I - ці тое, пра што думаў, выклікала адпаведную асацыяцыю, ці то збуджанае думкамі ўяўленне ўзялося маляваць жывую, рухомую карціну, але перад паглядам замест кабінета, застаўленага старой, ледзь не даваенных часоў, мэбляю, з’явілася бязмежная ў абодва канцы пірамідальная лесвіца. Яна ні на чым не трымалася, ні на што не абапіралася - проста імкнула адначасова ў абодва бакі. Дакладней, не сама лесвіца ўтварала гэты pyx, а напачатку шматлікі, а потым, з кожнай новай прыступкаю, усё больш разрэджаны людскі натоўп. Натоўп паломнікаў, натоўп прэтэндэнтаў на вышэйшае становішча, агалцелы натоўп вечна галодных і незадаволеных... Вызначаць Глінскі не ўзяўся б, ды і не было на тое ні часу (усё рухалася, мянялася, знікала і зноў узнікала адначасова, аднамомантна), ні выяўленага праз волю жадання. Мільганула думка: дзе ў гэтым натоўпе ён, Глінскі? - ды мільганула і мільганула, згасшы незаўважнай іскаркай у густой цемнай сінечы.
Выява лесвіцы не знікала. Наадварот - быццам набліжалася, узбуйняючы постаці. Мо толькі для таго, каб у нейкі момант убачыў ён твар натоўпу. Менавіта не кагосьці аднаго ў натоўпе, а - натоўпу. I відовішча аказалася мярзотным (якім яшчэ яно магло аказацца?!), калі, здавалася, усе грахоўныя памкненні, уся жывёльнасць людскіх істотаў увасабляліся ў паточаных чорнай злосцю рысах - усе штурхаліся, кожны груба адпіхваў іншага, працярэбліваючы сабе шлях угору, а pyx, быццам замыкаючыся ў самім сабе, не доўжыўся, а закручваўся, скручваўся ў жахлівы клубок брудных, потных целаў. Піхні - і пакоціцца гэты клубок уніз, душачы, трушчачы тых, хто яшчэ не дапяў сюды, на вышыню пагляду...
Няйначай, думка нейкім чынам матэрыялізавалася, увасобіўшыся ў рух, жорсткі сваёй неадменнасцю, - натоўп адхлынуў, клубок целаў абрушыўся ўніз, крышачы ўсё на шляху. Бачылася гэта выразна, ва ўсёй жорсткай рэальнасці імгнення - і здзівіла Глінскага (калі б мог ён усведамляць цяпер здзіўленне) не аголеная, нічым жыццёва неабходным не выкліканая жорсткасць пакарання, не скрыўленыя, а то і вывернутыя невыноснай пакутаю смертнікаў твары збітых з ног, раздушаных гэткімі ж, як самі, гарапашнымі людзьмі, а тое, што ён пазіраў на ўсе з задавальненнем. Хоць калі задумацца...
Задумвацца ён не стаў - не тая мінута, як кажуць. Задавальненне ж, ледзь толькі крайком свядомасці ўлавіў яго, узмацнялася, расло. У нейкі міг з’явілася адчуванне, што гэта ён, Глінскі, з задавальненнем адкідвае, спіхвае з прыступак гэты натоўп, - усё з большай жорсткасцю, усё ніжэй і ніжэй. Пад ногі! У гразь! У ліпкі змрок апраметнай! Туды, адкуль спрабуюць выбрацца!
- Так, колькі б смутку ў сэрцы ні насіў, быць цвёрдым змусяць гэткія часы!
Хто гэта сказаў? Чаму словы раскатам перуна пракаціліся недзе ўгары, асыпаўшы Глінскага халоднымі іскрамі сінечы? Пры чым тут Шэкспір з яго Лірам? Лесвіца...
Лесвіца знікла. Уся карціна, так выразна бачная толькі што, знікла, і цішыня, пэўна ж, была ўяўнаю. Бо вось ужо слых улоўліваў нечыя крокі ў калідоры, гул горада за вокнамі, дзіўнае рытмічнае пастукванне... Не адразу і ўцяміў, што чуе ўдары ўласнага сэрца. Уцяміўшы, глыбока ўздыхнуў і расплюшчыў вочы. Яшчэ падумаў: гэта ад ператамлення, але тут жа схамянуўся, адмахнуўся ад думкі, паспрабаваў аднавіць у памяці сцэну, якую толькі што назіраў аднекуль збоку ці зверху. Хоць мо дакладней: знутры... 3 глыбіні сканцэнтраванасці...
- Эдуард Аляксандравіч, ці можна?
- А-а, - паморшчыўся, пачуўшы голас сваёй прымы, Глінскі і, перш чым устаў насустрач Ганне, даланёю сцёр з твару і самы непрыкметны след раздражнення: з дамамі вечна трэба быць напагатове, каб ненарокам, па неасцярожнасці, не апынуцца раптам перад раз’юшанаю львіцаю. - Заходзь, Ганначка! Цалую ручкі... Цалую ручкі...
Цалаваў ён не ручкі, а шчочкі - ды якое гэта мела значэнне? Ганна адразу адмякла, адтала і... няхай часова, але схавала кіпцікі, якімі ўжо намервалася злёгку паказытаць яму бараду.
- 3 чым да мяне? 3 крыўдаю? 3 просьбаю?
- 3 прапановаю, - какетліва паправіла шалік прыма, усаджваючыся ў крэсла так, каб святло падала на твар крыху збоку. - Не ведаю, чаму ты сам не заўважаеш, што нашы актрысулі ўсё робяць, каб сарваць спектакль і як не цяпер, то падчас прэм’еры выставіць цябе - цябе, цябе, Эдуард, як бы ты да гэтага ні паставіўся! - недавукам і пыхліўцам. Я ўжо не кажу пра сябе!
- А што ў іх да цябе? - задумліва агладжваў бараду Глінскі, разглядваючы актрысу, як разглядваў бы казюрку, злоўленую сачком.
- Як што? Як гэта што? - заёрзала тая пад гэтым цяжкім паглядам. - Нельга сыграць ніводзін на свеце спектакль, калі табе не падыгрываюць партнёры! А тут у цябе гэткія выкрунтасы...