Выбрать главу

- Курс партыі не можа падвяргацца сумненням, - не прамінуў той перапыніць жанчыну, не прымаючы ні яе недысцыплінаванасці, ні яе імпэту ні да места.

- Гэта не сумненні, Валерый Юр’евіч, на якія не знаходзяць адказу многія камуністы і якія выклікаюць недаўменне. Калі курс партыі памяняўся - так рэзка мяняецца на нашых вачах! - а з камуністамі, з партыйнымі арганізацыямі не раяцца, не праводзячы ніякай растлумачальнай ра­боты, пра якую галоснасць у сродках масавай інфармацыі можна гаварыць?

Жанчына села, у душы ўшчуваючы сябе за нястрыманасць: ведала ж, што і гэта спроба выклікаць дыскусію, як ранейшыя, акажацца няўдалаю і калегі ніяк не адгукнуцца на сказанае, не падтрымаюць!

- Мяркую, пытанне пастаўлена своечасова, - нечакана падтрымаў Ковач. - I ў бліжэйшы час, - павярнуўся да Паўлюка, у якога твар, што называецца, пайшоў плямінамі, - трэба ў рамках рэспубліканскага семінара правесці шырокую дыскусію, на якую запрасіць вучоных, выкладчыкаў ВНУ, ветэранаў партыі. Упэўнены, падчас гэтай дыскусіі маглі б быць выпрацаваны неабходныя рэкамендацыі для прэсы. I не толькі для прэсы.

- Будзем рыхтаваць, Віктар Віктаравіч.

- Завяршаючы ж сённяшнюю нараду,- прадоўжыў ён, - хачу заклікаць усіх да ўдумлівага, а не бяздушнага асэнсавання ўсіх працэсаў, якія адбываюцца ў партыі і краіне. Асэнсаванне не на старонках газет ці ў тэлестудыях - якраз з гэтым спяшацца не варта, - а ў душы. Усе мы носім партыйныя білеты, і пачуццё адказнасці перад партыяй павінна быць на першым месцы. Што не апраўдвае, як вы разумееце, безыніцыятыўнасці ці абыякавасці. 3 усімі невырашальнымі на ўзроўні міністэрстваў пытаннямі звяртайцеся да нас. У аддзел. Ці да мяне. Дарогу ведаеце.

- Матэрыялы нарады можна атрымаць у сакратарыяце, - падняўся Паўлюк. - Усім усяго добрага!

Кабінет, хоць народу было поўна, апусцеў неяк вельмі хутка і амаль бязгучна: нават крэсла ніводнае не азвалася. Адно што Паўлюк як падняўся з-за стала, завяршаючы пасяджэнне, так і стаяў у нерашучасці, не ведаючы, адпускае яго сакратар ці чакае пэўных тлумачэнняў. Паўза зацягвалася, і ён не вытрываў.

- Штосьці памылковае сказаў я ў часе гаворкі з галоўнымі рэдактарамі і іх намеснікамі, Віктар Віктаравіч?

- 3 чаго ты ўзяў? - усміхнуўся Ковач.

- Дык жа... Гэты дыялог з Голубевай...

- Нельга дапусціць, каб такія, як Голубева, перайшлі ў стан незадаволеных, з якіх ужо фарміруецца апазіцыя. I табе, Валерый Юр’евіч, гэта вядома лепш, чым каму, - вяла корпаючыся ў паперах, патлумачыў Ко­вач. - I табе, і мне - усім нам! - трэба вучыцца так разыгрываць любую сітуацыю, каб і сумнення ні ў каго не ўзнікала, што ёсць нейкае выйсце з яе, апроч таго, якое мы прапануем.

- Ды гнаць іх... - мармытнуў Паўлюк. - Туды, дзе чорт кароў пасвіць...

- Усіх не пагоніш. Бо і так можа выйсці, што самім там няроўным часам давядзецца апынуцца. Таму і кажу. Час ад часу ўсім знаёмую маску мяняць рэкамендуецца. На мякчэйшую... На весялейшую... На іншую!

- Ёсць.

- Ну, ну... Пабачым... - складваў сёе-тое з папер у папку Ковач. - На Краўцова цісні: вытрымае. А Голубеву не чапай: яна яшчэ спатрэбіцца. Не заўтра, паслязаўтра... Гульня толькі пачынаецца! Хто выйдзе з яе пераможцам, яшчэ далёка не ясна.

Апошнія фразы прагучалі ўжо пасля таго, як за Паўлюком зачыніліся дзверы - як сам сябе падбадзёрваў Ковач, думаючы пра сваё, ніяк не звязанае з нарадаю, што толькі што завяршылася.

***

Сказаць, што Ганя не любіла гастрольныя паездкі ў межах рэспублікі з-за дарожных нязручнасцей і неўладкаванага гатэльнага побыту - гэта нічога не сказаць. Яна - проста захворвала за некалькі дзён перад выез­дам, і не так угаворы сябе самой на працягу ўсіх гэтых дзён, як валявы націск дапамагаў выйсці з хворага стану і ўсё-ткі выправіцца на гастролі разам з трупаю. У дарозе ўсё станавілася на свае месцы: анекдоты, розыгрышы, жартаўлівыя заляцанні, найграныя споведзі - ігра, пачаўшыся, не заканчвалася да завяршэння выступленняў, і хоць гэта і выматвала да поўнай пустаты ўнутры, ды калі б не бясконцае тэатральнае дзейства, бы­ло б яшчэ горш і невыносней. А так... Ігра... Прадстаўленне... Тэатр! Жыц­цё вакол - тэатр, чаго ж чакаць ад скамарохаў?

Урэшце, усе (хоць кожны вёў сваю гульню на падмостках жыцця) прыходзілі на спектаклі, каб атрымаць асалоду ад разыгранай перад імі гісторыі чужога кахання, чужой драмы, - і не так важна, што ў ходзе спектакля хтосьці хаваў у вусы з’едлівую ўхмылку, а хтосьці цішком уціраў набеглую слязіну: і пасміхаўся кожны з самога сябе, і плакаў над сваім. У любым выпадку станавілася лягчэй адно ад думкі, што ты не адзін такі ў свеце, не адзін гаруеш са сваімі бедамі, не адзін радуешся маленькім радасцям, якія зрэдку выпадаюць. Ну, як тут не падыграць?