- А хто не ведае, стары! Ды выпі, ёш тваю! Выпі і плюнь. Шукаць небажыхарку сярод актрыс толькі паэту ў галаву прыйдзе, а рэальнасць...
- Паслаць бы вашу рэальнасць!
- Вось і пашлі. Адразу палягчэе, - шукаў на стале, чым прыкусіць, і, не знайшоўшы, зноў напоўніў чарку Жлуктаў. - Сюжэт твой і на драму не цягне, не тое што на трагедыю.
Стас моўчкі выпіў, моўчкі пасунуў чарку да Жлуктава, каб той зноў напоўніў яе: лягчэй ад гарэлкі не станавілася, але ж не сядзець як на пахаванні.
Думка зачапіла, і чамусьці стала не па сабе. Якое пахаванне? Каго ён хавае? Што яму раптам убілася ў галаву? Ажно мурашкі па спіне папаўзлі... Міжволі пацягнуўся да ўжо амаль пустой пляшкі, хоць паўнюткая чарка стаяла перад ім.
- Цьфу ты!
- Даўно сплюнуў бы, - адгукнуўся Жлуктаў, хоць увесь гэты час штосьці запісваў на нейкім шматку паперы. - Бабы - толькі бабы, і ў пасцелі...
- Ды што ты ўсё пра пасцель? - ціха, неяк зусім безнадзейна запярэчыў Стас.
- Што азначае толькі адно: да пасцелі ў цябе не дайшло, - пасміхнуўся Жлуктаў крыху грэбліва. - Што, дарэчы, зусім не азначае, што трэба сядзець з пахавальнай мінай.
- I ты - пра пахаванне? - падняў на яго асалавелы пагляд ён.
- Я - пра баб-с! - рагатнуў той. - Хочаш, адну падкіну па-прыяцельску? Не Любаша, канешне, але, павер майму вопыту, хрэн за рэдзьку не саладзейшы.
- Ты не знаеш...
- Я?! Не знаю?! То-ом! Тома! - загукаў той праз увесь пакойчык. - Перадай нам сюды беленькую... Знаеш жа, за мной не заржавее. А то, ёш тваю, тут паэт, таго і чакай, вершамі пачне плакаць...
- Па-эт? Хто тут паэт, апроч мяне? - раўнуў хтосьці з-за дальняга століка, але яго тут жа асадзілі, супакоілі, перадаючы пляшку Жлуктаву.
- Прызнайся: плакаў калі-небудзь вершамі? - адкаркоўваў Жлуктаў бутэльку, адкаркаваў, зноў павярнуўся ўбок буфета. - Тома! Як не згарэў на попел, то аджалкуй нам шашлык з турком, а?
- Шашлык? Не-е-е... - затрос галавой Стас, моршчачыся.
- У цябе не пра шашлык пыталі, а пра вершы, - рабіў сваю справу Жлуктаў, напаўняючы чаркі. - Вершамі плакаць умееш? Як класікі ўмелі некалі?
- Плакаць? Але ж словы...
- Чытай, чытай!
- Пагляд, пагляд... Цяжар іх не ўтрымаць. Чыя ж, урэшце, гэта перамога? Нібы перад душой сваёю строгай стаю як ёсць. А радасці - няма. Ёсць толькі боль. Цяжкі, незразумелы, боль ва ўсім целе, цела ўсяго ўздоўж. I дождж, цяпер ужо бясконцы дождж, там, за акном. I гэты пэндзаль смелы: нічога - за паглядам - не міне, нічога не мяняючы, усё зменіць... 3 малітваю б упасці на калені перад табою - той, на палатне!
Стас чытаў нягучна, але ў пакоі раптам пацішэла, быццам усе ўслухоўваліся ў яго голас. Калі рэзка, крыху ўзвысіўшы голас, закончыў хтосьці непадалёку колькі раз пляснуў у далоні, хтосьці азваўся: «Па-э-эт!», і гул аднавіўся, вечар пакаціўся наезджанай каляінаю. Чокаліся, пілі, гулі, кожны штосьці сваё даводзячы ўсім астатнім, - і каб позірк хто кінуў убок іх століка! Быццам і не гучаў толькі што верш (хоць колькі іх гучала ў гэтых сценах!), быццам і не абарвалася, абарваўшы апошні радок, нейкая тонкая струна ў сэрцы паэта (хто калі зважаў на чыё - ды і на сваё ўласнае! - сэрца?).
Дзіўна, але нават Жлуктаў у першую хвіліну не знайшоў што сказаць, - і гэта ён, драматург, які мог звязаць і развязаць любы вузельчык у любой чалавечай драме!
- Гэта праўда... пра Любу? - выціснуў з сябе Стас, зглынуўшы ўздых.
- Ды ты адзін, хто гэтага не ведаў... Том! Што з нашым шашлыком?
- Я пайду, - падняўся Стас.
Падняўся з такой рашучасцю, што было ясна: утрымліваць марна. I Жлуктаў, якому збрыдла, папраўдзе, іграць ролю цынічнай нянькі, нават спробы не зрабіў. Павярнуўся разам з крэслам, каб прапусціць Стаса, і стаў азірацца, шукаючы, да каго са сваей раскаркаванай пляшкаю прыстаць.
Стас, асалавелы не так ад выпітага, як ад удыхнутага (дым плаваў па пакоі цяжкім брудным ашмоццем), праціскваўся да дзвярэй, ні на каго не пазіраючы, ні з кім не развітваючыся: на гэтым свяце вольніцы і загулу ён быў чужы. Па крайняй меры, сёння.
***
Тое, што Першы не выклікаў яго ў кабінет, а запрасіў прыехаць у нядзелю ў летнюю рэзідэнцыю, Ковача адразу насцярожыла: па ўсім відаць, няпростая размова чакала... Паспрабаваў нават вызначыць мэту падобнага запрашэння ці хоць бы прычыну больш-менш выразную, але потым адмовіўся і ад спробы штосьці загадзя ўразумець, і ад самой думкі пра паездку. Сказана - прыедзе. Не на рыбалку ж запрашаўся: і кастрычніцкае надвор’е не спрыяла, і палітычнае... Палітычнае ўвогул псавалася, пагражаючы якім-небудзь катаклізмам. Прысмак здрады адчуваўся ледзь не у кожным моўленым наверсе слове, і насцярога перапаўзала з аднаго кабінета ў другі - па ўсёй партыйнай вертыкалі. Перашэпты, шушуканні, першыя пошукі запаснога акопа ў выпадку чаго... Не трэба дужа ўзірацца, каб заўважыць, адкуль дзьмуў сіберны вецер.