- А ў часопісе потым надрукуеце: акцёры іграюць тое, з чым унутрана не пагаджаюцца, - за ўсіх адказала Ганна. - Дык жа не ў гэтым справа. Зусім не ў гэтым.
- У чым жа?
- Таццяна, ты змушаеш рабу Божую Ганну выказацца смялей, чым яна намервалася, - умяшаўся Гукаў, бачачы пэўную насцярогу, а то і прыхаваную пагрозу, як у Сані, у позірках сяброў па сцэне.
- Раба Божая - не раба каго-небудзь са смертных, нават калі ад гэтага «каго-небудзь» залежыць на пэўным прамежку жыцця яе лёс.
Ганя не проста не пагадзілася з заступніцтвам Гукава («Чаго гэта ён так напужаўся?»), а зазлавала: у гаворцы між сабой каменя на камені не цакідалі ад прапанаванай канцэпцыі спектакля, абураючыся, а на пытанне каго старонняга гатовы былі шарахацца і хавацца? Напішуць, не напішуць... Голубева не выдавала дурніцаю, а ў тым, як узіралася яна ў іх, услухоўваючыся ў нявыказанае, яўна бачылася не адно жаданне разабрацца, зразумець, але і гатоўнасць прыняць іх думку, іх разуменне. Калі ўжо чуткі папаўзлі па Мінску...
- Ганя, мы ж не выслухалі нашу госцю, - паспрабавала выправіць сітуацыю Люба. - Мы нават не ведаем мэты яе прыходу ў тэатр. Ёй, пэўна ж, нецікавыя нашы стасункі і погляды. А Эд Саныч...
- Вось ужо каго-каго, а Эд Саныча нашы погляды ніколі не цікавілі і не зацікавяць!
- Факт, - паддакнуў прыме Генік, як, дарэчы, заўсёды рабіў.
- А я думаю...
- Па-а-авел Віктаравіч, - тэатральна ўзвыў Генік, паказваючы на гадзіннік, - давайце проста адкажам на пытанні... Таццяны Васільеўны, і ўсё! I не будзем высвятляць, хто пра што думае.
- Я думаю, - праігнараваў той яго патэтыку, - што тэатр - не балаган, дзе адно скамарохам месца. I трагедыя - хоць старая, хоць сучасная! - не шухры-мухры за будзь здароў, калі можна і жыццё і смерць асмейваць, не азіраючыся на ўласны шлях, не ўзгадваючы пра ўласную смерць, што не сёння, заўтра...
Гукаў адмахнуўся, палез у кішэню пінжака, каб выцягнуць трубку і хоць у пальцах яе пакруціць, як нельга прыпаліць, і нечакана прадоўжыў:
- Нічога звышардынарнага, урэшце, не адбываецца. I калі б табе, Таццяна, часцей выпадала зазіраць да нас за кулісы ці ў грымёркі, тако-о-ога б наслухалася! Ды гаворкі гаворкамі, а работа работай... Спектаклі, як бачыш, ідуць. Рыхтуецца новы... Рэпетыцыі штодня... Што яшчэ?
- Толькі тое, што гэта - рэпетыцыі «Караля Ліра». Упершыню ў гісторыі тэатра.
- Згодны, - павярнуўся да яе Гукаў. - Гэта не шухры-мухры за будзь здароў, І я не адмоўлюся ад ролі Лipa толькі таму, што рэжысёр бачыць караля шутом, старым шутом, які з’ехаў з глузду і аддаў царства, а потым і жыццё, дзеля пацехі публікі.
- О-о-о, штосьці новенькае...
- Старое як свет, - рэзка абарваў ён Геніка, не даўшы сябе перапыніць. - Вось толькі, відаць, дагналі нас часы, калі ўсё - на пацеху, усё - каб публіку весяліць. I не толькі ў тэатры - паўсюль. На плошчах, на экранах, у часопісах... Так, так, так, Таццяна, не ў крыўду табе будзь сказана, і ў часопісах! I да твайго часопіса, як бачна, чарга дайшла...
- 3 чаго ты ўзяў?
- 3 чаго? У тэатр - падчас рэпетыцыі - прыходзіць - упершыню, заўваж! - не хтосьці з аддзела культуры, а намеснік галоўнага... I прычына, як я зразумеў, самая банальная: пайшлі чуткі! трагедыя Шэкспіра прачытваецца, як скамарошы розыгрыш! трупа не разумее рэжысёра!
- Усё так і ёсць, - сказала, як цвік забіла, Ганна.
- I гэта наша ўнутраная справа. Табе так не здаецца? - пакпіла, прыпудрываючы носік, Саня.
- Не знаю, што вам, бабам, здаецца, а мне, старому - і дадам: заслужанаму! - акцёру, раздзьмуты перабудоваю касцёр амбіцый не даспадобы, - сплюнуў Гукаў. - Хутка плюнуць не будзе куцы, каб на генія не патрапіць, а ўся геніяльнасць сяго-таго ў адным слове ўмяшчаецца: брыдота!
- Во дае стары! - буркнуў, схіліўшыся да Сані, Генік.
- Сказанае можна аднесці да новай пастаноўкі ці гэта проста думкі ўслых? - звярталася Голубева ўжо толькі да Гукава, у душы папікаючы сябе за спробу выйсці на гаворку аб тым, што цікавіла, з наскоку, адразу з парога: па усім было відаць, што канцэпцыя спектакля нават тымі, хто заняты ў ёй у галоўных ролях, успрымаецца неадназначна. - Мая цікавасць, павер, падагрэта не чуткамі, і не жаданнем першай ухапіць штосьці смаленае, тым больш - за кошт аўтарытэту акцёраў. Адусюль плыве такое, што і падумаць страшна: а раптам захлынёмся? Не спахопімся своечасова - і захлынёмся брудам, пацехі дзеля... Вось чаму прыйшла да цябе.
- Мо астатнія тут увогуле толькі для масоўкі? - фыркнула Саня і, неяк грэбліва агладжваючы спадніцу, паднялася. - У мяне асабіста - больш ні хвілінкі вольнае.