Позірк усё яшчэ спрабаваў утрымаць цямрэчу ад распаўзання і няўмольнага набліжэння, а ў душы Шэршань даўно змірыўся і з гэтай шараю гадзінай, і з выспелым рашэннем тут, у адзіноце, сам-насам з бязмежжам, якое згасала на вачах, памянуць «вялікі і магутны»: яму ён аддана служыў, у росквіце яго, як сёння стала ясна, бачыў адзіны сэнс усяго таго, што рабілася і чынілася. Абвешчана смерць краіны - і хрэн з ёю! А вось сэнс... Вялікая ідэя, якую так бяздарна прапілі-пражралі (і ён, Шэршань, у тым ліку), была сапраўды вялікаю. Як ні круці, а не супраць краіны, якую называлі Савецкі Саюз, а супраць ідэі, якая зрабіла яе Савецкім Саюзам, змагаліся прайдзісветы ўсяго свету!
Шэршань піў каньяк проста з гарла, адганяў збрыдлыя за дзень думкі - і запіваў іх, не пражытае жыццё памінаючы, а ўсё яшчэ жывую веру ў жыццё, у яго працяг глушачы. Які працяг? У чым? Агонія распаду, хутчэй за ўсё, не адно дзесяцігоддзе будзе доўжыцца - і што? Смяяцца? Плакаць? Піць да чорцікаў у вачах, спрабуючы да новых гаспадароў прызвычаіцца?
Сплюнуўшы думку пад ногі, Шэршань падняўся. Трасянуў пляшку - штосьці яшчэ боўталася... Салютнуў ёю ўжо амаль да канца зацягнутаму шэранню небу, дапіў рэшту і пайшоў у дом. 3 парога кінуў пустую бутэльку назад, у снег. Адвячорак саступаў вечару, ён, палкоўнік КДБ Шэршань, саступаць новаму дню, нейкаму новаму жыццю не збіраўся. Даволі таго, што ў мінулым прайграна ім самім. Засталося годна прызнаць, што прайграў усё, і паставіць кропку.
Святло згасала. Чорнае вока сажалкі ў абрамленні прыцярушаных ранішнім снегападам соснаў яшчэ не злілося са змрокам, хоць ужо не люстравала ніводнага водсвету неба, і ўсё ж невялічкі прагал сінечы на заха- дзе сведчыў: дзень не дагарэў, а дагараў... Hi ўскрыку птушкі, ні павеву ветру. Так, бы паўсюль, ад краю да краю леса, ад краю да краю света ўсталявалася на некалькі хвілін цішыня.
Калі з дома, з так і не прычыненых дзвярэй пачуўся кароткі, здавалася, прыглушаны самой гэтай цішынёю стрэл, хмарны покрыў ледзь прыкметна ўздрыгнуў, і шэрань тут жа зацягнула апошні светлы прагал. Змрок пачаў гусцець, і ў хуткім часе ўжо цяжка было б правесці мяжу між цёмным, адразу пачарнелым небам і ахутанай шчыльнаю цямрэчаю зямлёй.