Абурэнне ўспыхнула з новай сілай, і як ні сціналая яна ў камячок, як ні старалася атрэсціся ад яго і павярнуць думкі ў якоесьці іншае - любое іншае! - рэчышча, нічога не атрымлівалася. Зноў яна, паддаўшыся ўгаворам Геніка, уваходзіла ў паўлюкс, які займаў памрэж, зноў уся кампанія ўставала ёй насустрач, і яна ледзь не павярнула назад проста ад дзвярэй - здзівіла не так тое, што разам з акцёрамі ступіў ёй насустрач, пахітваючыся, намеснік міністра... Пекар... Чула пра яго нямала і рознае, сутыкалася чыста вонкава і здалёк...
- Во! - прыклаўся той да яе рукі. - Нарэшце сярод асалавелых ад гарэлкі фізій мужыкоў з’явіўся твар... Прабачце...
Ён пахіснуўся, і калі б Генік не падхапіў яго і не ўсадзіў у крэсла, пэўна, страціў бы і такую ненадзейную апору, як падлога пад нагамі. Ногі - не трымалі, рука ж паслухмяна пацягнулася да шклянкі, паслужліва напоўненай другім сабутыльнікам - драматургам... Ганя не адразу звярнула на яго ўвагу, уражаная не так відовішчам загулу (не гэткае даводзілася бачыць у «Мутным воку», куды сыходзілася ўся калятэатральная брація!), як гнусна-саладкаватаю атмасфераю таннага бардзеля, якая панавала ў пакоі, нягледзячы на адсутнасць жанчын.
«Бач! I гэны тут! Няйнакш, новую п’есу прадаць хоча...» - чамусьці з непрыязнасцю падумала пра мілейшага фанфарона, як усе называлі Жлуктава, Ганя, падшукваючы словы, каб павярнуцца і пайсці ў свой нумар. Але Генік па старой (такой старой, што адзін ён і ўзгадваў калі-нікалі) памяці абняў яе за плечы, на міг прытуліў да свайго пляча, шапнуў у самае вуха: «Не дрэйф... П’ём за яго кошт...»
- Той-сёй ужо напіўся, - адхінаючыся, кіўнула Ганя ўбок Гукава, які спаў у кутку кушэткі ў такой нязручнай позе, што толькі дзіву дацца. - Я пайду...
- Не, не, не! - тут жа падскочыў да яе памрэж. - Хоць на мінутку! Хоць на адзін тост, як той казаў...
- «Той» - гэта той, каго вы так лісліва ўлагоджваеце... на карысць агульнай справы? - атрэсла цяпер ужо яго руку з пляча Ганя.
- Ганна Васільеўна!
- Раба Божая Ганна? - лыпнуў вачыма Гукаў. - Ганнуся! Яны мяне, старога, спойваюць, каб пераключыцца на цябе...
- Цябе споіш! - падсела яна да яго. - Ішоў бы спаць, Павел.
- Чаму ніхто не налівае даме? - стараўся выпрастацца, сесці раўней Гукаў. - Раба Божая Ганна - гэта вам не хухры-мухры за будзь здароў!
- Ужо наліта, - падаваў праз стол напалову напоўненую шклянку Жлуктаў. - А за што вып’ем, скажа Іван Георгіевіч.
- За цыцкі! За жаночыя цыцкі, мужыкі! За гэткія, як у... - запнуўся той, забыўшы імя актрысы. - За любыя!
- Ну-у-у-... - расчаравана адкінуўся назад, прываліўшыся да сцяны, Гукаў.
- Што «ну»? Што «ну»? - замітусіўся Генік, і Ганя гідліва паморшчылася, потым рэзка, адным глытком выпіла налітую гарэлку, таўханула Гукава.
- Пайшлі, кароль. Давяду да дзвярэй нумара.
Гэтак жа рэзка, адным рухам паднялася, тузанула старога за рукаў, змусіўшы зварухнуцца і пачаць падымацца. Потым усміхнулася Геніку, які падскочыў да яе з разгубленым тварам.
- А як жа Іван Георгіевіч? Ён жа хацеў... Мы хацелі...
- Чаго хацеў Іван Георгіевіч, трэба было хацець да таго, як набраўся, як свіння. Чаго хочаце вы? Ды вы ніколі нічога, апроч таннага поспеху і выпіўкі на халяву, не хацелі!
- Во адбрыла! - пахітваўся побач Гукаў, чапляючыся за яе. - А то ўздумалі падкласці бабу... Раба Божая Ганна - гэта табе, Генік, не хухры-мухры за будзь здароў! Будзь здароў!
- А як наконт бабы? - ікнуў, нават галавы не павярнуўшы ў іх бок, госць. - Што - я так і не патрымаюся за цыцкі? Вы абяцалі, мужыкі...
- Вось іх брудныя сракі і заменяць іх табе! - адказала Ганя, адштурхнуўшы Геніка, і пайшла да дзвярэй. Ужо з парога, ледзь паспеўшы падхапіць пад руку Гукава, які пасунуўся за ёй і ледзь не бразнуўся вобзем, кінула: - Скаціна ты, Генік. Як і твой заступнік.
Пэўна ж, слёз Ганніных ніхто не бачыў, хоць яна з заплаканымі вачыма не адразу знайшла пакой Гукава. Не адразу, але знайшла. I калі той, асалавелы і раскіслы, нарэшце апынуўся на месцы, нават не развіталася са старым: дзе ўпадзе, там і засне...
«Спакайней, цішэй, раба Божая Ганна! Не табе першай, не табе апошняй плюнулі ў душу...» - угаворвала сябе і ў калідоры, і ў пакоі, і на балконе, куды адразу, зашчоўкнуўшы толькі замок, скіравалася, адчуўшы, што задыхаецца, задыхнецца, калі не ўздыхне на поўныя грудзі, каб адпусціў боль. Незнаёмы боль... Так, бы на часткі разрывалася душа, а яна нічым не магла дапамагчы ёй... сабе... Думкі блыталіся, невымаўленыя словы забівалі рот, непралітыя слёзы пяклі, выпякалі ўсё ўнутры.
- Цішэй... цішэй... - шаптала. - Hi зямля з-пад ног не выслізнула, ні неба на галаву не ўпала... Вунь яно, неба! Зорнае-зорнае... Агромністае-агромністае! Пасвятлее - і наступіць новы дзень...