- Ну, якія такія выкрунтасы, радасць мая? Табе было б больш да спадобы проста далдоніць завучаны тэкст?
- Не пра мяне гаворка. Калі гэта я самавольнічала, тваю волю ігнаруючы?
- Было, было, - падняўся Глінскі, каб узяць са шкапчыка выпіўку. - Ды каб не ўспамінаць, - па чарцы каньяку... А?
- Ты мяне не даслухаў!
- Даслухаў, не даслухаў... - разліваў той каньяк. - Чаго і пра каго я ў тэатры не ведаю? Ды мне вядомы ўсе насмаркі і крытычныя дні нашых актрысуль, не тое што іх выказванні ці намеры! Упэўнены, што і яны, як і ты, дарагуша, памятаюць, хто ў тэатры гаспадар, чыя воля пануе з ранку да ночы. За гэта і вып’ем.
- За гэта? - вагалася тая.
- А за што? - пацвельваўся Глінскі, задаволена пасміхаючыся.- Усё жыццё - тэатр, а які тэатр - без рэжысёра? А, дарагуша?
- Нешта ты задужа вясёлы... - так і не выпіла Ганна, насцярожана назіраючы за рухамі Глінскага. - Няйначай, новую ахвяру знайшоў?
- Калі ты маеш на ўвазе новую бабу...
- Пляваць мне на тваіх баб, Эдуард! I даўно! Але калі ты ўздумаў пад руінамі свайго новага спектакля пахаваць маю мару пра новае званне, сцеражыся. Я занадта доўга ішла да яго, зашмат паклала...
- Ні-чо-га ні-ко-лі, дарагуша, ты не клала на алтар поспеху, апроч сябе самой, - наліваў сабе другую чарку Глінскі, - апроч свайго шыкоўнага без апраткі цела. Чаго ж раптам захвалявалася? Спалохалася, што старэеш?
- Ну і свіння ты, Глінскі! - ускочыла яна.
- Хіба я пярэчу? - цадзіў той каньяк, быццам пагладжваючы актрысу паглядам. - Са мной трэба ласкаю... Ці забыла?
- Ды пайшоў ты! - ужо ад дзвярэй кінула Ганна, не адразу вырваўшыся з яго ўчэпістага позірку. - 3 ім, як з чалавекам...
- У тым і памылка, - буркнуў Глінскі, адвярнуўшыся ад дзвярэй, перш чым яны зачыніліся. - У тым і памылка, дарагуша.
Ён узважыў у руцэ добра ўжо перапалавіненую бутэльку, зіркнуў на гадзіннік і, спакойна разваліўшыся ў крэсле, чарговы раз напоўніў чарку...
***
Званіў Стас. I Любу, якая ў кватэры была не адна, хоць і не напалохаў гэты званок, але насцярожыў: занадта пільна ўглядваўся ў яе, у яе жыццё прыблудны паэт, і кіравала ім яўна не толькі пачуццё, што б ён сам ні гаварыў і ні думаў у тую ці іншую мінуту. Няйначай, прыглядваў за ёй. То перастрэне ў горадзе - быццам бы выпадкова, то назвоньвае ледзь не сярод ночы, то вакол дома яе бадзяецца... Канешне, можна было б пайсці на больш рашучыя процідзеянні, сказаць каму... з высокапастаўленых, ды іх Люба, хоць і прымала ў доме, баялася яшчэ больш, чым свайго маладога наглядчыка, і лепш не думаць ні пра яго, ні пра іх, нанач гледзячы.
- Хто там так позна, Любаша? - пачула голас Пекара з ваннай і ўздрыгнула ўсім целам.
- Саня. Сяброўка, - салгала, не задумваючыся, і пагладзіла даўно апушчаную трубку: ці то для большай пэўнасці, ці то з падсвядомым шкадаваннем.
- Я сей мамент! Ты ідзі, ідзі ў спальню.
Загад і ў малой ступені не паходзіў на просьбу, і Любе, якая ціха зглынула ўздых, нічога не заставалася, як прыглушыць святло ў кухні і ісці разбіраць пасцель. Яна спрабавала падключыць, як рабіла звычайна, уяўленне і паставіцца да таго, што адбывалася і прадоўжыцца на працягу наступнай паўгадзіны, як да ролі, - да чарговай ролі, на якую пагадзілася і якую змушана была выканаць, пажадана - без адзінай фальшывай ноты. 3 кожным разам рабіць гэта было ўсё цяжэй: уяўленне прабуксоўвала, душа пачынала пратэставаць... Яе, Любу, выкарыстоўвалі, перадаючы з рук у рукі, і віной таму - яе страх. Так, так! Хацела яна ў тым сабе прызнацца або не, усяму віной - жывёльны страх, у які, як у пастку, загналі яе душу. 3 яе, Любінай, згоды загналі. Напачатку. На самым пачатку, калі ёй, наіўнай, здалося: за поспех на сцэне, за мажлівасць увайсці ў кола набліжаных да ўлады людзей можна ахвяраваць усім, аддаць усё.
3 чаго пайшло? 3 гатоўнасці пайсці на што заўгодна дзеля будучай славы - дзеля славы! Адкуль Любе тады, тры гады таму, было знаць, што з усяго ёй паабяцанага і сотай долі яна не атрымае, што давядзецца расплачвацца сабою ўсё жыццё! - перш за абяцанне, потым заплаціўшы, пачаўшы плаціць - хоць і ў думкаах не трымала, што будзе плаціць, - за страх? За страх, што адкрыецца ўся гнусная падаплёка яе двухмесячнага замежнага ваяжу, дзе давялося «тушыць» сексуальны жар вырваных з дому, з цёплых жончыных абдоймаў чыноўнікаў - аднаго за адным, па чарзе, хаваючы ўласны жах перад тым, што чынілася...
- Як? Ты яшчэ не ў ложку? - перапыніў яе думкі голас Пекара, і Люба, перш чым азірнулася на яго, незаўважна змахнула набеглыя слязіны. - Позна... Так што часу ў нас няшмат.
«Сухажылы, нахабны, упэўнены ў сваёй перавазе арангутанг...» - падумала яна, распранаючыся і прымружваючы вочы, каб не адкрыць, не адкрываць іх потым на працягу усіх наступных хвілін: цела скаралася чужой волі, душа, калі б магла, калі б мела неабходную сілу, пакінула б цела...