Выбрать главу

- I выкліча хаос, калі выявіцца, - падумаў уголас Ковач і тут жа папікнуў сябе ў душы за нястрыманасць.

- Хаос... Хаос... - у галовах. I даўно ўжо, - зноў задумаўся Першы на хвіліну, перад тым чым прадоўжыў. - Давераных асоб, з кім мож­на гаварыць больш-менш адкрыта, няшмат. Мажліва, кола іх трэба яшчэ звузіць, пакідаючы толькі самых-самых. Верных - пры любых абставінах. Пры любым павароце падзей. 3 табой першым гавару, Віктар.

- Дзякуй. Я апраўдаю...

- Не спяшайся дзякаваць, бо на цябе ўскладваю немалыя спадзяванні: спатрэбіцца ж не толькі сіла душы, але і сіла волі, і вопыт работы ў органах, і ўменне маніпуліраваць патрэбнымі людзьмі на карысць справы, і актыўна задзейнічаная памяць. 3 гэтага дня - ні слова нідзе не занатоўваць! Увесь распрацаваны план дзеянняў, усе прозвішчы - у схронах памяці. Да таго моманту, калі што якое спатрэбіцца падняць і скарыстаць. Інакш - не тое што кагосьці са сваіх не далічымся, а і ворагаў новых нажывём раней часу. Задача на сёння: калі ўжо і не застацца на кані, то і пад канём, пад капытамі яго не апынуцца.

Не перапыняючы яго, Ковач слухаў уважліва і, як ні дзіўна, усё больш супакойваўся: тое, пра што не мог не думаць усе апошнія гады, набывала выразнасць, думкам адкрывалася новае рэчышча і, як аказалася, не з раз­мытымі брудам і раскаю берагамі, а ўжо ўмацаванымі наколькі магчыма, і цяпер штосьці пачынала залежаць і ад яго, ад яго руплівасці і кемлівасці. Было ж - было, было! - рыхтаваўся шукаць нейкае выйсце самастойна, не давяраючы нікому. Не прызнаўся б, напэўна, у тым самому сабе (з кім жа тады ён працаваў?), а не давяраў, не верыў...

Што ўжо што, а кадэбісцкі нюх яму ніколі не здраджваў: не раз даводзілася пераконвацца, што самыя заўзятыя абаронцы ленінізму і чысціні партыйных шэрагаў без ценю сумнення пакідалі гэтыя шэрагі, здраджваючы і ідэі, і сваім паплечнікам за панюх тытуню... Ну, няхай не за яго, але цана заўсёды аказвалася мізэрнай: ніхто са здрадцаў каму б там ні было ці ча­му б там ні было, па вялікім рахунку, ніколі і нідзе ў свеце не разжыўся на шчасце. Пакуль служылі - служылі. Пайшоўшы на здраду, і ў старых і ў новых гаспадароў выклікалі адно пагарду. 3 тым і жылі. Паблізу ад Крамля ці ў адной з рэзервацый заходняга раю, значэння не мела: на ду­шу - на тое, што ўжо пушчана на распрадажу, - ніхто больш не квапіўся...

Думкі не перашкаджалі Ковачу ўважліва слухаць і запамінаць пачутае. Першачарговыя дзеянні, праверкі, сустрэчы, прозвішчы, банкаўскія рэквізіты... Усё вымагала канспірацыі, усё запатрабуе дадатковых высілкаў: спатрэбяцца не толькі рашучасць, адкрытая і непахісная, але і хітрасць. Абыгрываць жа збіраліся вядомых ігракоў і на іх полі, што заўсёды таіла небяспеку: любая ўцечка інфармацыі магла прывесці да краху. Не да пройгрышу, а менавіта да краху, і таму вывяраць і ўзважваць кожны pyx, кожнае слова давядзецца пастаянна: чым менш пасвечаных, тым лепш.

- Чым менш пасвечаных, тым лепш, - пацвердзіў, замацаваў гэту думку Першы, завяршаючы гаворку.

- Ёсць.

- Застацца на абед не запрашаю: яшчэ адна сустрэча наперадзе. На развітанне скажу: думай. I дзейнічай. Так, як вызначана, - з асцярожнасцю, але няўхільна. Спатрэбіцца - знойдзецца мажлівасць сустрэцца і пагаварыць.

- Ёсць, - зноў адгукнуўся Ковач.

- Не мы распачалі новарэвалюцыйную гульню, мы павінны ў той ці іншай ступені яе выйграць. Бо калі прайграем - і падчыстую! - адыграцца не дадуць.

«Не дадуць...» - пагадзіўся ў думках Ковач і потым, не адразу заўважыўшы, што думка не адпусціла, што два гэтыя словы перакочваліся ў мазгах і хвіліну, і другую, і трэцюю: не дадуць!

Машына з дазволенай хуткасцю рухалася ў накірунку горада, пакінуўшы ззаду асенні дождж, залітыя дажджом алеі загараднай сядзібы, доўгую гаворку з кіраўніком рэспублікі ўбаку ад чужых вушэй, а ён ніяк не мог пераключыцца на новую хвалю часу, на запозненую нядзельную раніцу, якая быццам не хацела аддаваць свае правы новаму дню.

***

- Што да сумленнасці - яна ў цане, тым большае, калі манарх здурнеў... - другі раз, быццам смакуючы, паўтарыў шэкспіраўскую фразу Гукаў, кіруючыся да выхада. Потым, перш чым выйшаў, азірнуўся на Любу, якая ўсё яшчэ корпалася ў сваім кутку. - Штосьці згубіла, Любаша?