Урэшце, Ганя так і не заўважыла, калі наступіў дзень.
***
- Таццяна Голубева. Таццяна Васільеўна, - падала руку памрэжу жанчына і ледзь стрымалася, каб не вырваць яе, калі той паднёс руку да губ. - Часопіс «Айчына»...
- Ну, хто ж не ведае ваш часопіс і вас, яго натхніцельку і кіраўніцу, Таццяна Васільеўна!
- Калі можна, пяройдзем на дзелавы тон... - разглядвала яна памрэжа з той цікаўнасцю, якую выклікаў бы незнаёмы від раптоўна сустрэтага насельніка іншай планеты: гэткі пяцідзесяцігадовы лысы «хлопчык», што заўжды на падхопе, - знешне да прытарнасці паслужлівы і ўсмешлівы, у душы - атрутна колкі і хітры. - Мне хацелася...
- Мне паведамілі, Таццяна Васільеўна, Эд Саныч... Прабачце, Эдуард Аляксандравіч, галоўны рэжысёр! - упаўнаважыў мяне зрабіць для вас усё, што пажадаеце.
- Так ужо і ўсе?
- Прашу ў кабінет, - выгнуўся той дугою. Усяго на міг. Бо ўжо ў наступны міг узвышаўся над ёю ва ўвесь свой немалы рост, адчыняючы дзверы. - Пакінеце парасон. Вып’еце што-небудзь лёгкае.
- Дзякуй, - павярнулася Таццяна спіной і да дзвярэй, і да свайго праважатага. - Але пройдзем адразу на сцэну, да артыстаў. У мяне мала часу, Алег...
- Алег! Проста Алег! - прычыніў той дзверы, скараючыся яе волі і незаўважным жэстам скіроўваючы Голубеву ўбок грымёрак даволі вузкім калідорам. - Як скажаце, Таццяна Васільеўна, так і зробім. Акцёры пасля рэпетыцыі не разышліся. Эдуарда Аляксандравіча, праўда, выклікалі ў міністэрства. Але ўсё, што вам...
- Канешне, канешне. Дзякуй. Упэўнена, наперадзе - яшчэ не адна сустрэча... Хочам зрабіць сур’ёзны матэрыял пра новую пастаноўку.
- Адно тое, што вы самі...
- Чула: пераглядваецца канцэпцыя спектакля, - зноў перапыніла яго Голубева, і гэты раз даволі груба. Нават сама адчула. - Прабачце, не дала вам дагаварыць, Алег... Не люблю, ведаеце, бясконцага расшарквання. Справа ёсць справа. Нават калі знаходзішся ў нацыянальным тэатры.
- Прашу, - адвёў перад ёю кулісу памрэж. - Мне дазволена будзе прысутнічаць? Ці... У любым выпадку, калі мая прысутнасць неабавязковая, вас потым любы з прысутных праводзіць у мой кабінет.
Адчувалася, што «лысы хлопчык» злёгку пакрыўдзіўся ці рабіў выгляд, што пакрыўдзіўся, але ўсмешка, хоць і сухаватая, твару не пакідала. Голубева кіўнула яму, узіраючыся ў невялікую купку акцёраў, якія сядзелі хто на чым, і ўслед памрэжу галавы не павярнула.
- Добры дзень. Спадзяюся, вы не паміналі мяне нядобрым словам за тое, што змушаны былі затрымацца і чакаць? 3 Паўлам Віктаравічам мы даўнія знаёмцы, для тых, з кім я не сутыкалася, - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Айчына» Голубева. Таццяна Васільеўна, - шукала яна паглядам, дзе лепш размясціцца, каб бачыць усіх, хоць, урэшце, вымушана была апусціцца на вызваленае для яе крэсла побач з Гукавым. - Па Мінску чуткі папаўзлі, што вы тут класіку па-жывому рэзаць пачалі, геніяльны праект ажыццяўляючы.
- Ага. Геніяльны, - буркнуў Гукаў, бо ўсе астатнія, як згаварыўшыся, маўчалі: адно павіталіся з госцяю, а цяпер толькі разглядвалі яе, суадносячы ў думках тое, што чулі пра «жалезную лэдзі», і першыя свае ўражанні. Відаць, уражанні складваліся не на яе карысць, бо Ганна (не лічыла б яна сябе непераўзыдзенай прымаю!) абыякава адвяла пагляд, Генік, павярнуўшыся да Любы, штосьці шэптам пераказваў, а Ганя, хоць і пазірала ў іх бок, думала яўна пра сваё.
- I ў чым яна, геніяльнасць гэтая? - падшуквала словы Голубева, задаволеная, што падчас гэтай першай гаворкі не было рэжысера. - У тым, каб вывернуць сярэдневяковую гісторыю і нацягнуць яе на зламаны войнамі хрыбет дваццатага стагоддзя?
- О-о-о! - падняў галаву Генік.
- Ці ў тым, каб адкінуць трагізм - не гэткае, маўляў, на нашай памяці адбывалася! - і разам з публікай пасмяяцца са старога трагіка з яго залішне эмацыянальным успрыманнем звычайнай сямейнай драмы - адной з тых, што лічыць не злічыць?
- Адкуль вы... - тузанулася Ганна, недаўменна азіраючыся на Геніка. - Няўжо ўвесь горад ужо ў курсе?
- У курсе чаго? - хмыкнула Саня. - Геніяльнасці новай трактоўкі п’есы?
- Вы...
- Аляксандра Юр’еўна, - падказаў Гукаў.
- Вы, Аляксандра Юр’еўна, напраўду лічыце трактоўку п’есы геніяльнай?
- Каго цікавіць мая думка?
- Ну, мяне ж цікавіць, - не адступалася Голубева.
- Вы - не рэжысёр, - залішне рэзка адгукнулася Саня і, каб неяк змякчыць сказанае, дадала: - Акцёры іграюць тое, і так, як бачыць і патрабуе рэжысёр. Сыграць жа мы, як вы разумееце, можам усё што заўгодна.
- Веру. Бачыла. Неаднойчы, - усміхнулася Голубева. - I ўсё ж ёсць - не можа не быць! - у вас і сваё бачанне. Няхай толькі на ўзроўні думкі. Не згоды ні нязгоды - вы ж сыграеце што заўгодна! - а думкі.