Выбрать главу

Падыграць - штука няхітрая. Хоць публіцы, хоць каму з партнёраў па спектаклі, разыграным на сцэне ці ў гасцінічным нумары. А потым? Сам-насам з сабой? Сам-насам з даўкай начной цішынёю? Калі ўсе, няхай нават перад самым золкам, пазасынаюць? 3 чым ужо з чым, а з бяссонніцаю Ганя змагацца ніколі не ўмела - здаралася, усё пражытае і перажытае па шматку перабярэ, перамацае думкаю, пакуль зможацца і засне. А ўжо тут, у Наваполацку, пасля ўчыненага Генікам...

Вярнулася адчуванне гідлівасці, калі, здавалася, яе вось-вось званітуе, і зноў давялося выходзіць на балкон, у ноч, якая ціха пагойдвалася над горадам, над Дзвіною, акрываючы іх усім сваім бяздонным небам. Небам, што жыло сваім уласным - таямнічым - жыццём, бо ледзь толькі Ганя абаперлася на парэнчы і падняла вочы, здалося, пагляд выслізнуў і тут жа патануў у срэбна-чорным ззянні яго - патануў, а ўсё рухаўся некуды ўглыб, у міжзорную пространь, уцягваючыся, урастаючы ў яе. I адразу зніклі ўсе думкі і шкадаванні - знікла само ўсведамленне канкрэтнасці, матэрыяльнасці перажываемых імгненняў! Так, быццам ноч чакала менавіта гэтыя імгненні, каб твар у твар, вочы ў вочы з ёй, Ганяю, - з ра­бой Божай Ганнаю, як называлі яе часцяком сябры, - падзівіцца на беспрытульную душу яе, - падзівіцца і Гані паказаць. Зірні, маўляў, угледзься, уразумей, якая ты ў сапраўднасці - якой магла б быць, стаць!

Бо вось жа ўжо ахінала, ахутвала Ганю срэбна-чорнае - не, срэбна-сіняе! - ззянне, і паўставала перад паглядам дзівосная, як на аточанай срэбрам іконе, постаць... Постаць маці? Сама Багародзіца?! Але ж Яна не трымала на руках дзіцёнка, Сына Божага ці Сына Чалавечага - проста ішла насустрач, не кранаючыся Зямлі, не атрасаючы зорнай мітусні з шырокага покрыва свайго, не набліжаючыся... Так, не набліжаючыся! Быццам іх сцяжыны не маглі ні сысціся, ні перасекчыся нідзе ў цэлым свеце, хоць сустрэча і адбылася, адбывалася тут і цяпер, на зыходзе ночы.

I думкі ў Гані не мільганула апусціцца на калені ці хоць пакланіцца Той, да Каго імкнула душа ад нараджэння, - само імкненне ўвысь, насу­страч даўняй мары аб стрэчы, падтрымлівала, утрымлівала яе на крайку ночы, давала сілу не адводзіць пагляд, не агучваць маленне сэрца. Шчасця і так замнога, шчаслівыя імгненні доўжыліся і доўжыліся...

Усё жыццё прамільгнула за гэтыя імгненні перад паглядам душы, і нічога з таго, што выплывала з глыбіняў свядомасці, тут жа знікаючы, раствараючыся ў наступным вобразе, у наступнай карціне, не выклікала шкадавання. Ганя пазнавала сябе і ў басаногай дзяўчынцы, што з дзікунскімі крыкамі захаплення насілася па лужынах пад дажджом, і ў праўдалюбцы-школьніцы са старэнькім партфелем у руцэ, і ў цыбатай юнай спартсменцы пад валейбольнай сеткаю, і ў піянерважатай з вывадкам малых, і ў швачцы ў начным цэху, дзе пад гул машын нараджаліся і дужэлі мары пра сцэну, пра мноства роляў, якія яна некалі абавязкова сыграе на лепшай са сцэнаў, і ў студэнтцы-актрысулі, падманутай умела разыграным каханнем, і у жанчыне-развядзёнцы, на твары якой ніводнае люстэрка не заўважыла б сляды слёз... Пазнавала - і ўсміхалася, калі паспявала ўсміхнуцца, кожнай з іх. Бо за кожнай - і гэта было невытлумачальна! - паўставала зіхоткая постаць Той, да Каго Ганя імкнула, колькі сябе памятала. Яна была перад ёю, хоць і ў некаторым аддаленні ад яе, і нішто у гэту хвіліну не магло устаць паміж імі, засланіць ззянне, якім акрывала іх неба.

«Нішто? Нават тое, што адбылося пасярод ночы, гадзіны паўтары на­зад?» - вярнула свядомасць сваю страчаную ўладу над жанчынаю, і Ганя ўздрыгнула, быццам яе ўдарылі. Уздрыгнула, напружыла пагляд, чапляючыся ім за раптам апусцелы, хоць і пасвятлелы, далягляд, за нябеснае покрыва над ім, што шэрхла, шарэла проста на вачах, і толькі глыбокі горкі ўздых азваўся болем у грудзях. Ці то шчасця перажытых імгненняў сапраўды аказалася замнога - і душа надламалася, ці то ноч адгарала - адгарэла і засыпала шэрым попелам усё, што ўбачылася, або звідзілася.

Па ўсім было відно, што хутка пачне брацца на золак, і крыху азяблай Гані нічога не заставалася, як вярнуцца ў пакой і паспрабаваць сагрэцца. Залезці ў пасцель, сцяцца ў камячок, баронячыся ад згадкі, што зноў нага­дала пра сябе, і сагрэцца. Mo i на душы палягчэла б, калі б цела перастала ўздрыгваць і пакрывацца мурашамі не так на перадсвітальны халадок, як на ўзгаданую абразу зрэагаваўшы.

Адчуванне цяпла і ўтульнасці хутка вярнулася, на душы лягчэй не стала. Горш таго! - перажытае, калі з ёй, актрысаю, узжадалі абысціся, як з вяхоткаю, падабранай на панелі. I хто?! Свае... Гэткія ж, як і яна, служкі сваёй прафесіі і сцэны!