Выбрать главу

- Эд Саныч, да вас...

- Можна без прадстаўлення, - адным рухам галавы, здалося, адцясніла, выцесніла з дзвярэй сакратарку Эвеліна, высокая, мажная і, як заўсёды, грацыёзная ў сваім наймодным футры і футравым шыракаполым капелюшы. - Упэўнена, што мяне чакаюць.

Глінскі падхапіўся раней, чым усвядоміў сказанае, рушыўшы насу­страч знакамітай крытыкесе з усёй магчымай да сябе галантнасцю: з Эвелінай трэба было іграць па яе правілах, не інакш, калі не хацеў прайграць загадзя.

- Якая радасць! Які сюрпрыз! - прыклаўся да абедзвюх яе рук Глінскі. - Не паверыш, але толькі што думаў пра цябе.

- Чаму ж не паверу? - скінула яна футра, якое, калі б гаспадар не падхапіў на ляту, упала б на падлогу. - Я нават ведаю, my dear, як я выглядала ў тваіх думках.

- Зусім так, як цяпер, - падсоўваў ён крэсла. - Варта ўзгадаць толькі імя - Эвеліна! - і ніводзін эпітэт нічога не дадасць і не зменіць. Кава?

- Каньяк! Памятаю, у цябе вадзіўся...

- Для самых дарагіх гасцей!

- Нязвыкла бачыць цябе няўпэўненым ў чымсьці, - так нечакана, што Глінскі ледзь чаркі не ўпусціў, падсумавала яна першыя хвіліны сустрэчы. - Што - не так? Ці ўсё - не так?

- Госпадзе, Эвеліна! - узмаліўся той. - Ну прыкрый трапяткімі вейкамі свой няўмольна востры позірк хоць да таго моманту, калі ў чарках каньяк забулькае. Потым - усё, што заўгодна. Бі! тапчыся! здзекуйся! - я ўвесь твой...

- А то мне табе расказваць, што найбольшае пакаранне для маста­ка - маўчанне. Сцяна маўчання вакол зробленага, - няспешна прамаўляла Эвеліна, назіраючы за рэжысёрам, за тым, як ён рыхтаваў няхітры пачастунак. - Сцяна, нават штучна, з загадзя спланаванае нагоды, узведзеная, - усё-ткі сцяна: ілбом упёршыся, яе не паваліць. I гэткаму ўпёртаму казлу, як ты, Эдуард, не паваліць...

- Мо па старой дружбе, - усаджваўся той паблізу, - скажаш, кім спланаванае? Хоць... - прыўзняў сваю чарку, схіляючы голаў у яе бок, - хоць і так ясна.

- А калі ясна, то чаму ніякіх захадаў не робіш? Чаго чакаеш? - павольна, па глыточку, яўна смакуючы, адпівала яна прапанаваны каньяк.

- Што я, па-твойму, павінен рабіць?

- Ну-у, my dear! Не мне цябе вучыць.

- Зняць спектакль?! - прыўстаў Глінскі.

- Зняць.

- Пасля столькіх месяцаў працы над ім... - зжыраў ён Эвеліну паглядам.

- Ты забыў адзін з неабвержных законаў: варта прызнаць пройгрыш раней, чым пра яго загавораць усе навокал, - і ты ў выйгрышы. Паўза зацягваецца, Эдуард.

- Эвеліначка, я веру табе, як Богу, але ж... - не закончыў ён фразы, быццам наткнуўшыся на яе цяжкі позірк. - Няўжо ўсё так кепска?

- Не сёння-заутра рассыплецца савецкая імперыя. Доўгі шлях барацьбы за гэта завяршаецца. Вось-вось завершыцца! - дзе фарсам, дзе трагедыяй, а дзе і крывёю... На казку попыту не будзе. A і будзе - не на старую, раз­мытую слязьмі скамароха, а на новую, поўную жахаў і вольніцы. I дзівіць не тое, што ты звярнуўся да старога як свет, сюжэта, а тое, што не змог павярнуць яго ў наш час, у сённяшнюю рэальнасць. I гэта ты, Эдуард! - які можа практычна ўсё. Штосьці здарылася? Стаміўся? Страціў арыентацыю?

- Спачуваеш ці абвінавачваеш? - напоўніў ён сваю чарку, не прапаноўваючы (ведаў, што п’е толькі адну) Эвеліне.

- А ты чаго чакаеш? Спачування?

- Падтрымкі. Як раней. Як заўсёды.

- Хочаш ведаць, што я думаю? - гарэзліва абапёршыся локцем на стол, нахілілася яна ў яго бок. - Дык вось, думаю я, my dear, пра тое, што сёння выносіцца на авансцэну, на святло пражэктараў, усё тое, што ўтойвалася, заганялася ў падтэкст, - і выносіцца смела, без аглядак на ідэалагічныя нормы і наштампаваныя традыцыі. Вычышчаць! разбураць! вынішчаць! - вось выклік для наступных дзесяцігоддзяў, і панясе штандар - ужо нясе! - мастацтва.

- Нават з тваіх прыгожых вуснаў, Эвеліна, гучыць пагрозліва, - прайшоўся па пакоі, потым зноў апусціўся на крэсла Глінскі. - Вось толькі што вынішчаць, як усё, дагэтуль не вынішчанае, прагніло да кораня?

- Корань!

Глінскі і брывом не павёў на яе рашучае сцвярджэнне, але ўнутрана насцярожыўся і стаў узірацца ў даму ўважлівей: Эвеліна іграла, як здалося ў той момант, не сваю ролю. Але калі не сваю, то чыю? I чаго чакала ад яго? Якой рэплікі? Якой рэакцыі?

- Ты ж разумееш, my dear, не наш корань, а іхні, - спакойна пацвердзіла Эвеліна сказанае толькі што залішне эмацыянальна, з лёгкай усмешкаю назіраючы за рэжысёрам, які яўна не чакаў ні такога павароту гаворкі, ні таго, што загаворыць з ім пра гэта яна, жанчына. - I тут шэкспіраўскай метафорыкі мала. Метафарай нашага часу павінна стаць штосьці, накшталт: Богам абранаму народу - Богам створаны свет!