Выбрать главу

- Ды завушніца недзе падзелася... Шкада будзе, калі не знайду.

- 3 маім зрокам дапамагчы не здолею.

- Не, не! Я зараз... Дзякуй! - Люба стомлена прысела на крэсла, на хвіліну прыкрыўшы вочы. Калі ж паднялася, вырашыўшы спыніць пошук, па ледзь заўважным бліску на падлозе адразу ўбачыла непадалёку тое, што шукала. Уздыхнула і, забыўшыся на завушніцы тут, на сцэне, скіравалася ў грымёрку: усе, відаць, разышліся, і яна спакойна, не спяшаючыся, прывядзе сябе ў божы выгляд.

Чамусьці ўзрадавалася, з калідора ўчуўшы Санін голас з грымёркі: з кімсьці яна размаўляла на павышаных танах... Яшчэ праз колькі крокаў стала выразна чуваць, з кім. 3 Ганнай. I тая ўзгадвала яе, Любіна, імя, што змусіла насцярожыцца, прыцішыць крокі і ўслухацца ў галасы: чым яна зноў некаму не дагадзіла?

- Ды адна ты і не ведаеш - ці прыкідваешся, што не ведаеш, - прычыны гэтае ўвагі, - пагардліва прамаўляла Ганна, раз-пораз хмыкаючы.

- Прычына адна: талент. Большы, чым у каго б там ні было, - у мя­не, у цябе... Вось і душыць жаба зайздрасці, вось і плятуць абы-што!

- Як жа! Плятуць... Ды са шлюхамі лепш абыходзяцца, чым з на­шай Любашаю!

- Ну і гнусь жа ты, Ганна! Баішся, што яна, маладзейшая і больш таленавітая, цябе з авансцэны ў цень адсуне? Што не цябе, а яе хутка прымаю будуць называць, узнагародзіўшы званнем народнай артысткі?

- А што? Ужо пра званне гаворка ідзе? - хіхікнула тая. - Неда-а-ца-ніла яе, аказваецца? Думала: за так, за пустыя абяцанкі кватэру сваю ператварыла ў таемны бардзель для чыноўных кабялёў, а ёй усё-ткі вырашылі заплаціць...

- Ды ты... Ты! - захлынулася гневам Саня. - На сябе азірніся! Выеш, як сука старая, не здольная ўкусіць ці хоць бы прылюдна абгаўкаць, а сваіх кабялёў ці палічыла? Ці падлічвала калі?

- Хто з нас не грашыў! I не ў падліках справа, - падкрэслена спа­койна зрэагавала на яе выпад Ганна. - Вось сяброўку кінулася абараняць, а хіба ты - ці я! - не выбіралі, з кім спаць, з кім гуляць. А ў яе, дурніцы, нават не спыталі. Не пытаюцца...

Люба, якая стаяла, прыпаўшы да сцяны, перад самымі дзвярыма, не зачыненымі, а толькі прычыненымі (таму і чула ўсё выразна), адчувала, што вось-вось страціць прытомнасць: у чым, у чым, а ў тым, што тычылася таямніцы яе паводзінаў з высокапастаўленымі асобамі, яна і думкі не дапускала пра іх няпэўнасць ці, тым больш, адкрытасць для ўсіх і кожнага. Канфідыцыяльнасць ёй была абяцана... канфідыцыяльнасць і падтрымка ва ўсім...

«За што? За што?!» - білася ў ёй, разбіваючыся ў кроў, душа, даўно ўжо і так у шышках і драпінах ад сумненняў і няпэўных апраўданняў, і Люба прыціскала абедзве рукі да грудзей з усёй сілаю, на якую цяпер бы­ла здатная, каб утрымаць сэрца, каб утрымацца на нагах і змусіць сябе зрабіць колькі крокаў - у пакой ці прэч ад яго.

- Ды калі хочаш ведаць, - спрабавала прыцішыць голас Ганна, бо но­ты былі такімі высокімі, што ўжо нагадвалі віск, - любы з чыноўных кабялёў адмовіцца ад яе і ўсяго, што ёй наабяцаў, калі ўзнікне хоць самая малая пагроза спакою, упэўненасці ў яе маўчанні. Калі раптам хто-небудзь...

- I гэты «хто-небудзь» - ты?! - ускочыла Саня так рэзка, што перакінулася крэсла. - Пайшла прэч!

«Пайшла прэч... прэч... прэч...» - перакочвала гэты крык па калідоры рэха. Усё цяжэй і цяжэй. Прыгінаючы, прыціскаючы Любу да сцяны. Перш - да сцяны, потым - да падлогі, на якую апаўзала, асоўвалася яна, чапляючыся за свядомасць, як чаплялася б за апошнюю саломінку, і адштурхоўваючы чарнату. Чорную даўкую цішыню...

Дзіўная гэта была цішыня: ні воднага згуку не чула болей Люба ні з-за прычыненых дзвярэй грымёркі, ні з калідора ў абодва бакі ад яе, але, узнікшы немаведама адкуль, набліжалася, нарастала музыка, якую ўсё больш заглушаў барабанны перастук. Бам-бам, бум-бум! Бам... бам... прэч... прэч... Хто і куды яе праганяў? Што ад яе патрабавалі? Падняцца? Ісці? Бегчы... уцякаць...

Апошняе слова, апошні сколак думкі ярка ўспыхнуў, высвеціўшы недзе па-за свядомасцю карціну сонечнага зімовага ранку, праз які, выдзіраючыся з рук ганіцеляў, бегла яна, Люба. Захлыналася марозным паветрам, але бегла, уцякала, пакідаючы ззаду, на белым снезе, перш шматкі садранага, разадранага адзення, потым - ярка-чырвоныя і ўсё больш буйныя кроплі крыві. Яна крычала (ці гэта толькі здавалася ёй?), плакала - а снежны цалік перад ёю шырэў і шырэў, зліваючыся з краямі далягляду, з небам...

***

Прэм’ера «Караля Ліра» фурору не выклікала. Ці то таму, што чуткі самага рознага шкталту распаўзліся па Мінску задоўга да яе і сёй-той з на­чальства, перастрахаваўшыся, не прыйшоў. Ці то таму, што тэатральныя крытыкі як змовіліся не выказваць ацэнак, пакуль публіка не разбярэцца, што да чаго, і ў прэсе з’явіліся толькі кароткія паведамленні: спектакль адбыўся... заняты ў галоўных ролях... цікавая рэжысура... I ўсё на тым. На­ват Эвеліна, якую Глінскі столькі абходжваў і агладжваў у свой час, не азвалася. Хоць на яе выходзілі... прапаноўвалі... Ён сам званіў! Няўжо ўзапраўду ў нечым памыліўся?