, міжволі павярнуўшыся да яго, паспрабаваў звярнуць увагу на тое, што адбывалася: заўзятае следаванне новаму курсу на ўсеагульную галоснасць вітацца не будзе. Любы дазвол - не ўсёдазволенасць, і навыперадкі бегаць, як вядо­ма, добра толькі на стадыёне. Краіна - не стадыён, і хто хоча ўтрымацца на службе, паперадзе бацькі ў пекла не палезе. Я, спадзяюся, ясна выказаўся? Ніхто не хоча запярэчыць?

Журналісты ніяк не зрэагавалі: хто разглядваў пазногці, хто сцяну, у якую ўпіраўся пагляд... Баяліся. Як і раней баяліся. I гэта было так відочна, што выклікала непрыемнае адчуванне. I не толькі ў Ковача. Усе - быццам саромеліся адно аднаго, хаваючы ад сябе саміх самую думку пра страх, запіхнуты ў самы цёмны куток душы: не праяўлены, не выказаны, ён праляжыць там столькі, колькі спатрэбіцца, як ляжаў дагэтуль, а за сценамі гэтага кабінета, гэтага будынка рэдка калі ўвогуле ўсплываў і ўзгадваўся.

- Гатовых прыняць удзел у абмеркаванні ці штосьці аспрэчыць са сказанага няма... - пачаў падводзіць вынік гаворкі ў бязмоўнай зале Паўлюк, каб перадаць права сказаць заключнае слова сакратару, і тут адбылося нечаканае - нечуванае ў гэтым будынку.

- А пытанне можна?

Усе, як па камандзе, павярнуліся на голас, і не на адным твары выбліснула і застыла здзіўленне: жанчына? Паўлюку? пытанне? у прысутнасці сакратара? I не выказаныя, пытанні віселі ў паветры, якое, здалося яшчэ больш загусла і пацяжэла.

- Пытайцеся, пытайцеся, Таццяна Васільеўна! - падбадзёрыў жанчыну Ковач, адразу ўспомніўшы яе імя і месца работы: намесніца Краўцова, былога яго памочніка, і тым крыху палепшыў абстаноўку. - Смелага куля баіцца...

- Ну, да куль, спадзяюся, не дойдзе, - усміхалася жанчына, хоць безумоўна, заўважыла, як збялеў Краўцоў, яе шэф, і напружыліся ўсе астатнія, пазіраючы не на сакратара, а на Паўлюка. - Сярод нас няма людзей выпадковых, не правераных на прафесіяналізм і вернасць Айчыне. Чаму ж нам не давяраюць, адпуджваючы ад галоснасці? Дык мо галос­насць і патрэбная адно таму, каб нарэшце сказаць з усёй партыйнай адказнасцю і адкрыта: штосьці не тое ў нашым каралеўстве, штосьці нядобрае.

Лёгкі шумок пакаціўся ад крэсла да крэсла, але Ковач адным паглядам спыніў яго, павярнуўшыся да жанчыны ўжо ў наступнае імгненне.

- Упэўнены, вы перабольшваеце наш недавер да журналістаў, Тац­цяна Васільеўна. А вось што вы маеце на ўвазе, перафразуючы Шэкспіра, хацелася б уразумець. Выкажыцеся ясней.

- Ідэя галоснасці, як і ідэя перабудовы, зарадзілася, на маю думку, не ў сэрцы партыі, а ў галовах нашых ворагаў. Яна падкінута нам. 3 Захаду. I калі мы заглынём нажыўку, то не будзем свабоднымі ні ў адным рашэнні, - Таццяна міжволі пачала запінацца ад хвалявання: сама ад сябе не чакала падобнай смеласці...

- Не згушчаеце фарбы? - зноў падтрымаў яе пытаннем Ковач.

- Таварыш сакратар... Віктар Віктаравіч! Ды забрадзіў ужо хмель: тое і глядзі, што моладзь пацягнецца да напояў ненашанскіх! Паслабленні павінны быць, ды разумныя. Вывераныя ўсім ходам нашай гісторыі. А не тыя, што правакуюць на вольніцу, разрываючы повязь паміж пакаленнямі, - старалася яна не пазіраць на Паўлюка, які, здавалася, зжыраў яе паглядам: і так словы захрасалі ў горле - не пракаўтнуць.