Выбрать главу

- Канешне, канешне. Прабачце! - на міг схіліла ў яе бок голаў Голу­бева. - Гаворка толькі для зацікаўленых... Так што дзякуй. Дзякуй усім!

Усе, апроч Гукава, падняліся: хто звяраўся з гадзіннікам, хто збіраў свае паперчыны, перш чым развітацца. Ганна, якой муляла застацца (іх жа ўсіх папросту ветліва выправаджвалі), не адразу, але рушыла за астатнімі. Азірнулася на Голубеву: тая схілілася да суразмоўніка і штосьці ціха даводзіла яму, ці то супакойваючы, ці то дапытваючы, і толькі ўзмахнула ру­кой, калі тая заўважыла яе марудлівасць.

- Ты што? Застаешся? - гукнула з калідора Люба.

Куліса захінулася. Стала ціха. Так, быццам сцэна зусім апусцела. Хоць крыху ўбаку ад пляміны святла ў цэнтры сцэнічнай пляцоўкі па-ранейшаму гаманілі двое - жанчына і мужчына. I ў гэтыя хвіліны не мела значэння, што яна - вядомая журналістка, а ён - народны артыст, што гаманілі яны пра адносіны да трагедыі Шэкспіра і мажлівасць поспеху альбо правалу яе пастаноўкі ў Мінску. Голубева нічога не запісвала, стары акцёр нічога не сцвярджаў пэўна і безапеляцыйна - ён, здавалася, увогу­ле страціў усякую цікавасць да нечыяй там трактоўкі, быццам ніколі і на міг не губляў упэўненасці, што Лір на беларускай сцэне будзе такім, якім сыграе яго ён, Гукаў.

***

- Ды хто ён такі, гэты ваш Гукаў? - лена адмахваўся ад гаворкі Глінскі. - Ну, сорак гадоў на сцэне... Ну, народнага яму выбілі некалі... Дык не яму аднаму! А гады - той скарб, што належыць яму, акцёру, а не тэатру.

- Дык жа не сабе пад нос бурчыць, а на буйны паклёп...

- Ты ідзі, Ген. Я сам разбяруся.

Глінскі праводзіў паглядам Геніка да самых дзвярэй, потым лёгкім рухам рукі сцёр з твару пагардлівую усмешку, што нагадвала грымасу, і нягучна, але груба вылаяўся, памянуўшы далёкую прабабку ўсіх на свеце шутоў: і ходзяць, і гадзяць адзін на аднаго...

«Калі б вы ведалі, з якога смецця...» - выплыў з памяці ахматаўскі радок, і Глінскі стомлена адкінуўся на спінку крэсла, прыкрыў вочы, спрабуючы адключыцца ад занадта шэрай і бязрадаснай рэальнасці свайго, па ўсіх мерках, высокага становішча. Рэжысёр... Галоўны рэжысёр... Тэатр - не нейкі там тэатр марыянетак... А ўсё з марыянеткамі меў справу. Што тут, у тэатры, што вышэй.

«Калі б вы ведалі...» Ды ведаў, ведаў ён, з кім меў справу! 3 кім даводзілася мець справу тут, на зямлі, на гэтай смярдзючай грудцы гразі, на якой адно і льга зрэдку пацешыць сябе, спіхнуўшы каго з разумнікаў у змрок апраметнай, каб пад нагамі не блытаўся. Носіцца то адзін хто, то другі з думкаю на кульгавай кабыле яго аб’ехаць на якім з паваротаў шляху, а таго і не падазраюць, што і шлях, і любы паварот яго ў той ці іншы бок не так званай грамадскасцю вызначаюцца, нават не дзяржаўнымі дзеячамі самага высокага кшталту, а імі - такімі, як ён, Глінскі. Абраннікамі. 3 незапамятных часоў, з жыцця ў жыццё, перадавалася гэта права на абранніцтва лепшым з лепшых у іх крузе - і нікому не разарваць гэты круг, покуль стаіць Зямля і кіруюць усім на зямлі грошы. Нікому са смертных.

Змовы, рэвалюцыі, войны, смерці... Калі трэба - мільёны смярцей! План падпарадкавання ўсіх дзяржаў, усіх народаў адной магутнай купцы Абраных прапісаны да дэталяў не сённяшнім днём, не ў апошнім стагоддзі. I - няўхільна выконваўся. Без якіх бы там ні было адхіленняў ці няўвязак. Так было скрозь. I ніхто не мог парушыць - і не парушаў! - рух па ўзведзенай на пачатку часоў лесвіцы здзяйсненняў і перамог, падножжа якой гублялася ў змроку прамінулых тысячагоддзяў. Прыступка за прыступкаю адольвалі яе не народы, як уяўлялася гісторыкам, падманутым грудамі пакінутых ці, дакладней, падкінутых, ім сведчанняў, а Пасвечаныя. Жрацы, Філосафы, Архітэктары, Папы, Пастыры... Hi займаемае месца, ні імя ніколі не мелі значэння! Іерархія выбудоўвалася па іншых прынцыпах, і таямніцу будовы не разгадаў дагэтуль ніводзін разумнік.

Урэшце, таямніца на тое і таямніца, каб, нават высвечаная з таго ці іншага ракурсу промнікам разумення, была здольная тут жа ачысціцца, адкінуць выяўлены фрагмент і зноў замкнуцца, стаць недасягальнай не толькі для позіркаў, але і для думкі. Пасвечаных жа ў таямніцу - у кол, пад уздзеяннем якога адкрывалася б яна хоць адной гранню, - заўсёды было няшмат. Адзінкі. I яны - Зямлі не належалі...

Думкі забуксавалі, і Глінскі ўнутрана насцярожыўся: раптам перайшоў мяжу дазволенага? Міжволі ж паспрабаваў і сябе ўбачыць на лесвіцы іерархіі... Але насцярога праз міг знікла, не закрануўшы свядомасці, і спакой вярнуўся. Хутка ён ужо зноў закалыхваў Глінскага на сваёй плыні: блакітныя ўсплёскі то ўспыхвалі, то злёгку чэзлі, не згасаючы, а быццам аддаляючыся. Аддаляючыся і вабячы, уцягваючы яго ў незнаёмую духоўную пространь.